Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці асуджаных у Беларусі за наркотыкі пішуць скаргу ў ААН


Гарадзенскі “Рух маці 328". Архіўнае фота
Гарадзенскі “Рух маці 328". Архіўнае фота

«Рух маці 328», створаны ў 2015 годзе ў Горадні, не рэгіструюць. Першы раз падавалі дакумэнты ў абласное ўпраўленьне юстыцыі. Апошні раз — у сьнежні, на старшыню Вярхоўнага Суду Сукалу — наглядную скаргу, але зноў адмовілі.

Гэта была апошняя інстанцыя. Паводле адной з арганізатарак руху Ларысы Жыгар, уладам не падабаецца, што ў назьве арганізацыі ўказаны нумар артыкулу Крымінальнага кодэксу 328; яны таксама лічаць, што нельга займацца дабрачыннай дзейнасьцю, пра якую гаворыцца ў статуце. У інтэрвію Свабодзе Ларыса Жыгар сказала:

«Цяпер падрыхтавалі дакумэнты ў Камітэт правоў чалавека ААН. Нас ужо пачулі раней: мы пісалі зварот да спэцдакладчыка пра Беларусь Міклаша Харасьці. Там было семсот ці васямсот подпісаў. Мы ведаем, што ў абласьцях выклікалі пракурораў і казалі, што, хоць „Рух маці“ не зарэгістравалі, ён выйшаў на міжнародны палітычны ўзровень. І пачалі да нас сям-там прыслухоўвацца. Асабліва радуе, што і дэпутаты. Яны зрабілі велізарную працу, правялі маніторынг па абласьцях і прыйшлі да высновы, што ўсё ж маці не галаслоўна гавораць. Мы прывялі мноства прыкладаў. І яны зразумелі, што ў заканадаўстве сапраўды прабел і яго трэба мяняць».

Незарэгістраваны «Рух маці 328» стараецца зьвярнуць увагу ўладаў на прабелы ў Крымінальным кодэксе. Рух аб’ядноўвае маці, сыны якіх трапілі ў зьняволеньне паводле артыкулу 328 — за наркотыкі.

Ларыса Жыгар кажа, што дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, да якіх зьвярнуўся «Рух маці 328», далі адказ, што заканадаўства будзе пераглядацца ў веснавую сэсію.

Ларыса Жыгар
Ларыса Жыгар

«Якія патрэбны зьмены? Перш за ўсё, дагэтуль да асуджаных паводле артыкулу 328 амаль не выкарыстоўвалася ўмоўна-датэрміновае вызваленьне — УДВ і зьмена рэжыму ўтрыманьня. Іх быццам гэта не датычыла, хаця, як аказалася, згодна з артыкуламі 90, 91 КК яны падлягаюць УДВ і замене рэжыму. Але практычна гэтага ніхто не выкарыстоўвае».

На што яшчэ зьвяртаюць увагу дэпутатаў актывісткі руху? Жыгар кажа:

«Мы паставілі пытаньні: што трэба зьмяніць у заканадаўстве ў артыкуле 328. Напрыклад, павінен абавязкова быць падзел па вазе, што датычыць наркотыкаў. Грам ці, скажам, вагон — гэта розныя рэчы. А тэрміны даюць часам практычна аднолькавыя. Гэта мы прасілі зьмяніць.

Перагляд спраў павінен быць абавязкова. Ну вось як гэта: падчас папярэдняга сьледзтва пішуць — у нявызначаным месцы, у нявызначаны час нявызначанай асобай, як мяркуецца, з мэтай збыту... Гэтых „як мяркуецца“ не павінна быць. Гэта ўсё ж асабліва цяжкі артыкул. Павінна быць стапрацэнтная доказная база. Кантрольныя закупкі, памечаныя грошы, апэратыўна-вышуковыя мерапрыемствы. А ня проста са слоў нейкага сьведкі — як сказаў, так і запісалі».

Яшчэ адна праблема, на якую зьвяртае ўвагу «Рух маці 328», расказвае Ларыса Жыгар, наступная: «Трэба, каб ніжняя мяжа тэрміну зьняволеньня была ад трох гадоў, а не ад васьмі адразу. Хоць некаторыя маці нам кажуць: у вас восем гадоў, вам пашанцавала, цяпер даюць 12-13 і 15 гадоў».

На гэтым тыдні Ларыса Жыгар вярнулася са спатканьня з сынам Максімам у калёніі № 22 «Воўчыя норы». У калёніі ўтрымліваюцца больш за тысячу чалавек, усе з артыкулам 328.

Яе сын ужо адбыў чатыры з паловай гады зьняволеньня. Цяпер паступае менш новых, бываюць заезды з аднаго-двух чалавек. У бараках «сэкцыі» (спальныя памяшканьні для зьняволеных) перапоўненыя. Замест 15-16 чалавек там 20 і болей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG