Блогер Аляксандар Лапшын абскардзіў у Вярхоўным судзе Беларусі сваю экстрадыцыю ў Азэрбайджан. Пра гэта паведамляе агенцтва «Інтэрфакс» са спасылкай на прэс-службу суду. Там ўдакладнілі, што скарга будзе разгледжана ў аўторак, 7 лютага.
Блогер з грамадзянствам Ізраілю і Расеі Аляксандар Лапшын быў затрыманы ў Менску 14 сьнежня як асоба, абвешчаная ў міжнародны вышук. Менскі суд арыштаваў яго на 2 месяцы. Блогер знаходзіцца ў «чорным сьпісе» азэрбайджанскага Міністэрства замежных справаў за наведваньне Нагорнага Карабаху, але, нягледзячы на гэта, прыяжджаў у Баку. Азэрбайджан абвясьціў яго ў міжнародны вышук за парушэньне закону аб дзяржаўнай мяжы і міграцыйнага заканадаўства.
17 студзеня намесьнік генпракурора Беларусі Аляксей Стук вынес рашэньне аб экстрадыцыі блогера ў Азэрбайджан. Апэляцыя адвакатаў Лапшына на гэтае рашэньне была адхіленая 26 студзеня Менскім гарадзкім судом на паседжаньні ў закрытым рэжыме.
Супраць экстрадыцыі Лапшына выказаліся прадстаўнікі ўладаў Расеі, Ізраілю і Армэніі. Справу блогера таксама пракамэнтаваў прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША. «Хоць пытаньні экстрадыцыі блогера Аляксандра Лапшына тычацца адпаведных краінаў, але ЗША нагадвае пра неабходнасьць абараняць свабоду слова», — сказаў прэсавы сакратар Дзярждэпартамэнту Джон Кірбі, адказваючы на пытаньне падчас брыфінгу 17 студзеня.