Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Джэры-Лукашэнка супраць Тома-Пуціна і нацыянальная ідэя


Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Выступленьне прэзыдэнта было гэткім жа яркім, які доўгім. Россып афарызмаў, вал эмоцыяў, фэхтаваньне з апанэнтамі (праўда, ня зь «пятай калёны», але не будзем прыдзірацца) - словам, амаль як у дні, калі Аляксандр Лукашэнка «дзіцем стаў прэзыдэнтам».

І пытаньні, якія задаюць беларусы сабе і ўладзе, збольшага прагучалі. Але замест вечнага пытаньня «што рабіць» прэзыдэнт адказваў, як правіла, на таксама важнае, але іншае пытаньне - «хто вінаваты».

Асабліва яскрава гэта выявілася, калі Лукашэнка выкладаў сваё бачаньне бягучага няпростага стану адносінаў з Расеяй. Некаторыя чакалі, што будзе ўрачыста абвешчана аб нейкім кардынальным, лёсавызначальным павароце ў адносінах з усходнім суседам-саюзьнікам.

І акрамя сэнсацый цалкам хапала агульнага кантэксту двухбаковых адносінаў для трывог і роздумаў.

Рашэньне Расеі аб стварэньні памежных зонаў, інфармацыйныя ўкіды аб намеры Беларусі выйсьці з АДКБ і ЭАЭС падагравалі гэтыя чаканьні. Але і акрамя сэнсацый цалкам хапала агульнага кантэксту двухбаковых адносінаў для трывог і роздумаў.

І што ж было сказана? Што шэф ФСБ Бортнікаў самавольна стварыў гэтыя самыя памежныя зоны ў парушэньне саюзных дамоўленасьцяў, што віцэ-прэм'ер РФ Дварковіч (неназваны) вешае на Беларусь несправядлівы доўг за газ, што «Газпром» цягне свае алігархічныя лапы да кашалька беларусаў. Ну а кіраўнік Рассельгаснагляду Данкверт - наогул пачвара і месца яму ў беларускай турме.

Пры гэтым дыялёгі Лукашэнкі з Пуціным у перакладзе беларускага прэзыдэнта нагадвалі дыснэеўскі мульцік «Том і Джэры», дзе роля недарэкі Тома, якога вечна пабівае зух Джэры, выконваў гаспадар Крамля.

Словам, маскоўскі цар баяраў сваіх распусьціў, робяць, што хочуць, царскай волі ў Расеі няма, ёсьць толькі карысьлівыя інтарэсы вялікіх і малых чыноўнікаў.

Асаблівы кантраст з заявамі Лукашэнкі, што ўсе дзеяньні беларускага міністра замежных спраў Уладзіміра Макея - гэта дзеяньні прэзыдэнта, а зьнешняя палітыка Беларусі - гэта зьнешняя палітыка прэзыдэнта.

А можа і дзеяньні таго ж Данквэрта - таксама палітыка прэзыдэнта, толькі расейскага? Калі так, то каго ж тады варта саджаць?

Расповеды пра добрага Пуціна, дрэнных расейскіх алігархаў і сквапны «Газпром» нядрэнна ішлі на публіку ў нулявых гадах. На беларускую, ды і на расейскую таксама. Нават яшчэ ў 2010 годзе ішлі.

Зусім ня факт, што такія тлумачэньні так ужо пераканаўчыя для расейцаў.

А вось пасьля Крыму... Зусім ня факт, што такія тлумачэньні так ужо пераканаўчыя для расейцаў. Па-першае, адкуль яны пра гэта даведаюцца? Цяперашняе расейскае тэлебачаньне вельмінепадобнае да таго, якое было ў нулявыя. А, па-другое, а адкуль вынікае, што расейцы павераць у вобраз слабака ў Крамлі, якім іх частуе Лукашэнка? Гэта тыя славутыя 86% павераць? Ну, шчасьлівы той, хто верыць.

Але цікавей - а як наконт беларусаў? Магчыма, яны нават павераць у расповедыпра свавольнікаў Бортнікава і Дварковіча і злыдня Данкверта. Але газавы канфлікт цягнецца ўжо больш за год, нафтавы - больш за паўгода, скандал зь непрыездам Лукашэнкі на саміты ЭАЭС і АДКБ - нядаўні, але не вырашаны да гэтага часу. А тут яшчэ і мяжа на замку. Ну пакуль не на замку. Але да таго ідзе.

Добра, прымем, што рускі цар - слабак, баяры яго сваволіць. Хай так і ёсьць. І якія практычныя высновы вынікаюць з гэтага? І што будзе далей?

Было сказана, чаго не будзе. Беларусь ня будзе выходзіць ні зь якіх інтэграцыйных утварэньняў з Расеяй, Беларусь прыме ў гэтым годзе сумесныя вучэньні з расейскімі войскамі, гэтыя вучэньні ніякай небясьпекі для Беларусі ў сабе не заключаюць. Прынамсі апошняе бясспрэчна цешыць. Астатняе - каму як, ёсьць розныя меркаваньні.

Заява, што Беларусь застанецца ва ўсіх інтэграцыйных утварэньнях, ніяк не адказвае на пытаньне, а як жа ў іх будуць далей ісьці справы.

Але заява, што Беларусь застанецца ва ўсіх інтэграцыйных утварэньнях, ніяк не адказвае на пытаньне, а як жа ў іх будуць далей ісьці справы. І адказу так і не прагучала за ўсе сем з паловай гадзінаў выступу Аляксандра Лукашэнкі.

У сувязі з гэтым цікавы адказ прэзыдэнта на пытаньне пра нацыянальную ідэю. З нагоды пытаньня ён паскардзіўся, што за столькі гадоў ідэя так і не далася яе шматлікім вынаходнікам.

І рэч ня ў тым, што няма гладкіх і пустых формулаў, накшталт прапанаваных аглядальнікам БТ у яго пытаньні.

«Не знайшлі пакуль такога, каб гэтая ідэя ўдарыла усіх па мазгах і па сэрцы. Я таксама пакуль не магу нічога прапанаваць, і пакуль жывём, як жывём, без гэтай ідэі. Яе няма», — сказаў Лукашэнка.

Удалая фармулёўка крытэра. І, напэўна, можна пагадзіцца - ёсьць ідэі, якія «ўдараюць па мазгах і па сэрцы» многіх беларусаў, ёсьць ідэі, якія па сутнасьці наогул нікога ні па чым не «ўдараюць». Ну і ёсьць сам Лукашэнка зь яго здольнасьцямі прамоўцы, валявымі якасьцямі, аўтарытарызмам і многім іншым. Але ідэяй ён не зьяўляецца па вызначэньні.

Жаданьне абзавесьціся падобнай ідэяй - не зусім пустыя летуценьні. Вось той жа канфлікт, дакладней, гронка канфліктаў з Расеяй.

А можа і ня варта задзірацца зь ёй - ну заплацім даражэй за газ, ну адменім гэты бязьвіз, ну палюбім ДНР. Гаворыцца ж, здаецца - адзін народ. Зусім-зусім адзін, праўда?

Ці наадварот - ды зачыніцца ад гэтай Расеі, ды далей ад саюзаў з ёй, мы - эўрапейцы. Альбо так - мы не здадзімся, мы не схілім галавы. А чаму перад Масквой і ня схіліць?

Абодва варыянты - ідэйныя. Якія сыходзяць з процілеглых ідэяў, але менавіта ідэяў.

Звычка да таго, што Лукашэнка неяк выкруціцца, прыдумае нешта, неяк дамовіцца.

А што ўзамен? А сем з паловай гадзінаў «вялікай размовы». У практычным пляне - звычка да таго, што Лукашэнка неяк выкруціцца, прыдумае нешта, неяк дамовіцца. А акрамя Лукашэнкі? А калі не выкруціцца, ня прыдумае, не дамовіцца?

Тады што «ўдарыць ўсіх»? Не, лёгка сказаць, што мы калі і не адзіны народ, то блізкія расейцам, але ў той жа час і Эўропе не чужыя. Што мы за ўсё добрае. Мілая справа. Ну так - і адно праўда, і другое праўда, а як зрабіць з гэтага зьмястоўны сплаў? Каб «ударыў усіх». У крайнім выпадку - каб пры неабходнасьці паміраць і забіваць за гэта.

Ну а калі няма гэтага сплаву, у грамадзтве няма, дык можа таму адказам Лукашэнкі на пытаньне пра стасункі з Расеяй і стаў займальны сюжэт дыснэеўскага мульціка, разыграны на фоне крамлёўскіх вежаў.

Перадрук з парталу TUT.BY

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG