Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіст, які ня быў на акцыі, засуджаны і ня можа давесьці, што ён «не вярблюд»


Валеры Мінец
Валеры Мінец

Абласны суд не задаволіў скаргі лідзкага актывіста Валерыя Мінца на рашэньне Лідзкага раённага суду, паводле якога ён быў аштрафаваны за ўшанаваньне памяці паўстанцаў 1863 году на пяць базавых велічынь — 105 рублёў.

Паводле рашэньня Лідзкага раённага суду, Валеры Мінец быў прызнаны вінаватым ва ўдзеле ў незаконным масавым мерапрыемстве 30 кастрычніка мінулага году ў Сьвіслачы. У сваёй скарзе ў абласны суд Мінец напісаў, што рашэньня Лідзкага раённага не прызнае.

Перад абласным судзьдзём ён яшчэ раз патлумачыў, што падчас разгляду справы сьведкі-міліцыянты лжыва сьведчылі супраць яго. На мерапрыемства ён спазьніўся і прыехаў у Якушоўку пасьля таго, як яно было скончанае. Аб гэтым, паводле Мінца, сьведчаць і запісы на некалькіх відэакамэрах міліцыянтаў — Мінца не было ні на адным з запісаў.

Aгульны здымак удзельнікаў акцыі побач з помнікам Каліноўскаму ў Сьвіслачы
Aгульны здымак удзельнікаў акцыі побач з помнікам Каліноўскаму ў Сьвіслачы

«Калі мерапрыемства скончылася і ўжо нават былі выключаныя міліцэйскія камэры, я быў яшчэ кілямэтраў за 20 ад Якушоўкі. Не адмаўляю, што прыехаў туды і сфатаграфаваўся побач з крыжам, што стаіць на сядзібе Каліноўскіх. Але гэта ўся мая датычнасьць да таго, што ў судзе назвалі незаконным масавым мерапрыемствам», — сказаў у абласным судзе Валеры Мінец.

Мінец таксама абгрунтаваў неаб’ектыўнасьць разгляду раённым судом ягонай справы тым, што лідзкі судзьдзя Сяргей Піпка не задаволіў ягонага хадайніцтва запрасіць у кампаніі Velсom геалякацыйныя дадзеныя ягонага пахвіліннага знаходжаньня на той час, калі адбываліся мерапрыемствы ў Якушоўцы.

Судзьдзя абласнога суду Рачынскі не прыняў гэта да ўвагі і пакінуў рашэньне Лідзкага суду бязь зьмены.

Валеры Мінец, камэнтуючы Свабодзе рашэньне Гарадзенскага абласнога суду, зазначыў, што яно было чаканым.

«Ну гэта ж відавочна, што дастаткова было хоць крыху ўнікнуць у справу, запрасіць тыя самыя дадзеныя геалякацыі, і гэта было б больш дакладным сьведчаньнем, чым тое, што казалі сьведкі-міліцыянты. Але гэта судзьдзі было не патрэбна. Працягваецца ціск улады на любых палітычна актыўных людзей, вядзецца палітыка запалохваньня і штрафаў-спагнаньняў у дачыненьні іх. І гэта падкрэсьлівае, што мы дзейнічаем у правільным кірунку, а гэтая ўлада нас баіцца».

Праваабаронца Ўладзімер Хільмановіч, які прысутнічаў у судзе, зазначыў, што гэта ўжо сёмая скарга на прысуды за ўшанаваньне паўстанцаў 1863 году ў Сьвіслачы. Паводле яго, суды вынесьлі рашэньні, штрафы па якіх складаюць больш як 4 тысячы даляраў, і спадзявацца на іх адмену няма ніякага сэнсу. Але, паводле яго, многія настроены давесьці справу да Камітэта правоў чалавека пры ААН.

Уладзімер Хільмановіч
Уладзімер Хільмановіч

Паводле маніторынгу гарадзенскіх праваабаронцаў, за ўшанаваньне паўстанцаў Каліноўскага ў Сьвіслачы ў 2016 годзе аштрафавалі 18 чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG