Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыянэр са Жлобіна дапамагае скарачаць ідэолягаў, і ня толькі іх


Валер Рыбчанка
Валер Рыбчанка

Грамадзкі актывіст, кіраўнік Жлобінскай раённай арганізацыі партыі левых «Справядлівы сьвет» Валер Рыбчанка зьвярнуўся з пазовам у суд да дырэкцыі прыватнага аграпрамысловага прадпрыемства «Папаратнае», якое ўваходзіць у структуру Беларускага мэталюргічнага заводу. Актывіст патрабуе, каб суд абавязаў дырэкцыю аднавіць пасаду інжынэра па матэрыяльна-тэхнічным забесьпячэньні і прыняць яго на працу.

«1 сьнежня я атрымаў накіраваньне раённага цэнтру занятасьці насельніцтва на вакантную пасаду інжынэра, — кажа Рыбчанка. — Мяне папярэдзілі, што прыёмны дзень у дырэктара 7 сьнежня. Я і паехаў 7 сьнежня з накіраваньнем у «Папаратнае». Аднак у канторы заявілі, што прыёмны дзень адменены. Трэба прыехаць празь дзень. Прыехаў 9 сьнежня. Дырэктара зноў не было, а безь яго ніхто накіраваньне й глядзець не хацеў. Кажу — альбо рэгіструйце, альбо давайце кнігу заўваг і прапановаў. Зарэгістравалі, запісалі тэлефон. А незадоўга да Новага году паведамілі ня мне, а ў цэнтар занятасьці, што пасада інжынэра па матэрыяльна-тэхнічным забесьпячэньні скасавана 1 сьнежня».

Прадстаўнікі «Папаратнага» тлумачылі, што паводле загаду міністра сельскай гаспадаркі аптымізавалі структуру аграпрамысловага прадпрыемства. І зрабілі гэта ня ў студзені, як патрабавалася, а раней, у сьнежні.

На 2 лютага ў суд выкліканы даваць тлумачэньні дырэктар ПСУП Аляксандар Пархоменка.

Тым часам беспрацоўны апазыцыйны актывіст Рыбчанка заўважае, што гэта ня першы выпадак, калі, даведаўшыся пра магчымае накіраваньне яго на працу, прадпрыемствы тэрмінова скарачаюць пасады. На рамонтным заводзе нават вакансію сьлесара прыбралі, калі даведаліся, што на яе прэтэндуе апазыцыйны актывіст з дыплёмам інжынэра. Тое самае сталася з пасадай майстра на газаразьмеркавальнай станцыі ў Чырвоным Беразе.

«Самае камічнае было, — кажа Валер Рыбчанка, — калі я папрасіўся ў цэнтры занятасьці накіраваць мяне намесьнікам дырэктара па ідэалягічнай працы ў сярэднюю школу № 8. У сьпісах цэнтру значылася такая вакансія, умовы не былі пазначаныя — ці гэта мусіць быць пэдагог, міліцыянт, інжынэр або артыст. Ну, я й папрасіўся. Сталі ўдакладняць. Празь некаторы час высьветлілася, што ў школе ўжо і намесьнік дырэктара па ідэалёгіі не патрэбны».

У свой час Валер Рыбчанка працаваў намесьнікам начальніка вялікага сталепракатнага цэху на Беларускім мэталюргічным заводзе ў Жлобіне. Ён сьцьвярджае, што яго выжылі з прадпрыемства, калі ён заняўся грамадзка-палітычнай дзейнасьцю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG