Двум афіцэрам Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі (ФСБ) і супрацоўніку «Лябараторыі Касьперскага» выстаўленыя абвінавачаньні ў дзяржаўнай здрадзе, паведамляе агенцтва «Інтэрфакс» са спасылкай на адваката Івана Паўлава.
Паўлаў удакладніў, што гаворка ідзе пра кіраўніка аддзелу расьсьледаваньня кампутарных інцыдэнтаў «Лябараторыі Касьперскага» Руслана Стаянова, начальніка аддзелу цэнтру інфармацыйнай бясьпекі ФСБ Сяргея Міхайлава і яго намесьніка Дзьмітрыя Дакучаева. Аб іх арышце па справе аб узломе пэрсанальных акаўнтаў высокапастаўленых расейскіх чыноўнікаў стала вядома на мінулым тыдні.
Паведамлялася, што фігурантамі гэтай справы сталі шэсьць чалавек, у тым ліку журналіст Уладзімір Анікееў, які, як мяркуецца, зьяўляецца арганізатарам хакерскай групы «Шалтай-Болтай». Група атрымала вядомасьць дзякуючы публікацыям у сеціве, як сьцьвярджалася, перапіскі прэм’ер-міністра Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева і іншых высокапастаўленых чыноўнікаў.
Расейскае інфармацыйнае агенцтва «Новости» са спасылкай на ўласную крыніцу паведамляе, што Анікееў супрацоўнічае са сьледзтвам, а яго справа зьяўляецца самастойнай і ня мае дачыненьня да абвінавачаньняў супраць супрацоўнікаў ФСБ.
Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што арышты супрацоўнікаў ФСБ ніяк не зьвязаныя з абвінавачаньнямі з боку ЗША ў хакерскіх атаках.