Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Просіш — скідваюцца — робіш: 7 рэкордаў і 25 выбітных праектаў беларускага краўдфандынгу


Выбітныя краўдфандынг-праекты Беларусі. Каляж з выяваў са старонак збору грошай
Выбітныя краўдфандынг-праекты Беларусі. Каляж з выяваў са старонак збору грошай

Народны збор грошай, альбо краўдфандынг, імкліва б'е ўласныя рэкорды ў Беларусі. 18 тысяч рублёў, 39 тысяч, 67 тысяч… Беларусы ахвяруюць на кнігі, музыку, гульні і на саміх беларусаў. Свабода сабрала рэкорды і цікавыя праекты ў беларускім «фінансаваньні талакой».

Беларусы маюць слова, блізкае па значэньні да «краўдфандынгу»: «талака». Але рабіць нешта талакой — гэта хутчэй краўдсорсінг: так называюць праекты кшталту супольнага пісаньня і рэдагаваньня Вікіпэдыі, стварэньня мапаў OpenStreetMaps, якімі потым можна карыстацца ў Maps.me, апрацоўкі касьмічных здымкаў для NASA альбо стварэньня бясплатнага пракату ровараў у Менску. Краўдфандынг жа — такая форма талакі-краўдсорсінгу, калі ўдзел у праекце абмяжоўваецца грашыма, а па выніках гэтага ўдзелу звычайна абяцаюць канкрэтны прадукт альбо паслугу.

Дарэчы, цяпер на сайце «Талака» зьбіраюць сродкі на двухтамовае выданьне твораў Уладзімера Дубоўкі, які ўвёў у беларускую літаратурную мову слова «талака». Сярод удзельнікаў — нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч.

* усе сумы ў беларускіх рублях пададзеныя з улікам дэнамінацыі

Абсалютны рэкорд: 96 359 даляраў на «Айзэнвальд»

Больш за 96 тысяч даляраў — столькі ахвяравалі з розных канцоў плянэты на дзьве відэагульні беларускай студыі: 83,6 тысячы даляраў — на «Легенды Айзэнвальда», і яшчэ амаль 12,8 тысячы — на «Айзэнвальд: Кроў лістапада», наступную гульню ў тым жа сусьвеце. «Легенды», дарэчы, сталі першай маштабнай відэагульнёй з вэрсіяй на беларускай мове. На розных плятформах «Легенды» ацэньваюць даволі высока, у 7–8 балаў з 10.

Таксама высокія ацэнкі (аж 9 з 10 на сэрвісе Steam!) мае іншая відэагульня, створаная беларусамі на грошы, сабраныя талакой: This Is the Police, на якую набралі 35,5 тысячы даляраў.

Немалыя грошы зьбіралі і на іншыя гульні беларускіх распрацоўшчыкаў: 28,3 тысячы даляраў на Basement, 11,5 тысячы на Screeps...

Падвойны нацыянальны рэкорд: 45 тысяч рублёў на «Імёны», 67 тысяч на праект на «Імёнах»

Менш за год таму былая журналістка Tut.by Кацярына Сінюк запусьціла праект «Імёны»: сайт расказваў гісторыі людзей, якім патрэбная дапамога, каб заахвоціць людзей ахвяраваць грошы. Пры гэтым сам сайт існуе на ахвяраваньні, аб’ём якіх яшчэ нядаўна быў рэкордны для Беларусі. Па словах заснавальніцы сайту, праз розныя шляхі, у ліку якіх кампанія на «Талацэ», удалося сабраць ужо больш за 45 тысяч рублёў, збор працягваецца. Пэўны час збор на «Імёны» быў самым вялікім зь беларускіх краўдфандынгавых праектаў.

Але «Імёны» самі пабілі ўласны рэкорд: на праект «Харчаваньне — жыцьцё» было ахвяравана 68 тысяч рублёў. І дасягненьне тут ня толькі фінансавае: улады адрэагавалі на збор грошай і публікацыі пра яго, цяпер абяцаюць самі закупляць жыцьцёва неабходнае хворым дзецям энтэральнае харчаваньне.

Праз «Імёны» зьбіраюць грошы і на іншыя праекты, каб ратаваць ці паляпшаць жыцьцё. Так, на догляд дзяцей з рэдкімі нэрвова-цяглічнымі захворваньнямі трэба сабраць 47,7 тысячы рублёў, а сабралі пакуль толькі палову. А на стварэньне патранажнай службы догляду малазабясьпечаных цяжкахворых трэба 20 тысяч, зь якіх сабралі дзьве траціны. На ўсе праекты «Імёнаў» на момант публікацыі было сабрана 182,5 тысячы рублёў.

«Імёны» — не адзінае выданьне, якое фінансавалі чытачы. Газэта «Наша Ніва» ўжо даўно зьбірала ахвяраваньні на выданьне рознымі шляхамі, а ў канцы 2016 году пасьпяхова сабрала на «Талацэ» 17 тысяч рублёў на ўласныя расьсьледаваньні.

Сумарны рэкорд: 816 тысяч рублёў на «Мае сэнс»

​Строга кажучы, праект дабрачынных аўкцыёнаў «Мае сэнс» — не краўдфандынг. Там людзі ахвяруюць грошы ня столькі наўпрост на цікавыя ім праекты (хоць можна і так): там замаўляюць за грошы сустрэчы зь цікавымі ім людзьмі, змагаючыся за гэта на аўкцыёнах. Грошы ж з аўкцыёнаў ідуць на дабрачынныя праекты.

34 тысячы — на Беларускі дзіцячы госьпіс, 21 тысяча — на РНПЦ дзіцячай анкалёгіі, 14,3 тысячы — на ратаваньне жывёлаў, яшчэ тысячы і тысячы рублёў на іншыя ўстановы і на імянную дапамогу... Сумарна з 2011 году на «Мае сэнс» сабралі 816 тысяч дэнамінаваных рублёў. Гэта ў некалькі раз больш, чым сабрала любая іншыя беларускіа пляцоўка. Але ацаніць маштабы сумы складана: зь 2011 году беларускі рубель дэвальваваўся ў 3,5 раза.

«Імёны» і «Мае сэнс» — не адзіныя плятформы, дзе зьбіраюць грошы на дапамогу хворым. Напрыклад, на дапамогу дзіцячаму госьпісу, каб абсталяваць кабінэт ЛФК, на Ulej.by сабралі 10,7 тысячы рублёў. Але самую вялікую суму сабралі на замежным рэсурсе GoFundMe: 27,6 тысячы даляраў на тэрміновую апэрацыю на сэрцы беларускаму дзіцяці (збор зладзіла сяброўка сям’і зь Нью-Ёрку). На тым жа GoFundMe 16 тысяч даляраў сабралі на мэмарыял беларускім ахвярам Галакосту ў Мэльбурне.

Посьпех пасьля правалу: 71,3 тысячы даляраў на шар-зарадку

Калі гаворка заходзіць пра высокія тэхналёгіі, Беларусь асацыюецца хутчэй з распрацоўкай праграмаў і гульняў. Але ад краўдфандынгавага рэкорду гульняў пра Айзэнвальд не нашмат адстае праект прылады HandEnergy — генэратара электрычнасьці, які трэба проста пакруціць у руцэ, каб атрымаць энэргію на зарадку, напрыклад, тэлефона ці фотаздымача.

Праект цікавы тым, што яго 19-гадовы аўтар ужо спрабаваў сабраць грошы на іншай плятформе. Той збор праваліўся. Але пасьля правалу распрацоўшчык ня здаўся, паўтарыў спробу, і гэтым разам удала. Цяпер жа ён думае наладзіць вытворчасьць шароў-зарадак у Беларусі.

Ажно два правалы ў краўдфандынгу з наступнымі пасьпяховымі рэалізацыямі праектаў меў тандэм прадусара Дзьмітрыя Фрыгі і рэжысэра Андрэя Курэйчыка. На Ulej.by яны не набралі патрэбныя сумы ні на «ГараШ», ні на «Партызан-фільм», але абедзьве стужкі з дапамогай іншых спонсараў выйшлі ў пракат.

Музычны рэкорд: «Стары Ольса», Metallica, Pink Floyd і 30 тысяч даляраў

Ужо шмат беларускіх рок-музыкаў правялі пасьпяховыя зборы грошай на свае альбомы, але самую значную суму атрымаў фольк-гурт «Стары Ольса». Праўда, амаль 30 тысяч даляраў ахвяравалі з усяго сьвету не на «Ехаў літвін ды па Сініх Водах» ці «Слава Воршы ўжо ня горша», а на «Californication», «Another Brick in the Wall» і «One». Альбом кавэраў на рок-гіты ў стылі беларускай сярэднявечнай музыкі быў прэзэнтаваны ў туры па ЗША ўвосень 2016 году. У 2017 годзе гурт вернецца за акіян, каб зноў выступіць у розных гарадах ЗША, а таксама ўзяць удзел у шоў на канале Nickelodeon.

Немалую суму сабраў беларускі гурт «Серебряная Свадьба»: калі яшчэ не было Talaka.by і Ulej.by, ім ахвяравалі на Planeta.ru 350 тысяч расейскіх рублёў (9,1 тысячы даляраў па тагачасным курсе) на «Альбом для взрослых и детей». На трыб’ют беларускага гурту «Ляпіс Трубяцкі» на тым жа сайце сабралі 410 тысяч расейскіх рублёў (11,1 тысячы даляраў).

А на дакумэнтальны фільм пра беларускія сьпевы беларуска з Сыэтлу сабрала на Indiegogo 5,6 тысячы даляраў. Верагодна, што значную суму атрымаў Лявон Вольскі на свой альбом «Псыхасаматыка»: грошы зьбіраліся праз уласны сайт Вольскага, дзе прагрэс у зборы грошай паказваўся толькі ў адсотках, але не ў рублях ці далярах. Але ў сьпісе тых, каму артыст дзякуе, 656 чалавек.

Блізкі да музычнага рэкорду тэатральны: Беларускі Свабодны тэатар сабраў на «змаганьне з дыктатурай» (насамрэч, на пастаноўку спэктакля «Burning Doors» у Вялікай Брытаніі) больш за 20 тысяч фунтаў.

Літаратурны рэкорд: Аліса як чатыры Горваты

Самую вялікую суму на кнігу ў Беларусі сабраў не арыгінальны твор, а пераклад на беларускую мову кнігі Льюіса Кэрала «Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса». На выданьне ахвяравалі 22,5 тысячы рублёў, хоць пераклад быў ня новы: ён друкаваўся ў 2009 годзе ў часопісе Arche і нават быў названы тады перакладам году, але як асобная кніга пабачыць сьвет толькі ў 2017 годзе.

«Аліса» пабіла папярэдні рэкорд: да яе самым пасьпяховым кніжным краўдфандынгам была кніга Сашы Раманавай «Осторожно, Марцев!» — 18 тысяч рублёў.

Нямала зьбіралі і іншыя пераклады: «Хронікі Нарніі» па-беларуску — 9,5 тысячы рублёў, «Караліна» — 6,7 тысячы, «Нататкі пра Шэрлака Холмса» — 6 тысяч. Перакладалі праз краўдфандынг і мультсэрыялы: на «Сьвінку Пэпу» па-беларуску сабралі 5,6 тысячы рублёў.

А на кнігу, якая стала ці не рэкорднай па абмеркаваньнях у сацсетках, спатрэбілася меншая сума: «Радзіва Прудок» Андруся Горвата набрала 5,3 тысячы рублёў.

Самы хуткі чэмпіён: 6,8 тысячы за некалькі гадзінаў

Найхутчэйшым посьпехам у беларускім краўдфандынгу стала кампанія «Народны чэмпіён»: за лічаныя гадзіны беларусы сабралі 6,8 тысячы рублёў на тое, каб выправіць кікбаксёра Віталя Гуркова на чэмпіянат сьвету па муай-тай, калі выявілася, што Міністэрства спорту ня стане фінансаваць паездку спартоўца. У выніку чыноўнікі самі знайшлі грошы, Гуркоў паехаў на чэмпіянат і перамог. А сабраныя грошы чэмпіён накіраваў у свой родны спартовы клюб.

Хай ня так хутка, але нават большую суму сабралі на іншы спартовы праект: 10,4 тысячы рублёў далі на вандроўку на ручным ровары праз усе Злучаныя Штаты для інваліда-калясачніка, які празваў сябе «Беларусіянін». Праўда, «Беларусіянін» тады не атрымаў візы і праехаў не ад Нью-Ёрку да Сан-Францыска, а ад Ліды да Сан-Сэбаст’яна, што ў Гішпаніі. Цяпер Аляксандар Аўдзевіч не расслабляецца: трэніруецца сам, зладзіў «трэнажорку» для інвалідаў у Лідзе. Кажа, паездка па ЗША яшчэ наперадзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG