Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Указ Трампа аб іміграцыі: «Выбарачнасьць, але не парушэньне правоў чалавека»


Якую ролю для ЗША і сьвету адыграе ўказ амэрыканскага прэзыдэнта Дональда Трампа аб абмежаваньні іміграцыі з 7 мусульманскіх краінаў?

Удзельнічаюць: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў.

Дракахруст: Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў указ аб абмежаваньні іміграцыі. Паводле кіраўніка Белага дому, новыя меры ўсталююць жорсткія перашкоды на шляху радыкальных ісламістаў, якія ўяжджаюць у Злучаныя Штаты з-за мяжы.

Указ прыпыняе на 120 дзён выдачу візаў грамадзянам Іраку, Ірану, Емэна, Лібіі, Сырыі, Самалі і Судану. Нават уехаць у ЗША грамадзяне гэтых краінаў могуць толькі пры наяўнасьці віду на жыхарства ў ЗША альбо дыпляматычнай візы.

Рашэньне прэзыдэнта рэзка скрытыкавалі праваабаронцы. У адказ на іх пазовы суды некалькіх штатаў наклалі часовую забарону на высылку з аэрапортаў ЗША мігрантаў з green cards і зь дзеючымі амэрыканскімі візамі.

Рашэньне Трампа выклікала супярэчлівую рэакцыю ў сьвеце: яго горача ўхваліў прэзыдэнт Чэхіі Мілан Зэман, аднак асудзілі канцлер Нямеччыны Ангела Мэркэль і прэм’ер Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй.

Ці парушае правы чалавека рашэньне прэзыдэнта Трампа? Яно парушае прынцып несэлектыўнага стаўленьня да прадстаўнікоў іншых рэлігіяў і краінаў. Зразумела, што пераважная большасьць уцекачоў з пазначаных краінаў — не тэрарысты. А ўказ разглядае іх нібы як патэнцыйных тэрарыстаў.

Варта адзначыць таксама заяву Трампа пра тое, што хрысьціяне з Сырыі будуць карыстацца прыярытэтам пры прыняцьці рашэньня аб прадстаўленьні прытулку ў ЗША.

Навідавоку разьдзяленьне паводле веры — мусульмане, прынамсі з гэтых сямі краінаў, лічацца патэнцыйна небясьпечнымі, а хрысьціяне — не.

Прытулак — гэта наагул прывілей, міласьць дзяржавы.

Аднак ці ёсьць гэта парушэньнем нейкага неад’емнага, унівэрсальнага права чалавека? Як на мой погляд, то не. Ніводная дзяржава ня мае ніякага абавязку пускаць на сваю тэрыторыю якіх бы то ні было замежнікаў, а тым больш даваць ім прытулак. Наадварот, з прынцыпу сувэрэнітэту вынікае, што любая краіна можа не ўпусьціць на сваю тэрыторыю любога замежніка без тлумачэньня прычынаў. Прытулак — гэта наагул прывілей, міласьць дзяржавы, якая яе дае, а зусім не права таго, хто яе просіць.

Праўда, сумнеўным зь юрыдычнага і палітычнага пункту гледжаньне выглядае рашэньне не ўпускаць у краіну нават тых людзей з пазначаных сямі краінаў, якія маюць дзейную амэрыканскую візу ці green cards. Па ідэі закон ня мусіць мець зваротнай сілы — амэрыканская дзяржава ня з Трампа пачалася. Калі раней яна давала нейкаму канкрэтнаму сірыйцу ці емэнцу візу, прывілей уехаць у ЗША, адбіраць яго зараз — відавочная несправядлівасьць.

Дзе парушэньня не было — выканаўчая ўлада прыняла рашэньне ў межах сваёй кампэтэнцыі.

Рашэньне амэрыканскіх судоў — дэманстрацыя падзелу ўладаў у ЗША, наяўнасьці сыстэмы супрацьвагаў. Судовая ўлада скарэктавала рашэньне выканаўчай улады. Але не скасавала цалкам, заўважым, а паправіла ў частцы, дзе мела месца парушэньне права, дадзенага Амэрыкай замежнікам. Дзе парушэньня не было — выканаўчая ўлада прыняла рашэньне ў межах сваёй кампэтэнцыі.

Рашэньне наконт спыненьня іміграцыі з 7 краінаў — часовае. Мяркую, што тэрмін дадзены і для таго, каб паглядзець на тое, ці такія ўжо цудоўныя вынікі яно дасьць, а таксама на рэакцыю як іншых галінаў улады, гэтак і грамадзтва. Трамп не спаліў сябе масты.

Але агулам можна чакаць, што наступствам рашэньня Трампа стане ўзмацненьне абмежаваньняў на іміграцыю па ўсім сьвеце — у прыватнасьці, ў Эўропе. Як ніяк лідэр задае моду, стыль. Асабліва з улікам таго, што традыцыйна Амэрыка даволі лібэральная краіна ў сэнсе іміграцыі і наагул у значнай ступені краіна імігрантаў. Абмежаваньні могуць быць іншыя, тая ж брытанская прэм’ер-міністарка Мэй на сустрэчы з Мэркэль сказала, што іміграцыю трэба абмяжоўваць, але ня так, як гэта робіць Трамп. Але абмежаваньняў — тых ці іншых — будзе рабіцца ўсё больш.

Карбалевіч: Важна адзначыць, што Дональд Трамп пачаў выконваць свае перадвыбарчыя абяцаньні адносна мігрантаў. Тут ня толькі гэтае абмежаваньне на ўезд у ЗША грамадзян з сямі мусульманскіх краін. Гэта і рашэньне аб будаўніцтве муру на мяжы з Мэксыкай, і указаньне высылаць мігрантаў, якія не атрымалі права знаходжаньня на тэрыторыі ЗША (а такіх некалькі мільёнаў).

Што тычыцца сэлектыўнага падыходу да грамадзян розных краін, то такі падыход і дагэтуль практыкавалі заходнія краіны. Напрыклад, паводле якога прынцыпу рабіліся нейкія візавыя паслабленьні? Яны ж рабіліся не агулам, а да іх падыходзілі з гледзішча і бясьпекі. і нацыянальных інтарэсаў.

Вось, напрыклад, чаму ЭЗ тармозіць працэс уступленьня Турэччыны ў Эўразьвяз, у той час як краіны Цэнтральнай Эўропы даўно прынятыя у гэты саюз? Бо Турэччына уяўляе сабой краіну іншай цывілізацыі, мусульманскую.

Праблема мігрантаў была адной з галоўных у перадвыбарчай кампаніі ЗША. І яна стане галоўнай падчас прэзыдэнцкай кампаніі ў Францыі і парлямэнцкай кампаніі ў Нямеччыне.

Увогуле, варта зьвярнуць увагу на тое, што праблема мігрантаў была адной з галоўных у перадвыбарчай кампаніі ЗША. І яна стане галоўнай падчас прэзыдэнцкай кампаніі ў Францыі і парлямэнцкай кампаніі ў Нямеччыне, магчыма і ў іншых эўрапейскіх краінах. Гэтае пытаньне цяпер найбольш балючае, скажам, так, для краінаў Поўначы.

Вось нават рашэньне Беларусі аб пяцідзённым бязьвізавым рэжыме для грамадзян 80 краін і інфармацыя пра будаўніцтва месцаў часовага ўтрыманьня для незаконных мігрантаў выклікала хвалю нэгатыву ў Расеі.

Цыганкоў: Гэтае рашэньне Трампа выклікала вельмі вялікую рэакцыю ў амэрыканскіх і сусьветных СМІ. Падтрымаю выказваньне Валера пра тое, што Трамп ці ня першы палітык, які пачаў вельмі зацята выконваць свае перадвыбарчыя абяцаньні — пра гэта ўжо шмат жартуюць. Гэта людзей уражвае, зьдзіўляе, і паказвае, на якой стадыі палітыкі мы знаходзімся.

Палітыка ператварылася ў непраўдзівае дзеяньне, калі выкананьне сваіх абяцаньняў становіцца дзіўным.

Калі нейкі чалавек, стаўшы прэзыдэнтам, пачынам выконваць свае абяцаньні, то ўсе на гэта глядзяць са зьдзіўленьнем, як такое можа быць? Палітыка ператварылася ў непраўдзівае дзеяньне, калі выкананьне сваіх абяцаньняў становіцца дзіўным.

Ці зьяўляецца гэтае рашэньне парушэньнем правоў чалавека? Безумоўна, любая дзяржава можа будаваць сваю палітыку, выстаўляць свае патрабаваньні і візавыя падыходы. Абвінавачваць яе, што яна пускае грамадзян некаторых краінаў больш актыўна, а іншых — менш, ніхто не мае права.

Консульствы і пасольствы ніколі не тлумачаць прычынаў нявыдачы візаў. Ня выдалі — і ўсё, і адказу не даб’есься. Але тут сапраўды ёсьць праява сэлектыўнасьці — тое, што адміністрацыя Трампа вырашыла абмежаваць уезд менавіта з мусульманскіх краінаў. Лёгіка тут зразумелая — на думку адміністрацыі, менавіта там зараз найбольш патэнцыйных тэрарыстаў.

Цікава, што зараз прыводзяцца лічбы, што апошнія гады грамадзяне менавіта з гэтых краінаў дастаткова масава ўяжджалі ў ЗША. І можа пачуць даволі шмат выказваньняў у стылі тэорыі змовы, што адміністрацыя Абамы ледзь не наўмысна запрашала ў ЗША грамадзянаў менавіта з мусульманскіх краінаў, а, напрыклад, грамадзянам Беларусі атрымаць амэрыканскую візу было больш складана.

Трамп вырашыў пакласьці гэтаму канец, і сапраўды гэта даволі радыкальнае рашэньне. Магчыма, адміністрацыя прэзыдэнта ЗША ўнясе нейкія зьмякчэньні ў сваё рашэньне, паколькі хацелася б, каб гэта было больш канкрэтна і выбарачна.

Такое стаўленьне да ўсіх грамадзянаў пэўнага рэгіёну ці рэлігійнай прыналежнасьці выклікае пытаньне не толькі ў праваабаронцаў, але і ў палітыкаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG