Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэлегацыя Палаты прадстаўнікоў паехала зь візытам у Варшаву. Упершыню за шмат гадоў


Старшыня камісіі ў міжнародных справах Валер Варанецкі
Старшыня камісіі ў міжнародных справах Валер Варанецкі

30 студзеня пачаўся афіцыйны візыт дэлегацыі Палаты прадстаўнікоў у Рэспубліку Польшчу. Ён працягнецца чатыры дні.

У складзе дэлегацыі два дэпутаты — намесьнік старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляслаў Пірштук і старшыня камісіі ў міжнародных справах Валер Варанецкі. Як паведамілі Свабодзе ў прэсавай службе ніжняй палаты Нацыянальнага сходу, «падчас візыту заплянаваныя сустрэчы з кіраўніцтвам Сэйму і Сэнату Рэспублікі Польшча, кіраўніцтвам і чальцамі польска-беларускай парлямэнцкай групы. Прапрацоўваюцца сустрэчы беларускіх парлямэнтароў зь дзелавымі коламі Рэспублікі Польшчы».

Камэнтуючы для Свабоды гэтую паездку, міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі адзначыў:

Раман Якаўлеўскі
Раман Якаўлеўскі

«Калі раней нармалізацыяй дачыненьняў паміж беларускімі ўладамі і Захадам займалася амаль выключна Міністэрства замежных спраў, то цяпер можна казаць пра новы інструмэнт для зьнешняй палітыкі, а менавіта парлямэнцкае вымярэньне. Такое немагчыма было ў папярэднія гады, бо тады эўрапейскія парлямэнтары не адважваліся публічна называць беларускіх дэпутатаў сваімі калегамі. Але відавочна, што пасьля ўзаемных сустрэч і абмену думкамі, якiя адбылiся ў розных сталіцах, ад гэтай няёмкасьці эўрапейцы сябе вызвалілі. Гэтым і тлумачыцца зьяўленьне ў Варшаве першай за шмат гадоў афіцыйнай беларускай парлямэнцкай дэлегацыі.

Я думаю, не выпадкова і тое, што беларускую дэлегацыю ўзначаліў намесьнік старшыні палаты. Гэта адпавядае таму ж узроўню польскай дэлегацыі, якая ў жніўні мінулага году наведвала Менск. Мне здаецца, беларускія ўлады хочуць і праз гэта падкрэсьліць раўназначнасьць парлямэнцкіх дэлегацыяў: маўляў, у Беларусі дэпутаты такія ж сапраўдныя, як і ў Польшчы. Але я хачу да гэтага дадаць адну важную дэталь — у польскім парлямэнце дагэтуль ідзе дыскусія, ці можна лічыць так званых дэпутатаў зь Беларусі паўнавартаснымі калегамі».

Як раней паведаміў дэпутат польскага Сэйму Мечыслаў Башко, афіцыйных парлямэнцкіх кантактаў паміж дэпутатамі Польшчы і Беларусі не было 11 апошніх гадоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG