Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Штрафы і канфіскацыі маёмасьці: эфэктыўная мера рэпрэсіяў ці нагода для новых пратэстаў


Удзельнічаюць: Валер Карбалевіч, Кацярына Андрэева, Уладзімер Глод

Андрэева: На гэтым тыдні ў лідэра «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча канфіскавалі асабісты аўтамабіль – за нявыплачаныя штрафы. Раней Дашкевіча неаднаразова каралі штрафамі за ўдзел у вулічных акцыях пратэсту. У сярэднім за адну акцыю ён мусіў выплаціць 1000 рублёў. Сам актывіст прызнае, што выплочваў гэтыя штрафы, але ня ўсе адразу, а паступова.

З восені 2015 году ўлады пачалі ўжываць мэтодыку «мяккіх рэпрэсіяў»: замест арыштаў і «сутак» на Акрэсьціна грамадзкія актывісты цяпер выплочваюць грашовыя спагнаньні. У 2016 годзе ў тых, хто ня мае неабходнай сумы грошай, вырашылі канфіскоўваць прыватную маёмасьць. Гэтак, мінулым летам у актывісткі Ніны Багінскай канфіскавалі лецішча і выставілі яго на аўкцыён. Але набыць маёмасьць Багінскай ніхто не наважыўся.

прадказальны і новы віток «мяккіх рэпрэсіяў»

Арышты накладаліся на аўтамабіль Анатоля Лябедзькі і грашовыя сродкі на ягоным мабільным нумары. Статкевіча празь нявыплату штрафаў пазбаўлялі права кіраваць транспартам. За 2016 год усяго было сплочана 415 штрафаў, агульная сума склала 148 тысяч даляраў.

Сапраўды, летась Дашкевіч адзначыўся сваімі арыгінальнымі акцыямі, такімі, як «Праспэкт нацыянальнага сьцяга», калі людзі стаялі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі ўздоўж праспэкту Незалежнасьці. Таксама варта прыгадаць зладжаны «Маладым фронтам» пратэст падчас выступу ў Палацы Рэспублікі расейскага прапагандыста Салаўёва.

Калегі, мне часта выпадала назіраць за гэтымі акцыямі ў якасьці рэпартэра. Магчыма было заўважыць, што для Дашкевіча канфрантацыя з прадстаўнікамі ўлады і сілавых структураў – звычайная справа. Можа падацца, што такія канфліктныя сытуацыі нават бавяць Зьмітра. Чаго ў яго пэўна няма, дык гэта страху перад судовымі выканаўцамі.

Напрыканцы зімы – на пачатку вясны маюць зноў адбыцца вулічныя пратэсты, гэтым разам супраць падаткаў на дармаедзтва. А значыць, прадказальны і новы віток «мяккіх рэпрэсіяў».

Калі Дашкевіч і іншыя мэдыйныя асобы ў пэўнай ступені прызвычаіліся, то для шараговых грамадзянаў, якія таксама захочуць паўдзельнічаць у вулічных акцыях, такія наступствы стануць сапраўдным ударам. Бо далёка ня кожны беларус мае магчымасьць сплаціць 1000 рублёў проста за тое, што патрымаў транспарант, стоячы на вуліцы. У сваю чаргу, нібыта мяккія дзеяньні ўладаў могуць выклікаць зваротную рэакцыю. Інакш кажучы, незадаволенасьць грамадзкасьці будзе толькі расьці.

Права мірных сходаў беларусам гарантуе Канстытуцыя, і ўлады апрыёры ня маюць права караць людзей за іхнюю думку. Абраўшы мэтодыку эканамічнага ціску, дзяржава зрабіла дакладны разьлік, бо для некаторых страціць жытло ці аўтамабіль страшней, чым адбыць 10 сутак. Разам з тым, калі нявыплачаныя штрафы будуць набірацца, а ўлады працягнуць канфіскацыі, гэта можа стаць падставай для новых пратэстаў.

Калегі, як вы лічыце, наколькі імаверна, што ў бліжэйшай будучыні мы пабачым пікет ці мітынг пад лёзунгам «Вярніце актывістам маёмасьць»?

Глод: Ведаеце, Кацярына, я веру ў тое, што пікеты ці мітынгі, пра якія вы казалі, могуць хутка адбыцца. Але тут узьнікае адно «але». Я вельмі сумняваюся, што ў гэтых акцыях будзе ўдзельнічаць хто-небудзь іншы, акрамя пацярпелых актывістаў. Наўрад ці іх падтрымае хтосьці з так званых звычайных грамадзянаў. Чаму? Таму што сёньня беларуская апазыцыя слабая. А які сэнс падтрымліваць слабых? На іх ніхто ня робіць стаўкі.

калі практычная палітыка грунтуецца на ілюзіях, то гэта дрэнна

Мне падаецца, што патрабаваць вяртаньня маёмасьці апазыцыі – нешта з разраду патрабаваньня дэмакратычных выбараў. Адна справа – у якасьці піяру, публічнай рыторыкі. І зусім іншая справа, калі палітычныя лідэры імкнуцца грунтаваць на гэтым пытаньні рэальную палітыку. Пагадзіцеся, калі практычная палітыка грунтуецца на ілюзіях, то гэта дрэнна.

Карбалевіч: Трэба сказаць, што з гледзішча ўладаў яны ўзялі на ўзбраеньне даволі эфэктыўную тактыку. З аднаго боку, штрафы ўдзельнікам вулічных акцыяў не выклікаюць асаблівых пярэчаньняў Захаду. Наадварот, там кажуць пра лібэралізацыю палітычнага рэжыму. Маўляў, няма палітычных зьняволеных, актывістаў ня садзяць у турму, вулічныя акцыі не разганяюць, іх удзельнікаў ня бʼюць. Гэта выглядае як вялікі прагрэс. А тое, што потым судзяць – ну дык гэта ж цывілізаваныя нормы, амаль як на Захадзе, як у прававой дзяржаве. Вось і ў ЗША людзей, якія пратэставалі супраць інаўгурацыі Трампа, арыштавалі, зьбіраюцца судзіць. Праўда, там яны падчас пратэсту білі вітрыны і машыны. Але на такі нюанс беларускія дзяржаўныя мэдыі не зьвяртаюць увагі.

Калі грамадзтва сасьпее да масавага пратэсту, то, зразумела, штрафы яго ня спыняць

А зь іншага боку, вялікія штрафы пужаюць звычайных людзей і ў пэўным сэнсе нэўтралізуюць масавы пратэст, ствараюць сурʼёзныя праблемы для лідэраў і актывістаў апазыцыі. Людзей, якія ня выплацілі штрафы, акрамя канфіскацыі маёмасьці, могуць ня выпусьціць за мяжу.

Апазыцыі нешта супрацьпаставіць гэтым дзеяньням уладаў цяжка. Ня думаю, што ў абарону маёмасьці апазыцыянэраў масы людзей выйдуць на вуліцу.

Калі грамадзтва сасьпее да масавага пратэсту, то, зразумела, штрафы яго ня спыняць. Але калі і як гэта можа адбыцца, цяжка прагназаваць.

Андрэева: Дарэчы, з гледзішча ўлады можна казаць пра эфэктыўнасьць «мяккіх рэпрэсіяў», бо такім чынам улады як бы забілі двух зайцоў – пазбавілі апазыцыю гераічнага арэолу, бо актывісты ўжо не сядзяць у турмах і нельга зьбірацца, каб выказаць зь імі салідарнасьць. А па-другое, звычайныя грамадзяне запужаныя штрафамі і ня хочуць рызыкаваць маёмасьцю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG