27 cтудзеня ў Маларыцкім судзе дапыталі пацярпелага АМАПаўца, ураджэнца Расеі Дзяніса Зянюціча, падсуднага Аляксандра Бельчука і сьведку з АМАП Уладзімера Дзенісюка.
Сьведка Дзенісюк расказаў, што перад міліцыянтамі і АМАПаўцамі 12 кастрычніка 2016 году стаяла задача затрымаць у Арлянцы Мікалая Бельчука (брата падсуднага). Паводле Дзенісюка, іх папярэдзілі, што затрымаць трэба хутка і зьехаць з той вёскі, «бо людзі там трымаюцца адзін аднаго».
У момант канфлікту зь Бельчукамі, кажа сьведка, ён паказваў міліцэйскае пасьведчаньне, а таксама выстаўляў на дах УАЗа мігалку. Сьведка пацьвердзіў, што АМАПаўцы і міліцыянты былі ў адзеньні без апазнавальных знакаў.
Дзенісюк расказваў, што Бельчукі пагражалі міліцыянтам у часе канфлікту. Пасьля чаго ён зрабіў два стрэлы — папераджальны ў паветра і адзін у кола аўтамабіля, які быццам бы рухаўся на яго заднім ходам.
«Я рэальна адчуваў небясьпеку», — казаў прапаршчык АМАП Уладзімер Дзенісюк.
Падсудны Аляксандар Бяльчук зьняпраўдзіў словы сьведкі, заявіўшы, што той прыкрывае калегу.
Судзьдзя Сяргей Маручак абвясьціў перапынак да 15 гадзіны 1 лютага.
Канфлікт паміж сямʼёй Бельчукоў і супрацоўнікамі міліцыі і АМАПу здарыўся 12 кастрычніка 2016 году.
Як сьцьвярджаюць Бельчукі, у той дзень да іх на падворак прыехалі невядомыя, якія скралі Мікалая Бельчука.
Сваякі Мікалая кінуліся ў пагоню за імі на некалькіх машынах. Невядомыя спыніліся і ў ходзе канфлікту нават скарысталі зброю.
Пазьней невядомыя аказаліся супрацоўнікамі міліцыі і АМАПу.