Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маларыцкі дэтэктыў: АМАП забіраў вяскоўца, а яго сваякі думалі, што гэта бандыты


Міліцыя ўжыла зброю супраць сваякоў затрыманага
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:59 0:00

Міліцыя ўжыла зброю супраць сваякоў затрыманага

На Берасьцейшчыне здарыўся канфлікт паміж сям’ёй фэрмэра і АМАПам. У выніку супраць фэрмэра Аляксандра Бельчука завялі крымінальную справу за супраціў міліцыянтам, а ягонага брата Мікалая зьвезьлі супрацоўнікі АМАП.

Аляксандар Бяльчук трымае вялікую гаспадарку ў вёсцы Арлянка Маларыцкага раёну. Ягоны брат Мікалай працуе зь лесам. Сям’я мае розную сельскагаспадарчую тэхніку і жыве пераважна зь вясковай працы.

Раніцай 12 кастрычніка ў Бельчукоў здарыўся канфлікт, як яны кажуць, «зь невядомымі людзьмі ў цывільнай вопратцы, якія прыйшлі да іх на двор ды схапілі Мікалая».

«Наклалі кайданкі і павялі ў бок лесу»

Распавядае Іван Бяльчук, бацька братоў Аляксандра і Мікалая:

Іван Бяльчук
Іван Бяльчук

«Сказалі — мы, маўляў, памежная служба. У чорным адзеньні, няма ніякіх нашывак. А пры чым тут памежная служба? У нас не памежная зона. Наклалі Мікалаю кайданкі ды павялі ў бок лесу. Я ззаду ішоў за імі, узяў тэлефон ды стаў тэлефанаваць другому сыну, Аляксандру. Вярнуўся адзін ды адабраў у мяне тэлефон. Я з сынам Сашам ды іншымі сваякамі сабраліся ў машыны ды паехалі шукаць, куды павялі Мікалая».

Нібы ў крымінальным фільме, Бельчукі гналіся лясной дарогай на трох машынах за «невядомым УАЗам», на якім везьлі Мікалая. Урэшце УАЗ удалося спыніць. Зь яго выйшлі ўзброеныя людзі.

Іван Бяльчук кажа, што даганялі гэтых людзей, каб даведацца, хто яны такія і куды вязуць Мікалая. Аднак размовы зь невядомымі не атрымалася. Спадар Іван сьцьвярджае, што нападнікі прастрэлілі кола ў ягонай машыне ды пабілі некаторых сваякоў.

Бельчукі сьведчаць, што невядомыя іх білі і нават стралялі

Распавядае Віктар Палявік, пляменьнік фэрмэра Аляксандра Бельчука:

Віктар Палявік
Віктар Палявік

«Пыталіся ў іх, хто яны такія. А нам сказалі — зараз, маўляў, пакажам, хто мы такія. Адзін стукнуў мяне па назе, потым у твар, павалілі і білі нагамі. Потым была страляніна, яны селі ў УАЗ і зьехалі».

Сьвятлана Палявік таксама прысутнічала пры бойцы:

Сьвятлана Палявік
Сьвятлана Палявік

«Здушыў мяне за горла, руку заламаў ды паклаў мяне тварам на багажнік, ды кажа — маўляў, бачыш, хто я такі. Потым пхнуў мяне на ўзбочыну, і яны селі ды паехалі ў бок Берасьця. Мы падняліся ды сталі выклікаць „хуткую“ Аляксандру. Ён увесь у крыві быў, вока ўспухла».

Аляксандар Бяльчук у выніку інцыдэнту трапіў у лякарню. Кажа, што ў яго стралялі:

«Страляў ва ўпор, але ці прамазаў, ці што... Куля прайшла, крыху зачапіўшы. Цяпер палова галавы баліць, вока амаль ня бачыць нічога. Зь пісталета страляў».

Аляксандар Бяльчук
Аляксандар Бяльчук

Пасьля здарэньня Бельчукі выклікалі міліцыю. На месца, дзе стралялі, прыяжджалі прадстаўнікі Сьледчага камітэту.

Лекары Маларыцкага шпіталя, куды зьмешчаны Аляксандар Бяльчук, не бяруцца ацэньваць, ці фэрмэру нанесенае агнястрэльнае раненьне. Кажуць, што гэта будуць высьвятляць міліцэйскія экспэрты.

Іван Бяльчук кажа, што ня ведае, хто былі тыя людзі, якія «напалі на яго сям’ю ды выкралі сына Мікалая». Але сьледчыя прыватным парадкам сказалі яму, што забіралі Мікалая супрацоўнікі міліцыі і што ён цяпер быццам бы ў ізалятары часовага ўтрыманьня.

«Быццам бы ён у вышуку знаходзіцца. Але як жа ён у вышуку, калі нядаўна сам выклікаў міліцыю на тое, што ў яго крадзеж адбыўся, і тады ў міліцыі да яго прэтэнзіяў не было, ніхто яго не расшукваў», — кажа Іван Бяльчук.

Іван кажа, што пасьля інцыдэнту 12 кастрычніка яму так і не вярнулі мабільны тэлефон, які, паводле ягоных слоў, забраў «невядомы, што прыйшоў па Мікалая».

Прэс-служба абласной міліцыі: «У групе зь неўстаноўленымі асобамі аказаў супраціў супрацоўнікам АМАП»

Галоўны інспэктар па інфармацыі і сувязях з грамадзкасьцю ўпраўленьня Сьледчага камітэту па Берасьцейскай вобласьці Марына Дранькова:

«Гэтай справай займаецца абласное ўпраўленьне ўнутраных спраў, яно абяцала разьмясьціць матэрыял на сваім сайце. Сапраўды, затрыманьне ажыцьцяўлялі супрацоўнікі ўнутраных спраў, бо чалавек, якога яны затрымлівалі, знаходзіцца ў міждзяржаўным вышуку паводле артыкула 364 Крымінальнага кодэксу („Гвалт або пагроза выкарыстаньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка міліцыі“. — РС). Сьледчы камітэт будзе рабіць ацэнку і разбор затрыманьня, таму што была выкарыстана зброя».

На пытаньне Радыё Свабода, дзе цяпер утрымліваецца затрыманы Мікалай Бяльчук, Марына Дранькова адказала, што ён знаходзіцца пад вартай.

Прэс-служба Ўпраўленьня ўнутраных спраў Берасьцейскага аблвыканкаму пацьвердзіла, што людзі, зь якімі здарыўся інцыдэнт у Бельчукоў, былі супрацоўнікамі АМАПу. У зводцы здарэньняў сайт УУС паведамляе:

«13 кастрычніка СУ УСК па Берасьцейскай вобласьці распачатая крымінальная справа паводле артыкула 364 Крымінальнага Кодэксу РБ у дачыненьні да Б., 1962 году нараджэньня, непрацуючага, жыхара вёскі Арлянка, які 12 кастрычніка з 07.00 да 10.00 на аўтадарозе „Берасьце — Олтуш“ у групе зь неўстаноўленымі асобамі аказаў супраціў супрацоўнікам АМАП палку патрульна-паставой службы міліцыі УУС і аддзелу крымінальнага вышуку Берасьцейскага РАУС, якія знаходзіліся пры выкананьні службовых абавязкаў. Б. знаходзіцца на лячэньні ва ўстанове аховы здароўя „Маларыцкая цэнтральная раённая лякарня“».

Счасаная рука Віктара Палевіка
Счасаная рука Віктара Палевіка

Пазьней 14 кастрычніка прэс-служба УУС Берасьцейскага аблвыканкаму абвергла вэрсію Бельчукоў аб падзеях у Арлянцы, заявіўшы, што гэта Бельчукі перашкаджалі дзеяньням міліцыі:

«12 кастрычніка 2016 году каля 7 гадзіны 30 хвілін супрацоўнікамі аддзелу крымінальнага вышуку Берасьцейскага РАУС і АМАП палку патрульна-паставой службы міліцыі Берасьцейскага аблвыканкаму па месцы рэгістрацыі ў прыватным доме ў в.Арлянка Маларыцкага раёну быў затрыманы 55-гадовы мужчына. Ён знаходзіўся ў міждзяржаўным вышуку па абвінавачаньні ў злачынстве, прадугледжаным артыкулам 364 КК (гвалт у дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).

У час яго канваяваньня ў абласны цэнтар аўтамабілі пад кіраваньнем знаёмых і сваякоў падсьледнага сталі перашкаджаць руху службовага аўтамабіля „УАЗ“. На выкарыстаньне пробліскавых маячкоў, сырэны, а таксама патрабаваньне саступіць дарогу праз гукаўзмацняльныя прылады кіроўцы не рэагавалі.

У мэтах спыненьня транспартнага сродку аднаго з правапарушальнікаў супрацоўнік АМАП выкарыстаў табэльную зброю.

Ён зьдзейсьніў адзін папераджальны стрэл у паветра. Аднак правапарушальнікі працягнулі свае супрацьпраўныя дзеяньні і перашкаджалі дзеяньням супрацоўнікаў міліцыі. У сувязі з гэтым, у мэтах спыненьня транспартнага сродку правапарушальніка, быў зьдзейсьнены адзін стрэл у задняе кола аўтамабіля.

Пра здарэньне было паведамлена ў дзяжурную часьць УУС Берасьцейскага аблвыканкаму. На месца для разбору выехала сьледча-апэратыўная група».

Фэрмэр Аляксандар Бяльчук вядомы тым, што яго судзілі за напад на супрацоўніка ДАІ ў 2014 годзе. Спадар Аляксандар кажа, што міліцыянта не чапаў, а той яго агаварыў. Тым ня меней у 2015 годзе Берасьцейскі раённы суд прысудзіў Аляксандру Бельчуку 3 месяцы арышту.

У інтэрвію Свабодзе фэрмэр казаў тады, што марыць свабодна працаваць на сваёй зямлі і што ў 90-я гады мог зьехаць у Амэрыку, але вырашыў застацца ды «будаваць Амэрыку ў Беларусі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG