26 студзеня ў Менскім гарадзкім судзе ў закрытым рэжыме разгледжана скарга расейска-ізраільскага грамадзяніна, блогера Аляксандра Лапшына.
Ён абскарджваў рашэньне Генпракуратуры Беларусі аб яго экстрадыцыі на запыт Азэрбайджану.
Суд прызнаў пастанову намесьніка генпракурора Беларусі Аляксея Стука аб задавальненьні просьбы Генпракуратуры Азэрбайджану выдаць блогера Лапшына законнай. І адмовіў блогеру ў задавальненьні скаргі.
Блогера Лапшына зь менскага СІЗА № 1 прывозілі ў суд. Працэс вяла судзьдзя Любоў Сімахіна.
Рашэньне менскага гарсуду Лапшын можа абскардзіць у Вярхоўным судзе цягам дзесяці дзён. Адвакаты блогера паведамілі, што рашэньне менскага гарсуду будзе абскарджана.
Блогер з грамадзянствам Ізраілю і Расеі Аляксандар Лапшын быў затрыманы ў Менску 14 сьнежня як асоба, абвешчаная ў міжнародны вышук. Менскі суд арыштаваў яго на 2 месяцы. Блогер знаходзіцца ў «чорным сьпісе» азэрбайджанскага МЗС за наведваньне Нагорнага Карабаху, але, нягледзячы на гэта, прыяжджаў у Баку. Азэрбайджан абвясьціў яго ў міжнародны вышук за парушэньне закону аб дзяржаўнай мяжы і міграцыйнага заканадаўства.
17 студзеня намесьнік генпракурора Беларусі Аляксей Стук вынес рашэньне аб экстрадыцыі блогера ў Азэрбайджан.
За Лапшына заступіліся Ізраіль і Расея.