Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блогер, выдачы якога зь Беларусі чакае Азэрбайджан, папрасіў прабачэньня ў прэзыдэнта Аліева


Аляксандар Лапшын
Аляксандар Лапшын

Блогер Аляксандар Лапшын зьвярнуўся з просьбай аб выбачэньні да прэзыдэнта Азэрбайджану Ільхама Аліева — за тое, што без узгадненьня з уладамі гэтай краіны наведваў Нагорны Карабах. Гэтыя зьвесткі пацьвердзілі ў амбасадзе Ізраіля ў Беларусі.

Азэрбайджанскія ўлады патрабуюць выдачы Аляксандра Лапшына, які з 14 сьнежня 2016 году знаходзіцца пад вартай у Менску. 17 студзеня намесьнік генпракурора Беларусі Аляксей Стук падпісаў пастанову аб экстрадыцыі Аляксандра Лапшына ў Азэрбайджан. Пастанову магчыма аспрэчыць цягам 10 дзён. 24 студзеня консул амбасады Ізраіля ў Беларусі Юлія Рачынскі-Сьпівакоў у размове з карэспандэнтам Свабоды выказала меркаваньне, што рашэньне пракуратуры Беларусі можа быць абскарджанае, але дакладна ёй невядома, ці гэта ўжо адбылося.

«Мы ня ўмешваемся ў судовыя разборы, але працягваем аказваць консульскія паслугі Аляксандру Лапшыну як грамадзяніну Ізраіля. Так, мы супраць ягонай экстрадыцыі і разам з расейскімі калегамі вядзём перамовы на гэтую тэму з нашымі беларускімі калегамі», — сказала спадарыня Рачынскі-Сьпівакоў.

Консул асабіста бачылася з Аляксандрам Лапшыным тыдзень таму, 17 студзеня.

«Ня маю права расказваць падрабязнасьці нашай размовы. А выглядаў ён гэтак, як выглядае чалавек, якога ўжо месяц трымаюць у зьняволеньні», — сказала Юлія Рачынскі-Сьпівакоў.

Да гэтых зьвестак консул дадала, што ёй невядома пра факты ціску на Аляксандра Лапшына з боку беларускіх сілавікоў, каб ён пагадзіўся на экстрадыцыю ў Азэрбайджан.

Пра такі ціск раней стала вядома ад сяброўкі блогера Кацярыны, якая жыве ў Менску і дапамагае яму ў дачыненьнях зь беларускімі праваахоўнікамі. Кацярына расказала пра асаблівасьці справы Аляксандра Лапшына ў інтэрвію карэспандэнту расейскай службы Радыё Свабода.

​— Мне ўдалося за гэты час бачыцца зь ім толькі раз. Гэта было 26 сьнежня. Я падала запыт на спатканьне. Генпракуратура дала мне такую магчымасьць, разгледзеўшы мой запыт за тры дні. У мяне быў час на размову. Але калі ў сьнежні паводзіны пракуратуры і органаў былі больш-менш нармальныя, у межах прававога поля, дык пачынаючы са студзеня сытуацыя рэзка зьмянілася. Па-першае, у сьвяточныя дні да Аляксандра прыйшлі зь візытам нейкія людзі, сілавікі. Прычым размаўлялі яны зь ім без пратаколу, без адваката і ў непрацоўны час. Адвакат пра гэта даведаўся выпадкова, калі прыйшоў наведаць Аляксандра ўжо пасьля сьвятаў, 4 студзеня. Аляксандар апавёў, што наведнікі настойліва казалі яму пра нібыта існаваньне дамоўленасьці паміж Беларусьсю, Азэрбайджанам і Ізраілем, што калі ён пагодзіцца на добраахвотную экстрадыцыю, падпіша згоду ляцець у Азэрбайджан, яго там нібыта адразу адпусьцяць. Ён натуральна, адмовіўся, быў зьдзіўлены, напужаны, ашаломлены тым, хто гэта прыходзіў, што гэта за людзі, чаму гэта ўсё неафіцыйна.

Фактычна месяц консульствы не маглі дамагчыся ад беларускага боку дазволу на наведваньне Аляксандра ў СІЗА

Натуральна, калі я пра гэта даведалася, дык адразу зьвярнулася ў амбасаду Расеі і амбасаду Ізраіля (найперш у амбасаду Ізраіля), каб высьветліць, ці ёсьць сапраўды такія дамоўленасьці. Консул Ізраіля мне гэта не пацьвердзіла. Яна сказала, што ёй пра гэта нічога не вядома. Такое ж пытаньне я задала ў расейскай амбасадзе. Ён грамадзянін і Расеі, і Ізраіля. Абедзьве амбасады працуюць у цеснай зьвязцы ў спробах яго вызваленьня, і яны б ведалі, калі б такія дамоўленасьці былі. Але ніхто не пацьвердзіў, што нейкія афіцыйныя дамоўленасьці ёсьць. Гэты візыт нас моцна напалохаў і азадачыў. Фактычна месяц консульствы не маглі дамагчыся ад беларускага боку дазволу на наведваньне Аляксандра ў СІЗА. Яны яго змаглі наведаць толькі пасьля сьвяточных дзён.

— Якія навіны ў справе Аляксандра на сёньня? Ці прынятае ўжо рашэньне выдаць яго ў Азэрбайджан і ці можна яго аспрэчыць у Беларусі?

— Сытуацыя такая. Мы, натуральна, пачалі зьвяртацца і да МЗС Расеі, і да МЗС Ізраіля, праз консульствы і самі. Раніцай 17 сьнежня была прэс-канфэрэнцыя, у якой браў удзел спадар Лаўроў. І на прэсавай канфэрэнцыі адзін з журналістаў якраз запытаў: а што па справе Лапшына, якія дзеяньні і якія рашэньні будуць? І Лаўроў дакладна сказаў, гэта можна пабачыць на YouTube, што пазыцыя Расеі і Ізраіля — супроць экстрадыцыі. І ў той жа дзень, вечарам 17-га, Генпракуратура выносіць рашэньне аб экстрадыцыі. Раніцай была размова з Лаўровым, а ўвечары — такі дэмарш...

— У выніку рашэньне будзе абскарджанае?

Фактычна яму «шыюць» стварэньне злачыннай групоўкі — зварʼяцець можна!

— Абавязкова. Калі мы з адвакатам убачылі рашэньне аб экстрадыцыі, калі яго ўбачыў Аляксандар, у нас валасы на галаве падняліся ад таго, што там напісана. Па-першае, там у абвінаваўчай частцы раптам зьявілася такая рэч, як «стварэньне злачыннай групы з мэтай неаднаразовага нелегальнага перасячэньня мяжы Азэрбайджану». У тым артыкуле, на падставе якога патрабуюць яго выдаць (318 артыкул), такога пункту, як «стварэньне злачыннай групы», увогуле няма. Фактычна яму «шыюць» стварэньне злачыннай групоўкі — зварʼяцець можна! Не ўяўляю, як у цывілізаваным сьвеце такое можа быць! Акрамя таго, у рашэньні напісана, што запыт аб экстрадыцыі пададзены на падставе рашэньня Насімінскага раённага суду г. Баку. Якраз гэты Насімінскі раённы суд разглядаў абвінавачаньне Аляксандра паводле 318 і 218 артыкулаў Крымінальнага кодэксу Азэрбайджану («Незаконнае перасячэньне дзяржаўнай мяжы» і «Публічныя заклікі, накіраваныя супроць дзяржавы». — РС). І ён выносіў гэтае рашэньне. Але разумееце, якая рэч. Калі яшчэ ў сьнежні быў пададзены запыт на экстрадыцыю, там было пазначана рашэньне не Насімінскага суду, а Нарыманаўскага. То бок два суды ў адзін дзень у розных частках гораду Баку прынялі адно рашэньне? Вы мне прабачце, але гэта не маленькая памылка, а моцнае такое несупадзеньне, і ўжо яно павінна было б спадарам з Генпракуратуры Беларусі даць зразумець, што нельга выносіць станоўчае рашэньне адносна гэтага запыту.

— Які тэрмін пагражае Аляксандру?

— Па тых артыкулах, што былі ў запыце, — да 8 гадоў. Але калі тут зьявіцца «стварэньне АЗГ» — нават ня ведаю. Не зьдзіўлюся, што там зьявіцца яшчэ нейкае новае абвінавачаньне. Там можа быць што заўгодна.

— Чаму, як вы мяркуеце, Азэрбайджан гэтак настойвае на экстрадыцыі звычайнага блогера? Чаму б не спусьціць гэтую сытуацыю на тармазах, улічваючы, што ў яе ўжо ўмяшаліся і Расея, і Ізраіль, і нават ЗША?

— Шчыра кажучы, для мяне гэта загадка. Не магу зразумець, чаму такая сытуацыя ўзьнікла. Адпачатку справа не павінна была быць такой рэзананснай. Я разумею, калі б ён быў нейкі тэрарыст, калі б некага забіў. Але не. Чалавек вандруе, чалавек нешта піша ў сваім блогу. Усё! Падарожнік і блогер — ня больш за тое. Ён нікога ні да чога не заклікаў.

Аляксандар Лапшын нарадзіўся ў 1976 годзе ў Сьвярдлоўску, што цяпер Екацерынбург. 20 гадоў таму Лапшын зьехаў у Ізраіль, дзе атрымаў грамадзянства і прайшоў вайсковую службу. Расейская служба Радыё Свабода паведамляе, што як блогер Аляксандар Лапшын абʼехаў дзясяткі краін, але апошнім часам абраў месцам больш сталага жыцьця Грузію. Паводле крыніцы, у Батумі Аляксандру Лапшыну належыць некалькі кватэр, якія ён здае ў арэнду і з гэтага жыве.

Назіральнікі згадваюць, што гісторыі зь меркаванай выдачай у Азэрбайджан блогера Аляксандра Лапшына папярэднічала сустрэча кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з прэзыдэнтам Азэрбайджану Ільхамам Аліевым у Баку. 28 лістапада 2016 году Аляксандар Лукашэнка атрымаў з рук Ільхама Аліева ордэн імя ягонага бацькі Гейдара Аліева. Прымаючы гэтую вышэйшую ўзнагароду Азэрбайджану, Лукашэнка запэўніў Аліева ў сваёй адданасьці. «Ільхам Гейдаравіч, я табе вельмі ўдзячны за наша сяброўства. І павер, я гэта адпрацую», — сказаў кіраўнік Беларусі.

Праз два тыдні ў Менску быў затрыманы блогер Аляксандар Лапшын, які наведваў Нагорны Карабах яшчэ ў 2011 і 2012 гадах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG