«24 студзеня Камісія па палітычных пытаньнях і дэмакратыі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы ў Страсбуры праводзіць сваё пасяджэньне. Сярод шэрагу пытаньняў, якія плянуюць разгледзіць эўрадэпутаты, ёсьць і пра дачыненьні Парлямэнцкай асамблеі зь Беларусьсю. Некаторыя назвалі гэтае мерапрыемства слуханьнямі па Беларусі. Але гэта не зусім дакладна. 24 студзеня будзе звычайнае абмеркаваньне сытуацыі.
На яго ПАРЭ запрасіла двух дэпутатаў з Палаты прадстаўнікоў. Пэрсанальных запрашэньняў у Страсбур не было. Таму мы разглядалі гэтае пытаньне на радзе Палаты прадстаўнікоў. Спыніліся на дзьвюх кандыдатурах. Першая — гэта Андрэй Навумовіч. Ён кіраўнік рабочай групы Палаты прадстаўнікоў у пытаньнях сьмяротнага пакараньня. Мы думаем, што гэтая праблема будзе адной з самых галоўных пры дыскусіі. Таму і вырашылі накіраваць чалавека, які найлепш валодае тэмай. Другая — дэпутатка Ганна Канапацкая. Чаму менавіта яна? Таму што яе погляды на многія рэчы, скажам так, у пэўнай ступені адрозьніваюцца ад поглядаў іншых дэпутатаў. Няхай эўрадэпутаты пачуюць розныя думкі».
У Парлямэнцкую асамблею Рады Эўропы ўваходзяць 47 краінаў. Яны прадстаўленыя тут 318 дэпутатамі. Парлямэнт Рэспублікі Беларусь меў у ПАРЭ статус «спэцыяльна запрошанага». Аднак у студзені 1997 году Беларусь пазбавілі гэтага статусу. Падставай для такога рашэньня сталі шматлікія парушэньні пры правядзеньні так званага рэфэрэндуму ў лістападзе 1996 году.