Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Саджаць амаль перасталі, але аштрафаваных у 7 разоў болей» — праваабаронцы пра вынікі 2016 году


Праваабаронцы «Вясны» падрыхтавалі аналітычны даклад аб сытуацыі з правамі чалавека ў 2016 годзе. Паводле дасьледчыкаў, на сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі істотна паўплывалі «зьмены ў геапалітычнай сытуацыі» ў рэгіёне. «Грунтоўных і сыстэмных» зьменаў у лепшы бок праваабаронцы не заўважылі, але пэўныя дасягненьні адзначылі.

«Мяккія практыкі» ў справе мірных сходаў

Цягам году назіраўся працяг палітыкі «мяккіх практык», якая пачалася ў жніўні 2015 году, адзначаюць аўтары справаздачы. Паводле іх, беларускія ўлады працягвалі адмаўляцца ад гвалтоўнага спыненьня несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў, затрыманьняў і арыштаў іх удзельнікаў, але не адмовіліся ад іншай формы рэпрэсіяў адносна палітычных актывістаў. У якасьці адваротнага і ледзь не адзінага прыкладу згадваецца пакараньне ў Маладэчне 7 суткамі арышту актывіста Паўла Сяргея.

Затое штрафамі сталі караць амаль у 7 разоў часьцей, прычым звычайна штрафы значна перавышаюць матэрыяльныя магчымасьці пакараных актывістаў, адзначаюць праваабаронцы. Рэпрэсіі ўжываліся супроць удзельнікаў пікетаў у абарону Надзеі Саўчанкі, пікетаў супроць падвышэньня пэнсійнага ўзросту, акцыяў салідарнасьці з палітвязьнямі Эдуардам Пальчысам, Зьмітром Паліенкам, іншымі актывістамі. Нават удзельнікі штогадовага ўшанаваньня памяці паўстанцаў Кастуся Каліноўскага былі пакараныя штрафамі, зазначылі аўтары аналітычнага дакладу.

Усяго за 2016 год, паводле праваабаронцаў, спагнаньні за ўдзел у масавых акцыях былі атрыманыя ў 484 выпадках. Годам раней такіх выпадкаў было крыху больш за 70.

Чым скончыўся палітычны перасьлед пад выглядам крымінальнага

У 2016 годзе ўлады краіны не змаглі ў поўнай меры адмовіцца ад практыкі палітычна матываванага крымінальнага перасьледу, мяркуюць аўтары аналітычнага дакладу.

На працягу году праваабаронцы зафіксавалі выпадкі крымінальнага перасьледу з палітычных матываў у дачыненьні да сямі чалавек: Вадзіма Жаромскага, Максіма Пякарскага, Вячаслава Касінерава, Зьмітра Паліенкі, Эдуарда Пальчыса, Аляксандра Лапіцкага і Ўладзімера Кондруся. У справаздачы даюцца падрабязнасьці крымінальнага перасьледу гэтых актывістаў і згадваюцца прысуды, якія яны атрымалі ў выніку судовага разбору. Гэтыя прысуды не зьвязаныя з пазбаўленьнем волі, канстатуюць праваабаронцы.

Таксама праваабаронцы «Вясны» згадалі, што Сьледчы камітэт прыпыніў крымінальную справу адносна былога кандыдата ў прэзыдэнты Алеся Міхалевіча.

Асобна ў справаздачы згадваецца імя вязьня, былога праваабаронцы Міхаіла Жамчужнага, крымінальны перасьлед якога праваабарончая супольнасьць лічыць «палітычна матываваным». Аўтары дакладу патрабуюць перагляду справы Міхаіла Жамчужнага ў адкрытым судзе.

«Расстрэлы насуперак тэрміновым працэдурам КПЧ ААН набылі ў Беларусі сыстэматычны характар»

Найменшы прагрэс у справе выкананьня правоў чалавека праваабаронцы адзначаюць у такой сфэры, як сьмяротнае пакараньне. Праблема захаваньня і ўжываньня гэтага віду пакараньня ў Беларусі засталася звышактуальнай і па-ранейшаму спараджае жорсткую крытыку з боку Эўразьвязу.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, за 2016 год у Беларусі пакаралі сьмерцю чатырох чалавек. Яшчэ два чакаюць у турме выкананьня сьмяротнага прысуду. Пакараныя — Сяргей Іваноў, Іван Кулеш, Сяргей Хмялеўскі і Генадзь Якавіцкі, сваёй чаргі чакаюць Кірыл Казачок і Сяргей Вострыкаў.

Праваабаронцы адзначаюць, што Іванова, Хмялеўскага і Якавіцкага расстралялі, хоць у Камітэце правоў чалавека ААН пачаўся разгляд зваротаў гэтых асуджаных. Такая практыка супярэчыць Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, які ратыфікавала Беларусь.

«Расстрэлы насуперак тэрміновым працэдурам КПЧ ААН набылі ў Беларусі сыстэматычны характар», — адзначаюць аўтары дакладу.

Прымусовая праца. І тут ёсьць нават ахвяры

Праваабаронцы «Вясны» цягам году фіксавалі шмат фактаў прымусовай працы, у тым ліку накіраваньне працаўнікоў прадпрыемстваў і ўстаноў на працу ў сельскай гаспадарцы. Найбольш ганебны выпадак адбыўся ў Маладэчанскім раёне, дзе на ўборцы бульбы загінула школьніца Вікторыя Папчэня.

У аналітычным дакладзе адзначаецца, што працаваць на бульбяное поле школьнікаў адправілі ў адпаведнасьці з загадам раённага аддзелу адукацыі, які фактычна выконваў распараджэньне старшыні Маладэчанскага райвыканкаму. Пры гэтым шматлікія скаргі праваабаронцаў у пракуратуру, каб прыцягнуць да адказнасьці кіраўнічых асобаў, былі праігнараваныя, адзначаюць праваабаронцы.

У Беларусі працягвалі практыкаваць прымусовую працу асобаў, якія церпяць на алькагольную залежнасьць. Паводле праваабаронцаў, прымусовае знаходжаньне такіх асобаў у ЛПП (лячэбна-працоўны прафілякторый) — гэта фактычнае пазбаўленьне іх волі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG