Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд апраўдаў журналіста, які назваў чыноўніцу «рабой»


 У судзе Цэнтральнага раёну. На першым пляне — пазоўнік і адказчык
У судзе Цэнтральнага раёну. На першым пляне — пазоўнік і адказчык

Судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомелю Алеся Восіпава спыніла адміністрацыйную справу супраць мясцовага журналіста-фрылансэра за абразу чыноўніцы Акцябрскага райвыканкаму Валянціны Шлапаковай.

Адпаведная пастанова агучана 19 студзеня пасьля разгляду пратаколу паводле артыкулу 9.3 КаАП, які паступіў у суд з Акцябрскага РАУС. Шматлікія прысутныя сустрэлі такое рашэньне гарачымі воплескамі.

«Прыкметамі абразы, паводле артыкулу 9.3, — патлумачыла судзьдзя Восіпава, — зьяўляецца непрыстойная форма — лаянка, нецэнзурныя выказваньні. У пратаколе ня ўказаны, якія менавіта выказваньні былі ўжыты Жукоўскім. У судзе пазоўніца абгрунтавала абразу двума азначэньнямі — на яе адрас былі сказаны словы „раба“ і „крымінальнікі“. Сьведка Атрошчанка і супрацоўнік міліцыі Дайнэка заяўляюць, што ў дачыненьні да Шлапаковай ужыты выраз: „Раба, слуга народу“. Слова „крымінальнікі“ наагул ня можа разглядацца, паколькі яно было ўжытае адказчыкам бязадрасна».

Валянціна Шлапакова, якая падала пазоў супраць фрылансэра Жукоўскага, працуе ў Акцябрскім райвыканкаме кіраўніцаю спраў. У судзе яна патлумачыла: ведае з гісторыі, што рабоў ганьбілі, таму і ўспрыняла выраз «вы раба» як абразу.

Кастусь Жукоўскі (зьлева) і Аляксей Атрошчанка
Кастусь Жукоўскі (зьлева) і Аляксей Атрошчанка

Кастусь Жукоўскі, у сваю чаргу, заявіў пасьля суду, што не пашкадуе грошай і купіць відэарэгістратар, каб браць з сабою ў паездкі па рэгіёне:

«Відэарэгістратар дазволіць справядліва разьбірацца ў падобных інцыдэнтах, і асабліва калі няма сьведкаў. У сьнежні ў райцэнтры Акцябрскі я з Аляксеем Атрошчанкам здымаў мясцовы райвыканкам. Гэтая жанчына (цяпер я ведаю — Шлапакова) хапала за камэру, тройчы патрабавала паказаць пасьведчаньне, акрэдытацыю. На чацьвёрты раз я не стрымаўся і сказаў: «Што вы хочаце? Вы раба, слуга народу. Адчапіцеся!»

На такую рэпліку Валянціна Шлапакова выклікала міліцыю, якая і падрыхтавала ў суд пратакол за абразу чыноўніцы.

На пытаньне журналіста да Шлапаковай, ці будзе яна аспрэчваць пастанову ў абласным судзе, тая прамаўчала.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG