Працы па аднаўленьні тэатральнага (усходняга) флігеля палаца Сапегаў у Ружанах вядуцца нерэгулярна — толькі калі выдзяляюцца сродкі. Пра гэта кажуць тутэйшыя працаўнікі. Тым ня менш рэстаўрацыя вывела аб’ект з аварыйнага стану.
Цяпер будаўнічыя працы ў тэатральным корпусе Ружанскага палаца не вядуцца — перапынак на зімовы пэрыяд ды чаканьне чарговага фінансавага траншу ад дзяржавы. Аднак сьцены ўсходняга флігеля цяпер не ўяўляюць ранейшай небясьпекі — цагляную кладку значна абнавілі, спарахнелыя цаглінкі замянілі на новыя.
Працы ідуць, калі выдзяляюцца грошы
Ружанскі палац аднаўляецца паводле рэспубліканскай праграмы «Замкі Беларусі», у якую ён быў уключаны ў 2012 годзе. Да гэтага, у 2008–2011 гадах, аднавілі браму палаца. Цяпер там музэй.
Усходні флігель, у якім стагодзьдзі таму месьціўся ўнікальны сапегаўскі тэатар, аднаўляецца з 2012 году. Скончыць працы над ім першапачаткова меркавалася ў 2018 годзе. Аднак штогод рэстаўрацыя сутыкалася з усё большымі фінансавымі праблемамі, кажуць працаўнікі музэю. Таму цяпер дата заканчэньня рэстаўрацыі няпэўная:
«Крызіс у краіне. А ў нас дзяржаўная праграма — колькі грошай дадуць, столькі і будуць рэстаўраваць. Збольшага (усходні корпус. — РС) ужо не разбураецца, але калі будзе доўга стаяць, то, вядома, пачне разбурацца. Таму што даху няма. А так працы ня спыненыя, проста кожны год выдзяляецца нейкая пэўная сума, прыяжджае брыгада, гэтую суму асвойвае і зьяжджае. Таму цяпер няма грошай — і няма брыгады. Але едуць штогод. Павольна, але праца ідзе», — кажа Хрысьціна Карабейка, малодшы навуковы супрацоўнік музэю Сапегаў.
Як казаў БелаПАН (http://naviny.by/article/20161113/1479019287-restavraciya-belorusskih-zamkov-bol-i-bednost) дырэктар музэю палаца Сапегаў Раман Жыткоўскі, летась на рэстаўрацыю было выдзелена ў эквіваленце 300 тысяч даляраў.
Ва Ўсходнім корпусе мяркуецца аднавіць тэатар на старажытны ўзор
Аднаўленьнем усходняга корпусу палацавага комплексу займаецца «Брэстрэстаўрацыя». Гэтую арганізацыю адмыслоўцы характарызуюць як найлепшую ў рэгіёне ў галіне аднаўленьня помнікаў архітэктуры. Працуючы над палацам Сапегаў, адмыслоўцы «Брэстрэстаўрацыі» прымяняюць цэглу, якая вырабляецца на замову паводле арыгінальных памераў.
Мяркуецца, што ў адноўленым усходнім корпусе будуць разьмешчаныя тэатар, рэстарацыя ды гатэль. Прычым, як кажуць супрацоўнікі музэю, тэатар будзе ўнікальны — на ўзор аналягічнага тэатру ХVIII стагодзьдзя, які ёсьць у Чэхіі ў горадзе Чэскі-Крумлаў.
Актуальнае пытаньне — рэстаўрацыя асноўнага корпусу палаца Сапегаў, але пра тэрміны яго аднаўленьня супрацоўнікі не бяруцца нават разважаць.
«Чаму абралі ўсходні корпус [для цяперашняй рэстаўрацыі]? Таму што яго лягчэй рэстаўраваць. А галоўны корпус — нашмат складаней. І грошай трэба нашмат болей», — кажа Хрысьціна Карабейка.
Апроч таго, што цэнтральны корпус вельмі разбураны, пад ім знаходзяцца яшчэ чатыры падземныя паверхі, дзе ў часы Сапегаў былі вялікія склады правіянту і зброі.
Сёлета ў палацы пройдзе чарговы фэст «Ружанская брама»
Штогод музэй палаца Сапегаў наведваюць каля 15–20 тысяч чалавек, сярод якіх шмат замежнікаў. Гэтая статыстыка ня ўлічвае тых турыстаў, якія не купляюць квіток у музэй, а проста заходзяць на тэрыторыю.
Як апавяла Хрысьціна Карабейка, музэй аказвае дадатковыя платныя паслугі. Карыстаюцца папулярнасьцю тэатралізаваныя вясельлі.
«Супрацоўнікі музэю пераапранаюцца ў адзеньне часоў Сапегаў, і з тэатралізаванай сцэнкай расьпісваем маладых проста ў нашым музэі. Гэта вельмі папулярная паслуга, асабліва ўлетку, як для мясцовых жыхароў, гэтак і для суседніх гарадоў. Былі нават менскія і берасьцейскія вясельлі ў нас. Нават з Салігорску аднойчы прыяжджалі. У адрозьненьне ад іншых палацаў, як Мірскі ды Нясьвіскі, у нас нашмат таньнейшая гэтая паслуга», — кажа супрацоўніца музэю.
На тэрыторыі палацавага комплексу праводзіцца фэст «Ружанская брама». Чарговы павінен адбыцца сёлета. Супрацоўнікі музэю кажуць: дакладная дата пакуль ня вызначаная, але мяркуецца, што фэст пройдзе ўлетку.
Палац у Ружанах быў збудаваны на пачатку XVII стагодзьдзя канцлерам Вялікага Княства Літоўскага Львом Сапегам. Пасьля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Сапегі перайшлі ў апазыцыю да расейскага царскага ўраду. У выніку паўстаньня 1831 году іх уладаньні канфіскавалі на карысьць казны, а Ружанскі палац здалі пад ткацкую фабрыку.
У 1914 годзе ў палацы здарыўся пажар, частка муроў абвалілася. У 1930-х адбывалася частковая рэстаўрацыя, тады ж палац вярнулі роду Сапегаў. У часе Другой усясьветнай вайны ў 1944 годзе палац быў пашкоджаны. Пасьля вайны савецкія ўлады не рамантавалі комплекс, і ён заняпаў. Мясцовыя жыхары пакрыху разьбіралі палац на цэглу дзеля ўласных патрэбаў.
Топ-7 цікавостак пра Ружанскі палац
• Пад Ружанскім палацам Сапегаў — 4 падземныя паверхі.
• У 1644 годзе Ружаны наведаў кароль Рэчы Паспалітай Уладзіслаў IV Ваза разам з каралевай.
• У розныя пэрыяды Сапегі то сябравалі, то варагавалі з наймагутнейшым родам Вялікага Княства Літоўскага — Радзівіламі. У XVII стагодзьдзі ў выніку паходу аб’яднанага войска Радзівілаў ды іншых магнатаў Ружанскі палац Сапегаў быў значна разбураны.
• У калекцыі роду Сапегаў у палацы захоўвалася цэлая сэрыя прац знакамітага вэнэцыянскага мастака ХVI стагодзьдзя Паолё Вэранэзэ. Частка гэтых карцін цяпер у расейскім Эрмітажы, частка — у эўрапейскіх калекцыях.
• У час вайны з Расеяй 1654–1667 гг., калі расейскія войскі акупавалі Вільню, сталіцу ВКЛ, у Ружаны перавезьлі раку з мошчамі аднаго з найбольш шанаваных на той час каталіцкіх сьвятых — сьвятога Казімера. Ён лічыўся нябесным заступнікам як самога Вялікага Княства Літоўскага, так і Ружанаў. Ад наданьня Магдэбурскага права Ружанам у 1637 годзе яго выява — на гербе мястэчка.
• У Ружаны ня раз прыяжджаў апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. У тутэйшым тэатры ён глядзеў балет.
• Ружанскі палац Сапегаў часам называюць «беларускім Вэрсалем», таму што яго пляніроўка нагадвае францускі Вэрсаль — сымбаль магутнасьці Людовіка XIV.