Глод: 18 студзеня ў Беларусі пачалі зьбіраць подпісы за адмену дэкрэту аб дармаедзтве. Гэтую акцыю, якую гучна назвалі агульнанацыянальнай кампаніяй, ініцыявалі Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці і грамадзкая арганізацыя «Прававая дапамога насельніцтву».
І з гэтай нагоды ўчора ў Менску правялі спэцыяльную прэсавую канфэрэнцыю.
На ёй я спытаў арганізатараў акцыі, ці зьбіраюцца яны далучыць да збору подпісаў іншыя дэмакратычныя арганізацыі, найперш грамадзянскую кампанію «Гавары праўду». Бо Тацяна Караткевіч афіцыйна абвясьціла, што яна ініцыюе Ўсебеларускі сход дармаедаў.
Старшыня РЭПу Генадзь Фядыніч на маё пытаньне адказаў, што запросяць да супольных дзеяньняў і «Гавары праўду», і АГП, і БНФ, і іншых. Заадно спадар Фядыніч патлумачыў, чаму дамаўляцца з партнэрамі зьбіраецца не да пачатку акцыі, а пасьля яе старту. Маўляў у рэгіёнах дэмакратычныя сілы звычайна працуюць разам. Для іх гэта прывычная зьява. Хоць, безумоўна, каардынацыя патрэбна і на рэспубліканскім роўні.
Калі пасьля прэсавай канфэрэнцыі я адчыніў сваю электронную пошту, то пабачыў у ёй ліст з руху «За Свабоду». Каманда Юрася Губарэвіча абвясьціла аб пачатку кампаніі ў падтрымку жыхароў Беларусі, якіх дзяржава лічыць «дармаедамі». Юрысты руху гэтаксама, як і РЭПу, гатовыя дапамагчы ў падрыхтоўцы скаргі ў падатковую інспэкцыю і пракуратуру, а таксама прайсьці ўсе судовыя інстанцыі.
Учора ж стала вядома, што Магілёўская абласная арганізацыя Абʼяднанай грамадзянскай партыі гатовая распачаць захады па адкліканьні магілёўскіх дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, якія падтрымалі прэзыдэнцкі дэкрэт № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства». А сёньня ля Камароўскага рынку актывісты АГП пачынаюць зьбіраць подпісы за адмену прэзыдэнцкага дэкрэту.
Такім чынам атрымліваецца, што адну і тую ж працу робяць, як мінімум, пяць грамадзкіх арганізацый. Кожная цягне коўдру на сябе, а агульнага каардынацыйнага штабу не існуе наагул. Дык на якую эфэктыўнасьць акцыі можна разьлічваць?
Беларускую апазыцыю ўжо даўно вінавацяць у тым, што яна ня здольная аб’яднацца. Пры гэтым тлумачаць такую бязьдзейнасьць яе лідэраў пераважна двума фактарамі. Першы — суб’ектыўны, калі кожны зь лідэраў хоча стаць самым галоўным. Другі — аб’ектыўны. Маўляў, на падобныя акцыі патрэбнае фінансаваньне. І кожны, хто яго дамогся, ня хоча дзяліцца рэсурсамі зь іншымі патэнцыйнымі партнэрамі.
Аналітыкі адзначаюць, што дагэтуль ніводная стратэгія апазыцыі яшчэ не спрацавала і не спрацуе, бо яе распрацоўваюць і выконваюць тыя ж самыя людзі, што і раней. Яны працягваюць выкарыстоўваць старыя мэтады і мэханізмы барацьбы, ня робячы пры гэтым аніякіх высноваў і комплекснага аналізу ўласных памылак. Падобна, што сытуацыя вакол прэзыдэнцкага дэкрэту аб дармаедах толькі пацьвярджае гэтыя меркаваньні. А вы з гэтым згодныя, калегі?
Цыганкоў: Я б хацеў выступіць у абарону апазыцыі ў дадзеным выпадку. Менавіта з аб’ектыўнага пункту гледжаньня. Рэч у тым, што такая кампанія супраць дэкрэту аб дармаедах можа павялічыць колькасьць прыхільнікаў у канкрэтнай палітычнай сілы. Грэх гэтай канкрэтнай сіле не скарыстацца такім момантам, не павялічыць свой аўтарытэт, бо, на думку многіх апазыцыянэраў, гэта дастаткова выгодная тэма, якая выклікае непаразуменьне і абурэньне ў грамадзтве.
у прынцыпе апазыцыйныя партыі аб’ядноўваюцца, калі робіцца нейкая «гістарычная падзея». Напрыклад, заклік выйсьці на Плошчу ў дзень выбараў
Напрыклад, кампанія «Гавары праўду» зьбіраецца правесьці такі зьезд, працоўную сустрэчу. Безумоўна, гэта выгодны паліталягічны ход, калі да гэтай кампаніі далучацца новыя кадры, якія раней ня вельмі цікавіліся палітыкай, прынамсі на нейкі момант яны адчуюць, што на нейкі момант іх голас можа быць пачуты, яны прыйдуць на гэтую сустрэчу, і, магчыма, так ці інакш гэта будзе для іх першым крокам па выказваньні нейкай палітычнай актыўнасьці. Ну а чаму ня разам — таму што разам у прынцыпе апазыцыйныя партыі аб’ядноўваюцца, калі робіцца нейкая «гістарычная падзея». Напрыклад, заклік выйсьці на Плошчу ў дзень выбараў. Тады беларуская апазыцыя апошнія прэзыдэнцкія кампаніі праяўляла еднасьць і салідарнасьць. А тут такая справа бягучая, яна на прывядзе да рэвалюцыі, і галоўны ня вынік, а працэс. Вынік можа і не наступіць. То бок наўрад ці можна чакаць, што дзяржава пойдзе зусім ужо на разварот і адменіць гэты дэкрэт. Нейкія праўкі ўжо былі ўнесеныя, але яны відавочна не задаволілі грамадзтва.
Таму змагацца супраць гэтага дэкрэта можна дастаткова доўга, і тут я ня бачу вялікай розьніцы і перавагі, калі б сілы апазыцыі былі аб’яднаныя. Усё роўна стаўленьне ўлады да гэтай тэмы не зьмянілася б, але ў дадзеным выпадку, паколькі ня йдзе размова пра рэвалюцыйную зьмену ўлады, то апазыцыйныя партыі ставяць перад сабой больш лякальныя задачы. А менавіта падняць свой аўтарытэт, праявіць палітычную актыўнасьць на той тэме, дзе яна можа быць заўважана, ну і плюс набыць новых прыхільнікаў.
Гурневіч: Кожны цягне коўдру на свой бок, і гэта стала фактам яшчэ напрыканцы 1990-х. Фактычна пасьля расколу ў Беларускім народным фронце апазыцыя не змагла сур’ёзна аб’яднацца пад адной шыльдай. Была больш-менш эфэктыўная спроба напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году, але ўсё хутка скончылася.
Чаму? Вялікае значэньне маюць пэрсанальныя адносіны. Той не падабаецца гэтаму, іншы трэцяму, а чацьвёрты першаму. А той левы, а гэты — правы, а той — рускамоўны, а гэты — беларускамоўны. Кожны хоча быць першым і ўнікальным. Доказ гэтаму — подпісы супраць падатку для так званых дармаедаў. Супольна гэтую акцыю можна было б правесьці больш эфэктыўна.
Вялікае значэньне маюць пэрсанальныя адносіны. Той не падабаецца гэтаму, іншы трэцяму, а чацьвёрты першаму. А той левы, а гэты — правы, а той — рускамоўны, а гэты — беларускамоўны
Нібыта часта беларускія апазыцыянэры кажуць пра неабходнасьць адзінства, але справы на гэтым і сканчваюцца. Часам гэта кур’ёзна выглядае. Я правёў мноства публіцыстычных перадач, у якіх удзельнічалі лідэры партый. І на пытаньне: а чаму вы разам гэта ня хочаце зрабіць, найчасьцей гучаў адказ: а нас не запрасілі, мы ня ведалі, мы мусім падумаць. Як быццам у іх няма тэлефонаў, фэйсбукаў і твітэраў. Пазвані ды дамоўся. Пытаньне ў іншым. Апазыцыя ня хоча насамрэч аб’ядноўвацца, у адваротным выпадку яна б гэта даўно зрабіла. Ані КГБ, ані Лукашэнка ёй у гэтым на замінаюць. Проста для апазыцыі ня існуе такой патрэбы.
Спрацоўвае лёгіка, што, маўляў, мы аб’яднаемся, а больш выйграць могуць іншыя, а ня мы. То бок мы будзе працаваць, а вяршкі будуць зьбіраць іншыя. Гэта ўсё вынік таго, што паміж беларускімі апазыцыйнымі лідэрамі няма даверу. Ёсьць канкурэнцыя і яна ўсё вызначае. Кожны хоча быць першым са зборам подпісаў супраць падатку на дармаедзтва і ў выніку акцыя губляе эфэкт. Але застаецца адчуваньне, што мы ўсё ж былі першымі. Гэта пра нас паведамілі СМІ, пра нас пісалі і гаварылі. У дэмакратычнай дзяржаве, дзе апазыцыя змагаецца за ўладу на выбарах, гэта стандартныя паводзіны. Але сумняваюся, што ў аўтарытарнай краіне гэта той шлях, які дадае апазыцыі больш прыхільнікаў.