Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта Маскве зрынаць Лукашэнку?


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Пасьля Крыму ў беларускай публіцыстыцы і блогасфэры зьявілася шмат алярмісцкіх прагнозаў наконт таго, што Беларусь у хуткім часе можа паўтарыць лёс украінскага Крыму. Вось зьявіўся яшчэ адзін. Гэтым разам у выглядзе аналітычнага дакладу. Арсень Сівіцкі і Юры Царык ад імя Цэнтру стратэгічных і замежнапалітычных дасьледаваньняў робяць выснову: «Цяпер верагоднасьць таго, што расейскае кіраўніцтва прыме (або прыняло) рашэньне аб правакаваньні ўнутранага канфлікту і/або гвалтоўнай зьмене канстытуцыйнага ладу ў Рэспубліцы Беларусь, зьяўляецца высокай».

Трэба сказаць, што даклад зьявіўся вельмі своечасова. Канфлікт паміж Беларусьсю і Расеяй дасягнуў свайго піка. Таму высновы Сівіцкага і Царыка трапляюць дакладна ў фокус грамадзкай увагі і будуць успрымацца вельмі прыязна.

Аднак дазволю сабе не пагадзіцца з галоўнай высноваю, якую робяць паважаныя аўтары дакладу. Першае пытаньне, якое ўзьнікае адразу пасьля чытаньня дакумэнту — навошта Маскве мяняць канстытуцыйны лад Беларусі ці нават замяняць Лукашэнку на іншага дыктара?

Хоць кіраўнік Беларусі і праяўляе нораў, сварыцца з Пуціным, ну дык ці ўпершыню? Ужо больш за 20 гадоў цягнуцца беларуска-расейскія канфлікты. Можа, цяпер яны і сапраўды набылі новы ўзровень, але пакуль Лукашэнка не пераступіў «чырвоную лінію», якая негалосна існуе. Беларусь не выходзіць з тых інтэграцыйных аб’яднаньняў, якія стварыла Масква: з Саюзнай дзяржавы, АДКБ, ЭАЭС. Так, Крэмль не зусім задаволены Лукашэнкам, але пакуль лічыць дастатковым тыя захады ўшчуваньня, якія цяпер прымяняе: скарачэньне паставак нафты, затрымка выдзяленьня крэдыту ды іншыя. Да таго ж цяперашні крызіс у двухбаковых стасунках больш дыскамфортны Беларусі, чым Расеі. Для Масквы цяпер праз гэты крызіс нічога не гарыць, яна можа пачакаць. Гэта для Беларусі ён вельмі балючы ў эканамічным сэнсе.

Цяпер Расея плянуе нармалізаваць дачыненьні з Захадам. У Маскве вялікія спадзевы на новага прэзыдэнта ЗША Трампа, а таксама на вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Францыі і парлямэнцкіх выбараў у Нямеччыне. Крэмль прагназуе, што летам заходнія эканамічныя санкцыі супраць Расеі будуць адмененыя. Што сапраўды вельмі рэальна. А сілавыя дзеяньні РФ супраць Беларусі дакладна сарвуць усе гэтыя разьлікі і пляны.

Другое пытаньне. Калі Масква, паводле вэрсіі Сівіцкага і Царыка, пастанавіла вырашыць беларускае пытаньне сілавым шляхам, то як гэта зрабіць? Увесьці танкі і ажыцьцявіць клясычную акупацыю Беларусі паводле крымскага сцэнару? Гэта вельмі брутальна нават для цяперашняга расейскага кіраўніцтва. Бо пацягне за сабой ня толькі новы крызіс у стасунках з Захадам, але і развал АДКБ, і ЭАЭС і нават СНД.

Але, як я зразумеў аўтараў дакладу, Масква будзе рабіць стаўку не на прамую агрэсію, а на «гібрыдныя мэтады», на дэстабілізацыю Беларусі. Значыць, возьмуць на ўзбраеньне данбаскі сцэнар. Але ва Ўкраіне гэта атрымалася ва ўмовах фактычнага развалу дзяржаўных інстытутаў, чаго ў Беларусі і блізка няма.

А галоўная праблема палягае ў тым, што дэстабілізацыя існага рэжыму ў Беларусі можа прывесьці да нечаканага выніку, зусім не да таго, чаго хацелі б у Маскве. Бо хаосам кіраваць немагчыма. Дэстабілізацыя выкліча працэсы, якія пачнуць разьвівацца паводле сваёй уласнай лёгікі. Аслабленьне ўлады дазволіць выйсьці на палітычную арэну ўсім сілам, а ня толькі прарасейскім арганізацыям. Напрыклад, выйдзе з андэрграўнду праэўрапейская апазыцыя, якая, пры ўсёй яе слабасьці, на сёньняшні дзень больш арганізаваная і ўплывовая, чым нейкія прарасейскія сілы. Ды і Захад ня будзе стаяць у баку, калі тут пачнуцца нейкія працэсы. У выніку можа атрымацца, што замест Лукашэнкі на чале краіны стане не прарасейскі, а празаходні палітык.

Падобныя прэцэдэнты ўжо былі. Напрыклад, Расея была вельмі незадаволеная прэзыдэнтам Грузіі Шэварднадзэ і дапамагла яго скінуць падчас «рэвалюцыі ружаў» 2003 году. Новым прэзыдэнтам стаў Міхэіл Саакашвілі. Што адбылося потым, усім добра вядома. Ці ў Малдове Расея моцна падтрымлівала прыход да ўлады камуніста Вароніна, які лічыўся прарасейскім палітыкам. А ў выніку Варонін узяў курс на далучэньне Малдовы да Эўразьвязу. Ды і ўкраінскі Януковіч, якога Расея актыўна падтрымлівала, ледзь не заключыў дамову з ЭЗ аб асацыяцыі. Ды што казаць, калі нават ў цалкам марыянэтачных Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі Расея ня можа цалкам кіраваць выбраньнем патрэбнага ёй чалавека на пасаду прэзыдэнта, кожныя выбары заканчваюцца там скандаламі і выбухам грамадзкага незадаволеньня, якія ставяць гэтыя напаўдзяржаўныя ўтварэньні амаль на мяжу грамадзянскай вайны.

Думаю, Масква добра вывучыла гэтыя ўрокі і разумее, што любая дэстабілізацыя Беларусі — гэта рызыка зь некантраляванымі наступствамі. Нават з улікам таго, што апошнія тры гады ў замежнай палітыцы Расеі вялікі элемэнт ірацыянальнасьці, у Крамлі хопіць здаровага сэнсу, каб не будзіць ліха...

Але тут паўстае іншае пытаньне. Калі кіравацца лёгікай дакладу Сівіцкага і Царыка, то якія практычныя высновы напрошваюцца? Здаецца, толькі адна: усім беларусам трэба бараніць Лукашэнку, аб’ядноўвацца вакол яго і не спрабаваць разгойдваць лодку, ладзіць дэстабілізацыю, гуляць у апазыцыю. Зразумела, самі аўтары такой высновы ня робяць. Аднак любыя аналітычныя высілкі маюць сваю лёгіку, незалежна ад жаданьня іх аўтараў.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG