Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Белсату» вернуць фінансаваньне, — старшыня польскага Сэнату


Станіслаў Карчэўскі (Stanislaw Karczewski)
Станіслаў Карчэўскі (Stanislaw Karczewski)

Маршалак Сэнату (верхняй палаты парлямэнту) Польшчы Станіслаў Карчэўскі заявіў у інтэрвію выданьню Rzeczpospolita, што фінансаваньне польскага беларускамоўнага тэлеканалу «Белсат» будзе працягнутае:

«У Сэнаце ўвядзем папраўкі. Аднак меркаваньні вельмі падзеленыя, — тлумачыць Карчэўскі. — Тэлевізія „Белсат“ павінна функцыянаваць. Я шаную дасягненьні дырэктаркі Агнешкі Рамашэўскай-Гузы ды ейнага калектыву, бо гэта добрая праца. Гэтая тэлевізія павінна быць фінансаваная такім чынам, каб магла свабодна і незалежна функцыянаваць. У Сэнаце мы вернем фінансаваньне „Белсату“, каб сёлета канал мог працаваць у ранейшых умовах».

Міністар замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі анансаваў у сьнежні намер скараціць датацыі «Белсату» з 17 да 5 млн злотых. Палітык патлумачыў, што скарачэньне бюджэту зьвязанае з тым, што МЗС мае намер адкрыць за мяжой новыя польскія консульствы і патроіць дапамогу для сырыйскіх уцекачоў на Блізкім Усходзе.

Шэраг беларусаў патрабаваў працягнуць фінансаваньне тэлеканалу. Пад рэзыдэнцыяй Лукашэнкі прайшла акцыя пад лёзунгам «выключыць НТВ, уключыць „Белсат“». Ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі Сьвятлана Алексіевіч казала, што рашэньне польскага ўраду недальнабачнае: «Беларусь застанецца без адзінай незалежнай тэлевізіі».

У студзені дырэктарка «Белсату» заявіла, што тэлеканалу ўжо нічога не пагражае.

Тэлеканал «Белсат» — частка польскай грамадзкай тэлевізіі TVP. Скарачэньне датацыяў ад МЗС, на думку дырэктаркі каналу Агнешкі Рамашэўскай, азначае фактычнае закрыцьцё «Белсату», бо TVP ня ў стане самастойна фінансаваць спадарожнікавы тэлеканал для Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG