«Думаю, што будзеце задаволеныя як і я навіною, якую я перадаю: Пані Прэм’ер запэўніла мяне і ўпаўнаважыла заявіць, што існаваньню Белсату нічога не пагражае. Найбліжэйшы месяц мы прысьвяцім абмеркаваньню далейшых прынцыпаў супрацоўніцтва з МЗС».
Міністар замежных справаў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі анансаваў у сьнежні намер скараціць датацыі «Белсату» з 17 да 5 млн злотых. Палітык патлумачыў, што скарачэньне бюджэту зьвязанае з тым, што МЗС мае намер адкрыць за мяжой новыя польскія консульствы і патроіць дапамогу для сырыйскіх уцекачоў на Блізкім Усходзе.
Тэлеканал «Белсат» ёсьць часткаю польскай грамадзкай тэлевізіі TVP. Скарачэньне датацыяў МЗС, на думку дырэктаркі каналу Агнешкі Рамашэўскай, азначае фактычнае закрыцьцё «Белсату», паколькі TVP не ў стане самастойна фінансаваць спадарожнікавы тэлеканал для Беларусі.