Карбалевіч: Учора 15 сьнежня амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў заявіў, што нафтагазавыя спрэчкі паміж краінамі будуць вырашаны і пагадненьне будзе дасягнута да 20 сьнежня. З гэтага можна зрабіць выснову, што перамовы паміж бакамі ідуць, прычым ідуць даволі інтэнсіўна.
Ці можна верыць заяве амбасадара, калі запэўніваньні, што канфлікт урэгуляваны, гучалі з вуснаў віцэ-прэм’ераў і нават самога Лукашэнкі? І гэта на тле заявы Лукашэнкі мінулым тыднем, што трэба яшчэ раз перагледзець Мытны кодэкс і не сьпяшацца яго падпісваць.
Як ужо было ня раз, пра падрабязнасьці перамоваў паведаміла расейская газэта «Коммерсант». Паводле яе, Беларусь згодная пагасіць 425 млн даляраў запазычанасьці за расейскі газ з пачатку году, калі бліжэйшым часам краіна атрымае трэцюю і чацьвёртую траншу крэдыту з Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця. Нагадаю, што трэцюю траншу, на якую Менск разьлічваў яшчэ ўвосень, ён не атрымаў. Фонд спасылаецца на невыкананьне Беларусьсю нейкіх парамэтраў антыкрызіснай праграмы.
Ніколі такога не было, каб фонд выдзяляў адразу два траншы.
Далей. У абмен на поўнае пагашэньне газавага доўгу Расея абяцала субсыдыяваць пастаўкі газу для беларускага энэргасэктару з другога паўгодзьдзя 2016 году па першае паўгодзьдзе 2019 году. Гэта так званыя міжбюджэтныя кампэнсацыі. Субсыдыя складзе каля 300 млн даляраў у год. Гэта менш, чым бакі дамовіліся ў кастрычніку. Тады гаворка ішла пра аб’ём кампэнсацыі ў памеры 1,4 млрд даляраў за паўтара года.
Атрымліваецца, што Беларусь будзе перапрадаваць расейскую нафту, якую Расея будзе проста дарыць Беларусі?
Яшчэ больш цікава, у якой форме адбудзецца гэтая кампэнсацыя. Як піша «Коммерсант», Беларусь зможа залічаць у свой бюджэт мыта ад экспарту расейскай нафты, якая пастаўляецца ў краіну. То бок атрымліваецца, што Беларусь будзе перапрадаваць расейскую нафту, якую Расея будзе проста дарыць Беларусі? Ці толькі мыта забіраць у свой бюджэт? Але ж пры пастаўках нафты ў Беларусь расейскія нафтавыя кампаніі ня плоцяць нафтавае мыта ў бюджэт РФ. Нейкая вельмі дзіўная і заблытаная схема. Да Новага году засталося зусім мала часу — будзем глядзець, ці сапраўды прагноз Аляксандра Сурыкава збудзецца.
Грузьдзіловіч: Я згадваю найперш палітычныя прычыны і трэнды, якія склаліся менавіта ў гэтым пытаньні. Быў ужо шэраг прыкладаў, калі вось такія пераднавагоднія складаныя перамовы заканчваліся такой узаемнай перамогай, якая абвяшчалася напярэдадні сьвятаў, калі заклапочаныя грамадзяне абедзьвюх краін сядаюць за навагодні стол, і ім пад шампанскае яшчэ даецца інфармацыя, што вось дамовіліся. Зноў нам усё даравалі, і цэны будуць добрыя, і газ будзе, і шампанскае будзе — піце за здароўе, за Новы год.
Гэтым разам, я думаю, гэтаксама будзе. Бо няма ніякай прыкметы, што канфлікт будзе выходзіць у больш жорсткую стадыю. Але бачна, што бакі ўперліся, ня хочуць саступаць. Хутчэй за ўсё, дадуць нейкія грошы, за гэта Беларусь паабяцае кампэнсаваць гэтыя газавыя завінавачанасьці, можа ня ўсё, але большасьць кампэнсуе.
Бачна, што бакі ўперліся, ня хочуць саступаць.
Але з Новага году нафтавыя, газавыя ды іншыя войны будуць працягвацца, бо кардынальна нічога не мяняецца. І мы нават ужо бачым прыкметы гэтага. Вось сёньня я бачыў інфармацыю пра тое, што міністар сельскай гаспадаркі Беларусі Заяц сказаў, што Рассельгаснагляд, які ўвесь час выпрабоўвае нашу прадукцыю, прыдзіраецца да нас, блякуе нашы пастаўкі, пэўныя прыклады прывёў. Аказваецца, у Расеі сфальсыфікавалі беларускую прадукцыю, а наша была добрая. Назіраецца нейкая наўмысная супраць Беларусі вайна. Тое самае ў другіх галінах. То бок такія войны, як малочная, безумоўна будуць працягвацца.
То бок я мяркую, што колькасьць вось гэтых канфліктаў паміж Расеяй і Беларусьсю ў будучым годзе будзе не зьмяншацца, а наадварот, павялічвацца.
Цыганкоў: Каля 300 мільёнаў даляраў у год — так званая субсыдыя, прытым у такой загадкавай, не непасрэднай, а ўскоснай форме. Перш за ўсё гэтая лічба кажа пра агульную тэндэнцыю, якую можна назіраць апошнія два гады, што Расея становіцца больш сквапнай і плаціць зьбіраецца ўсё менш. За мільёны даляраў, якія раней з панскай ласкі даваліся Беларусі даволі шчодра, цяпер трэба змагацца. У розных формах гандлёвыя войны ня проста ня спыняцца, а, відавочна, будуць павялічвацца. Прэтэнзіі расейскіх міністэрстваў да беларускай прадукцыі, яе паставак, займаньня беларусамі расейскага рынку будуць узрастаць.
Расея становіцца больш сквапнай і плаціць зьбіраецца ўсё менш.
Варта нагадаць, што Расея адкрыта ўзяла курс, і гэта непакоіць беларускіх палітыкаў, на замяшчэньне беларускай прадукцыі. Зьяўляюцца свае вытворчасьці, абсалютна канкурэнтныя, замест беларускіх. Цяпер Расея сама зьбірае трактары і іншае.
У эканоміцы ўмовы ўсё менш прывабныя для Беларусі, а ў міждзяржаўных эканамічных адносінах датацыі ўсё меншыя, і дасягаюцца яны ўсё большай крывёю.