Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сысьці жывой


Кажуць, гвалтоўныя стасункі трэба спыняць ужо пасьля першага «эпізоду», і гэта, па вялікім рахунку, вельмі добрае і правільнае сьцьвярджэньне.

Калі партнэр ударыў аднойчы, ён зь велізарнай верагоднасьцю ўдарыць і другі, і трэці, і нават дваццаць восьмы раз. Але з тым, каб скончыць стасункі «проста тут і зараз», ёсьць адна вялікая праблема: чалавецтва яшчэ не прыдумала нічога такога,што дазволіла б імгненна перамясьціцца разам з усімі сваімі рэчамі ў іншае месца. І пакуль мы марым пра тэлепорты і сусьветную справядлівасьць, разрыў стасункаў з агрэсарам — само па сабе вельмі небясьпечнае мерапрыемства.

Даведваючыся пра тое, што ахвяра зьбіраецца сысьці, «паляўнічы» часта літаральна вар’яцее, і калі ў мінулым ён не плянаваў яе забіць, а толькі цешыўся ўладай, то цяпер правілы гульні рэзка зьмяніліся. Цяпер ён адчувае, як страчвае кантроль над сытуацыяй і што з гэтым тэрмінова трэба штосьці рабіць. Часам ён злуецца настолькі, што забівае сваю ахвяру.

Тое, што сыходзіць з гвалтоўных стасункаў трэба, гэта зразумела. Але ж не заўжды зь іх удаецца сысьці жывой

Сёмага студзеня сёлета ў Баранавічах маладая жанчына прыйшла да свайго былога партнэра, каб забраць з кватэры свае рэчы. Прыйшла не адна, а з маці і айчымам, — па-першае, яны дапамогуць з уласна рэчамі, па-другое, іх прысутнасьць мусіла абараніць яе ад чарговага зьбіцьця. Не абараніла. Былы сужыцель накінуўся на жанчыну з нажом, і праз некалькі гадзін яна памерла ў лякарні. Айчым спрабаваў яе абараніць, але таксама атрымаў нажавыя раненьні. На шчасьце, яны аказаліся не сьмяротнымі.

Тое, што сыходзіць з гвалтоўных стасункаў трэба, гэта зразумела. Але ж не заўжды зь іх удаецца сысьці жывой. І ў сувязі з гэтым ёсьць пытаньне: як зрабіць так, каб жанчына магла найбольш бясьпечна скончыць такія стасункі? Так званае канапавае войска любіць казаць, што трэба проста ўцячы і захаваць сваё жыцьцё, а клопат пра рэчы, грошы, дакумэнты і жытло — гэта дробязі. Але ў рэальнасьці гэта ўсё ня дробязі, і дзяржава мусіць нарэшце распрацаваць нейкі дзейны мэханізм абароны, які дазваляў бы жанчынам у тым ліку і абараніць сваю маёмасьць. Бо хатні гвалт — гэта не «сямейная справа», а сыстэматычныя правапарушэньні і злачынствы. І калі і трэба ў нейкай сфэры рабіць больш жорсткімі пакараньні — то вось яна, гэтая сфэра.

Сыстэма мусіць працаваць у абарону пацярпелых, а не наадварот. У дыскусіях пра хатні гвалт часта гучыць пытаньне «чаму яна не заявіла ў міліцыю?», і на гэтае пытаньне могуць быць вельмі розныя адказы, але найбольш часты — «яна ня верыла, што гэта дапаможа». Сярод міліцыянтаў таксама ёсьць аматары біць родных, ёсьць тыя, хто не адрозьнівае хатні гвалт ад побытавага канфлікту, і ёсьць проста гультаі, якім прасьцей «усё вырашыць на месцы». Ну вось такая яна, беларуская рэальнасьць — людзі ўвогуле ня надта давяраюць міліцыі, а ў гэтым пытаньні асабліва.

Самае простае — зноўку ж абвінаваціць ахвяраў і сказаць, што яны ўсё гэта сабе прыдумваюць, што міліцыя насамрэч добра працуе, што яны самі вінаватыя, калі дазваляюць так з сабой абыходзіцца. Толькі гэта нікому не дапамагае: жанчыны, што жывуць у хатнім гвалце, зноўку ўпэўніваюцца ў сваёй нібыта нікчэмнасьці, а міліцыя надалей робіць выгляд, што ўсё ў парадку.

Але ўсё не ў парадку! Законы працуюць кепска; рэальная дзяржаўная дапамога жанчынам, што зрабіліся ахвярамі хатняга гвалту, застаецца на вельмі нізкім узроўні; некаторыя псыхолягі замест таго, каб дапамагчы, дадаюць яшчэ адну псыхалягічную траўму і абвінавачваюць ахвяру ў тым, што адбылося. І жанчыны пра ўсё гэта часта ведаюць, і таму маўчаць, працягваюць рабіць выгляд, што нічога не адбываецца, і не сыходзяць. Бо ніводзін чалавек ня можа гарантаваць, што сыстэма дапаможа і абароніць.

некаторыя псыхолягі замест таго, каб дапамагчы, дадаюць яшчэ адну псыхалягічную траўму і абвінавачваюць ахвяру ў тым, што адбылося

У мяне няма дакладнага адказу, што трэба рабіць, каб выратаваць усіх. Але дакладна трэба зьмяняць заканадаўчую базу, прымаць адмысловы закон супраць хатняга гвалту, вучыць міліцыянтаў , як паводзіць сябе з такімі пацярпелымі. І, вядома ж, працягваць рабіць тэму бачнай. Чым больш гісторый будзе расказана, тым больш абсурдна будуць гучаць аргумэнты тых, хто ўпэўнены ў перабольшваньні маштабу праблемы.

Каб даведацца, ці магла міліцыя дапамагчы той жанчыне ў Баранавічах, я набрала 102. Я патлумачыла, што вось проста зараз ня трэба нікуды ехаць, але мне важна ведаць, ці можа хтосьці зь міліцыянтаў пайсьці з жанчынай у дом яе былога партнэра, каб яна магла забраць свае рэчы. Што ісьці сама яна баіцца, бо ён вельмі агрэсіўны. Мне ветліва патлумачылі, што яны толькі выяжджаюць на надзвычайныя здарэньні, а пра плянавыя дзеяньні лепей пракансультавацца ў дзяжурнай частцы. Дазваніцца туды ў мяне не атрымалася.

Чыста гіпатэтычна можна, вядома, у такой сытуацыі схлусіць дыспэтчару і выклікаць міліцыянтаў на патрэбны адрас, агучыўшы неіснуючую прычыну. Але як гэта ўсё зрабіць на практыцы? Чакаць іх, хаваючыся ў кустах побач з домам? І як тлумачыць, што гэта не ілжывы выклік, і што ня трэба выпісваць штраф?

Пытаньняў, як звычайна, больш, чым адказаў. А жыць жа ж хочацца.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG