Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Шкадую, што Уга Чавэс памёр да таго, як здарыўся гэты крызыс»


Удзельнікі: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Алег Грузьдзіловіч

Карбалевіч: Парлямэнт Вэнэсуэлы (Нацыянальная Асамблея), які кантралюе апазыцыя, прыняў пастанову аб тым, што прэзыдэнт краіны Нікаляс Мадура «пакінуў сваю пасаду».

Аднак гэтае рашэньне хутчэй палітычнае, чым юрыдычнае. Справа ў тым, што працэдура імпічмэнту прэзыдэнта не прадугледжана Канстытуцыяй Вэнэсуэлы. Да таго ж аргумэнтацыя гэтага рашэньня таксама больш палітычная, чым юрыдычная.

Па словах сьпікера парлямэнту Хуліа Борхэса, дэпутаты прызналі, што Мадура «пакінуў пасаду» з прычыны яго бязьдзейнасьці ў барацьбе з крызысам. То бок, не па прычыне парушэньня Канстытуцыі. Фармулёўка " бязьдзейнасьць у барацьбе з крызысам" вельмі субʼектыўная.

Нагадаю, што мінулым годам, парлямэнт, кантралюемы апазыцыяй, спрабаваў арганізаваць рэфэрэндум аб даверы прэзыдэнту. Бо паводле сацыялягічных апытаньняў, 80% вэнэсуэльцаў не давяраюць прэзыдэнту і ўраду. Аднак гэты плян апазыцыі праваліўся.

кажуць, што там існуе аўтарытарны рэжым. Алеапазыцыя змагла заваяваць большасьць у парлямэнце

Бо Вярхоўны суд кантралюе прэзыдэнт Мадура, і ён адмяняе ўсе рашэньні парлямэнту. І цяпер Вярхоўны суд адмяніў пастанову парлямэнта аб імпічмэнце прэзыдэнту.

Увогуле, усе гэтыя жарсьці сталі наступствам вострага эканамічнага крызысу, якія перажывае Вэнэсуэла. Ён пачаўся пасьля падзеньня цэнаў на нафту. У выніку краіна перажывае гіпэрінфляцыю. Паводле МВФ, інфляцыя ў Вэнэсуэле ў 2016 годзе склала 720%, а гэтым годам прагназуецца ў 1500%. Даляр на чорным рынку амаль у 600 разоў даражэйшы за афіцыйны курс. Зьявіўся дэфіцыт харчаваньня, бо ўлада жорстка кантралюе крамы.

Пачаліся сацыяльныя забурэньні. Вось толькі асобныя факты. Людзі рабуюць крамы, бо няма чаго есьці. Вялізны рост злачыннасьці. Людзі бяруць на абардаж мяжу з Калюмбіяй, каб набыць там туалетную паперу, нападаюць на аўтобус з футбольным клюбам і здымаюць зь іх штаны.

Ёсьць факты датычнасьці каманды прэзыдэнта да гандлю наркотыкамі. Увогуле я асабіста шкадую, што Уга Чавэс памёр да таго, як здарыўся гэты крызыс. Бо ён ёсьць вынікам ягонай палітыкі пабудовы «баліварыянскага сацыялізму». Цяпер шмат хто з ягоных прыхільнікаў можа меркаваць, што, вось калі Чавес быў жывы, то ўсё было больш-менш нармальна, а як ён памёр, то ўсё павалілася.

Вэнэсуэльская гісторыя цікавая тым, што дае свой адказ на актуальнае для Беларусі пытаньне: ня якім этапе эканамічны крызыс перарастае ў палітычны?

Але сытуацыя ў Вэнэсуэле вельмі адрозная ад беларускай. Вось кажуць, што там існуе аўтарытарны рэжым. Але пры такім рэжыме апазыцыя змагла заваяваць большасьць у парлямэнце. Беларус скажуць: нам бы такі аўтарытарны рэжым.

Дракахруст: На мой погляд, досьвед Вэнэсуэлы паказвае, што эканамічны крызыс, прычым вельмі востры, такі, які беларусам і не сьніўся, далёка не заўсёды прыводзіць да істотных палітычных зьменаў.

Дасьціпныя насельнікі Байнэту ўспрымаюць рашэньне вэнэсуэльскага парлямэнту, як канчатковае, маўляў, прэзыдэнту Мадуру варта зараз скарыстацца бязьвізавым рэжымам у Беларусі.

Але зараз усе экспэрты па Вэнэсуэле, па Лацінскай Амэрыцы, гавораць, што пры ўсёй гэтай бядоце вэнэсуэльскай войска там за прэзыдэнта, паліцыя — за прэзыдэнта, акрамя таго, там ёсьць такія структуры, якія называюцца «бядняцкія камітэты» — гэта таксама структуры падтрымкі ўлады.

эканамічны крызыс, прычым вельмі востры,, далёка не заўсёды прыводзіць да істотных палітычных зьменаў

Апазыцыя абсалютна відавочна хацела б зьмены ўлады, хацела б рэвалюцыі. Але на гэта няма ня сьмеласьці, а проста сілы. Вось гэтае рашэньне парлямэнту — яно даволі дзіўнае: зьняць прэзыдэнта за бязьдзейнасьць. Гэта ніякім законам не адпавядае, за бязьдзейнасьць прэзыдэнта нельга зьняць юрыдычна. Палітычна — можна. Калі атрымаецца.

Але сытуацыя пакуль такая, што фактычна сілай адхіліць ад улады Мадуру ў апазыцыі магчымасьцяў няма. Большасьць у парлямэнце набраць — ёсьць, а на рэвалюцыю пакуль няма.

Грузьдзіловіч: Я б крыху ўдакладніў. Вы сказалі, што рашэньне за бязьдзейнасьць — мне здаецца, правільна гучала фармулёўка — не зьняць, а прызнаць яго юрыдычна бязьдзейным. То бок гэтае рашэньне нацэленае на ўсе будучыя ўказы Мадуры, які сапраўды працягвае змагацца з парлямэнтам, безумоўна, будзе нешта прадпрымаць, каб перамагчы.

Але я згодны, што крызыс будзе працягвацца і адзін бок гатовы да рэвалюцыі, але яна пакуль немагчымая з-за арміі і паліцыі. Сапраўды, значная частка вэнэсуэльскага грамадзтва ўсё ж такі за Мадуру. Я таксама вывучаў сытуацыю ў гэтай краіне, рабіў матэрыял і шмат цікавіўся. Мяне ўразіла тое, якая колькасьць насельніцтва там за часы Чавэса была ўзнагароджаная ім і падтрыманая. У іх праграма была «Мільён кватэраў», яны сапраўды гэтыя кватэры пабудавалі, у тым ліку з дапамогай Беларусі, і разьмяркоўвалі сярод беднаты.

Вось гэтыя «камітэты беднаты» якраз і займаліся гэтым. То бок гэта не ЖЭСы і не нейкая чарга ў выканкаме, як у нас, а сапраўды нейкія паўрэвалюцыйныя-паўлегальныя камітэты.

Дракахруст: Кшталту савецкіх камбедаў (камітэтаў беднаты) у 20-х гадох.

Грузьдзіловіч: Вось менавіта такія. Я чытаў інтэрвію з простай прыбіральшчыцай, у яе шанцаў рэальна атрымаць кватэру ніколі не было, а тут ёй далі кватэру. У яе сын, мужа няма, яна пакутуе. То бок гэта такая беларуская сытуацыя, нам знаёмая, калі чалавек зусім не мае шанцаў набыць сваё жыльлё, і ён атрымлівае. Канешне ён будзе змагацца за гэтую ўладу.

Вельмі падобна да Кубы, там жа таксама менавіта праз гэта ўдалося паступова братам Кастра перамагчы ўсіх сваіх апанэнтаў і авалодаць масавай сьвядомасьцю.

дэмакратыя там пераможа, бо якой бы ні была своеасаблівай баліварыянская дэмакратыя

Нагадаю, як прыйшоў да ўлады Мадура. Гэта цалкам расейскі варыянт, калі Ельцын захварэў і прызначыў прэм’ерам Пуціна, потым сышоў нібыта ў адстаўку, абвясьціў пра адстаўку, і Пуцін стаў дзякуючы гэтаму прэзыдэнтам краіны. Вось тое самае было зробленае і з Мадурам.

То бок мне здаецца, што цяперашні палітычны крызыс гэта яшчэ і крызыс прыходу да ўлады, зусім не дэмакратычнага. І зараз гэта Мадуру адгукаецца.

Пакуль сытуацыя вагаецца і мы не можам спрагназаваць, як хутка Мадура сыдзе з кіраўніцтва краінай. Але я думаю, што ўсё ж такі дэмакратыя там пераможа, бо якой бы ні была своеасаблівай баліварыянская дэмакратыя, агульныя законы дэмакратычнага разьвіцьця бяруць сваё.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG