Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскага блогера Лапшына ня выпусьцяць зь менскага СІЗА да Новага году


Аляксандар Лапшын
Аляксандар Лапшын

Затрыманы ў Беларусі ізраільска-расейскі блогер Аляксандар Лапшын сустрэне Новы год у менскім сьледчым ізалятары. Пра гэта паведаміла ў «Фэйсбуку» ягоная сяброўка Кацярына.

«На жаль, гэты Новы год Саша будзе сустракаць не зь сям’ёй, а ў менскім СІЗА. У панядзелак я сустракалася зь ім — усяго гадзіна на месяц, на жаль, гэта ўсё, на што можна разьлічваць пакуль», — піша яна.

У расейскай мэдыясфэры Аляксандр Лапшын вядомы як аўтар блогу на сайце радыёстанцыі «Эхо Москвы» ды ў іншых выданьнях.

Лапшын, які мае падвойнае грамадзянства (Ізраілю і Расеі), быў затрыманы ў Менску 14 сьнежня на запыт Азэрбайджану, які абвінавачвае яго ў незаконным наведваньні Нагорнага Карабаху. Адразу пасьля яго затрыманьня азэрбайджанскія СМІ паведамілі, што Лапшын абвешчаны Азэрбайджанам у міжнародны вышук за тое, што неаднаразова рабіў ня ўзгодненыя з афіцыйным Баку візыты на тэрыторыю Нагорнага Карабаху. Паведамлялася таксама, што ў чэрвені 2015 году Лапшын заехаў у Азэрбайджан праз тэрыторыю Грузіі па ўкраінскім пашпарце.

Увесь гэты час блогер утрымліваецца ў СІЗА № 1 Мінска. Праваахоўныя органы Беларусі не камэнтуюць сытуацыю з затрыманьнем Лапшына. Паводле зьвестак БелаПАН, дакумэнты, што паступілі з Азэрбайджану, неабходныя для выдачы блогера, знаходзяцца ў Генпракуратуры. Рашэньне павінна быць прынятае на працягу 40 дзён.

Справай затрыманага блогера першапачаткова займаліся міністэрствы замежных спраў Ізраілю і Расеі. У далейшым да іх падключыўся МЗС Армэніі — пра гэта паведаміў СМІ прэс-сакратар армянскага зьнешнепалітычнага ведамства Тыгран Балаян.

Паводле інфармацыі ізраільскіх крыніц, МЗС Ізраілю зьвярнуўся да ўладаў Беларусі з просьбай не экстрадаваць Лапшына ў Азэрбайджан. Ізраіль дыпляматычнымі каналамі дамагаецца ад Баку спыненьня крымінальнага перасьледу блогера.

Між тым амбасадар Беларусі ў Азэрбайджане Генадзь Ахрамовіч заявіў 28 сьнежня ў Баку, што не выключае выдачы блогера азэрбайджанскаму боку, калі ён «адкрыта дапусьціў парушэньне закону і ягоная віна даказаная».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG