Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасол Беларусі: Затрыманага ў Менску блогера Лапшына могуць выдаць Азэрбайджану


Аляксандр Лапшын
Аляксандр Лапшын

Пасол Беларусі ў Азэрбайджане Генадзь Ахрамовіч заявіў, што не выключае выдачу азэрбайджанскаму боку затрыманага ў Менску расейска-ізраільскага блогера Аляксандра Лапшына.

Азэрбайджанскае агенцтва АПА цытуе словы пасла, калі ён 28 сьнежня ў Баку пракамэнтаваў зварот Азэрбайджану з просьбай выдаць Лапшына: «Калі зварот законны, калі ён адкрыта дапусьціў парушэньне закону і яго віна даказаная, тады Беларусь дасьць станоўчы адказ на гэты зварот». Ахрамовіч дадаў, што ў яго дыпламатычнай практыцы было некалькі такіх прэцэдэнтаў.

Лапшын быў затрыманы ў Мінску 14 снежня на запыт Азэрбайджану, які абвінавачвае блогера ў незаконным наведваньні Нагорнага Карабаху. На сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» позна ўвечары ў той дзень Лапшын напісаў:

«Мяне толькі што арыштавала міліцыя ў Менску на запыт Азэрбайджану. Я ў Першамайскім РУУС Менску».

Паводле зьвестак ізраільскага выданьня Haaretz, Ізраіль па дыпляматычных каналах дамагаецца ад Баку спыненьня крымінальнага перасьледу Лапшына. МЗС Ізраілю «наладзіў асьцярожныя дыпляматычныя кантакты з урадам Азэрбайджану, каб замяць справу ціха».

Са спасылкай на прадстаўніка ізраільскага МЗС выданьне паведамляе, што пасольства Ізраілю ў Мінску афіцыйна зьвярнулася ў беларускае замежнапалітычнае ведамства з просьбай дазволіць сваім дыпляматам сустрэцца з Лапшыным. Ізраільскі МЗС занепакоены тым, што арышт блогера створыць напружанасьць у стасунках паміж Ізраілем і Азэрбайджанам, адзначаецца ў артыкуле.

Haaretz зьвяртаў увагу на тое, што Лапшын быў затрыманы ў Менску празь дзень пасьля візыту прэм’ер-міністра Ізраілю Біньяміна Нетаньяху ў Баку. «Пакуль няясна, ці ведалі ў Баку, што Лапшын — грамадзянін Ізраілю, калі выдалі ордэр на ягоны арышт. Ва ўсіх афіцыйных заявах Баку ён згадваецца як расейскі або ўкраінскі грамадзянін», — пісала выданьне.

У пасольстве Ізраілю ў Менску агенцтву БелаПАН пацьвердзілі, што займаюцца справай Лапшына, але ад камэнтароў адмовіліся. Не камэнтуюць сытуацыю і праваахоўныя органы Беларусі.

У расейскай мэдыясфэры Аляксандр Лапшын вядомы як аўтар блогу на сайце радыёстанцыі «Эхо Москвы» і ў іншых выданьнях. Ён таксама вядзе блог вандроўніка на ўкраінскім рэсурсе «Обозреватель».

Адразу пасьля затрыманьня Лапшына ў Менску азэрбайджанскі рэсурс навінаў azeri.today паведамляў, што Лапшын некалькі разоў рабіў ня ўзгодненыя з афіцыйным Баку візыты на тэрыторыю Нагорнага Карабаху, за што і быў уключаны ў чорны сьпіс МЗС Азэрбайджану ў 2011 годзе. Паведамлялася таксама, што ў чэрвені 2015 году Лапшын заехаў у Азэрбайджан праз тэрыторыю Грузіі па ўкраінскім пашпарце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG