Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Купляйце расейскае! Я купляю


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Я купляю расейскае, таму што я сэнтымэнтальны чалавек. Таму што мяне нашы «харчавікі» разам з начальствам трымаюць у чорным целе, лічаць другім гатункам. Мяне і тысячы іншых.

Я купляю расейскае, таму што расейцы мяне паважаюць, паважаюць нас, беларусаў. За тое, што мы беларусы. А нашы «харчавікі» нас не паважаюць. Перш яны сябе не паважаюць, ясна. Але якая мне да іх справа? Няхай кісьне іхняе малако, няхай прападае тварог. Не шкада. Перахітраваць саміх сябе сьвярбела? А што з хітрунамі бывае ў канчатковым варыянце?

Вось яны пішуць «Купляйце беларускае!» А змагаюцца супраць мовы беларусаў. Настойліва, упарта. Рогам упёрліся, каб пісаць толькі па-расейску і «барбамбія куркуду». Гэты іхні лёзунг пусты, заклік бязь зьместу. Але не хапае шэрых клетачак, каб усьвядоміць, скеміць гэта. Ах, беларускае — таму што зроблена на гэтай тэрыторыі? Ну й што? Чаму тады фанабэрыя на законныя патрабаваньні беларускіх спажыўцоў? Грамадзян РБ?

Я купляю расейскае, таму што яны (некаторыя зь іх) часам пішуць на абгортцы на беларускай мове, маючы на ўвазе мяне і тысячы іншых, а тэарэтычна — мільёны. На прыгожай беларускай мове. А паколькі для мяне, беларуса, які жыве ў Рэспубліцы Беларусь і ходзіць у яе крамы, такая радасьць — недаступная рэч, я купляю расейскае. Яны, расейцы, мяне паважаюць. У іх няма ў галаве пісаць адпіскі: у законе РБ напісана — або… або. Што датычыць мовы. І ня пішуць нам адпіскі, што надрукаваць на беларускай — гэта ім будзе каштаваць на тры цэлых, трыста трыццаць тры тысячныя капейкі даражэй і яны праз гэта збанкрутуюць, пойдуць па сьвету з жабрачымі торбамі.

Мне расейскі сябра прысылае ў маю краму малочны прадукт, які каштуе рубель і сем капеек, а побач ляжыць ад Рб-эшнага, які плявузганьне трымае ў сваім роце наконт роднай мовы, а цану паставіў амаль у паўтары разы большую. Я пераплачваць ня буду за «красівыя глазкі». Такі ж самы прадукт, везьці за тысячу кілямэтраў ня трэба. А чаму такая розьніца? Таму што ўсё ў нашага харчавіка неэфэктыўнае, таму што сабекошт непрымальны. У Расею вязе абы купілі, па бросавых цэнах. А дома заломвае. І пыха, пыха якая! Я, кажа, цібе па-біларуску пісаць ні буду, мне эта дорага, а я прывык хазяйстваваць рачыцельна, у міне капейка рупь біражэ. Ну дык і пі сам сваё малачко.

А назва, назвы-то якія напрыдумваў харчавічок наш. Быццам у нечарназёмнай зоне жыхарствуем Расейскай Фэдэрацыі. І ўсё прымяншальныя, быццам тут Іванушкі ды Ямелі. Хочаш сьмятаны? Вось табе сьмятана ад фірмы «Місісюлька». Хочаш сыру? Фірма «Фінціклюшачка» табе сыр цягне ад беларускай «буронкі» пад назвай «Российский».

Прызнаюся шчыра: трыццаць год таму ўпершыню ўбачыў у краме на этыкетцы беларускія словы: сочыва з буякоў. Культурны шок быў, шчыра. Мы тады былі ў СССР, як вядома. Мінула ўсяго трыццаць гадоў, няма СССР, але яны мне адпіскі пішуць, каб толькі беларускай мовы не было. То выдумлялі, што ў Расеі ня будуць купляць такі тавар, калі расейцы беларускае слова ўбачаць. Ангельскі, украінскі, кітайскі куплялі? То цяпер у іх месца на абгортцы няма. Хаця скажуць заўтра ім толькі па-кітайску пісаць і возьмуць пад казырок. Так што іхняя прынцыповасьць каштуе трыста трыццаць тры тысячныя капейкі.

Што вы пра сваю якасьць байкі баеце? У Расеі колькі разоў заварочвалі харчы вашыя? Што, расейцы ўжо дрэнныя вам, хлусяць? Вы ж толькі для іх стараецеся, чхаеце на беларусаў. Я ня веру, што дыму без агню не бывае. А Нурсултан што Абішавіч нашаму начальству казаў? Што малако ненатуральнае. Чаму нам трэба ня верыць вядомаму замежнаму палітычнаму дзеячу, а верыць дробным харчавікам, якія чхаюць на нашу родную мову?

Яны думаюць, што такія разумныя, што крэатыўныя і яшчэ чорт знае якія. А што насамрэч? Яны жуюць мільён разоў перажаваную жуйку. Калі беларускае пісьмо перараблялі, што гаварылі? Правільна: што эканоміка павінна быць эканомнай. Ня маючы кампутараў, падлічылі, што скасаваньне «лішніх» мяккіх знакаў дазволіць сем працэнтаў эканоміць на шрыфтах, сем і нуль-нуль адну тысячную працэнта друкарскай фарбы. І дзякуючы скасаваньню мяккіх знакаў сібірская тайга ўздыхне нарэшце з палёгкаю. «Уздыхнула».

Ха-ха-ха! — цешыцца начальства, па ціпу сьпіхнула вырашэньне моўнага пытаньня на харчавікоў. А тых на крывой кабыле не аб’едзеш! Капейка рупь беражэ і ніякіх гваздоў!

Дык ты што, сапраўды не бярэш малако вытворчасьці РБ? — спытаеце вы мяне. І я адкажу: бяру. Быў у нас кіраўнік вобласьці, якога чамусьці зьнянацку паслалі кіраваць малочнай гаспадаркай. Хаця ўсё круцілася, зь лічбамі быў ажур. І такое супадзеньне: у месца, дзе прайшлі мае дзіцячыя гады, паслалі. Мала таго, ён зрабіў назву беларускую. А я ж чалавек сэнтымэнтальны. Часам бываю. Калі вымушаюць.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG