Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Турнір пастарэлых аматараў — піяр і асабістая забаўка Лукашэнкі»


Абмяркоўваюць Дзьмітры Гурневіч, Ігар Карней, Ігар Ільяш.

Карней: Відавочна, што хакейная забава патрэбная ня столькі Беларусі і беларусам, а пэрсанальна Аляксандру Лукашэнку — капітану прэзыдэнцкай каманды імя самога сябе. Зрэшты, мерапрыемства, якое афіцыйная прапаганда падае ледзь не галоўнай спартовай падзеяй пачатку новага году, да спорту калі і мае нейкае дачыненьне, то вельмі ўскоснае.

Дастаткова зірнуць на трыбуны, каб зразумець «градус» глядацкага інтарэсу — спрэс школьнікі, студэнты, выкладчыкі, актыў БРСМ, сагнаныя пад росьпіс супрацоўнікі дзяржаўных ведамстваў. Апякуецца мерапрыемствам Міністэрства спорту і турызму, Фэдэрацыя хакею Беларусі, Менгарвыканкам, Прэзыдэнцкі спартовы клюб.

Антураж аматарскага турніру абстаўлены на ўзроўні топавых спаборніцтваў: урачыстае адкрыцьцё з удзелам прэзыдэнта краіны, міністры і высокія чыноўнік пад дахам «Чыжоўка-Арэны», паўгадзінныя рэпартажы на афіцыйных тэлеканалах, першыя палосы дзяржаўных газэт. Лядовы баль на фоне імклівага абвалу дабрабыту і адсутнасьці ўцямнай эканамічнай пэрспэктывы.

урачыстае адкрыцьцё з удзелам прэзыдэнта краіны, міністры і высокія чыноўнік пад дахам «Чыжоўка-Арэны», паўгадзінныя рэпартажы на афіцыйных тэлеканалах, першыя палосы дзяржаўных газэт. Лядовы баль на фоне імклівага абвалу дабрабыту і адсутнасьці ўцямнай эканамічнай пэрспэктывы

Тым ня меней, на імпрэзу бюджэтных грошай не шкадуюць. Сёлета ў Калядным турніры на прыз прэзыдэнта Беларусі заяўлена восем камандаў, пры гэтым геаграфічнае прадстаўніцтва ўдзельнікаў удвая большае — «беспрэцэдэнтнае», падкрэсьліваюць акрэдытаваныя журналісты БелТА. Для паездкі ў Менск адмыслова сфармаваная каманда Бальканаў, за якую выступаюць грамадзяне Босьніі і Герцагавіны, Македоніі, Славеніі, Сэрбіі, Харватыі, а таксама Баўгарыі, Румыніі і Турэччыны. Яны і далі статыстыку.

Яшчэ з экзотыкі — Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, дзе апошнім часам з сынамі любіць адпачываць Аляксандар Лукашэнка. Астатнія ўдзельнікі — Расея, Славаччына, Нямеччына, Фінляндыя, Швэйцарыя.

Зразумела, што ўсіх трэба прывезьці і выправіць назад, накарміць, напаіць, пасяліць у не абы-якія гатэлі, забясьпечыць дастаўку на матчы і забаўляльную праграму, шчодра адарыць па выніках гасьцяваньня. З улікам, што мінімальны склад кожнай каманды — пад тры дзясяткі чалавек, колькасьць на выхадзе даволі істотная.

Спартыўны складнік — асобная тэма. За 12 папярэдніх турніраў яго пераможцамі станавіліся ўсяго дзьве каманды — дзевяць разоў Беларусь і тройчы Расея. Сёлетняя сетка складзеная такім чынам, што шлях у фінальную частку для напарнікаў Лукашэнкі расчышчаны загадзя — дзьве перамогі на старце над заштатнымі аўтсайдэрамі, Бальканамі і Эміратамі. Дзякуючы звышвыніковай гульні, «лепшым бамбардзірам» на гэты момант зьяўляецца — хто б вы думалі — Аляксандар Лукашэнка, капітан самай моцнай хакейнай аматарскай дружыны сьвету, калі верыць афіцыйным СМІ. Калі 62-гадовы мужык нават без дзіцяча-юнацкай хакейнай школы за плячыма прэтэндуе на званьне лепшага гульца турніру, пра які фэйр-плэй гаворка?

Дарэчы, каманда гаспадароў прынцып гэтай самай справядлівасьці ў гульні парушае з году ў год. Статус турніру апрыёры мае на ўвазе, што ў ім бяруць удзел вэтэраны і аматары, якія ня маюць дачыненьня да прафэсійнага хакею. У беларусаў праз аднаго — былыя і дзейныя чальцы нацыянальнай зборнай: Кальцоў, Задзялёнаў, Шыткоўскі, Мікульчык і г.д.

Ня дзіва, што з такім складам і пад такім камандаваньнем зборная Беларусі б’е ўсіх без разбору. Не зьдзіўлюся, што неўзабаве на лёдзе зьявіцца і Коля Лукашэнка, які яшчэ ў 10-гадовым узросьце «рваў на часткі» брамніка Арабскіх Эміратаў.

Гурневіч: Спорт — гэта жыцьцё. Нехта пэўна паправіць, што спорт у меру — гэта жыцьцё. Але факт ёсьць фактам, што калі дзяржава інвэстуе грошы ў спорт, у фізычную актыўнасьць, папулярызуе яго, то пазьней даводзіцца менш выдаткоўваць на мэдыцыну. Такая карэляцыя ёсьць і навукоўцы сьцьвярджаюць, што яны даўно даказалі гэтую ўзаемасувязь.

будаўніцтва лядовых палацаў магло нейкі час успрымацца як піяр-кампанія, але па вялікім рахунку ўсе гэтыя абʼекты адчыненыя для людзей

У гэтым сэнсе будаўніцтва лядовых палацаў магло нейкі час успрымацца як піяр-кампанія, але па вялікім рахунку ўсе гэтыя абʼекты адчыненыя для людзей. Можна спрачацца аб выдатках, ці маглі яны быць меншыя, дык напэўна маглі б. Але сама ідэя неблагая і я знаходжу ў ёй багата карыснага для беларусаў.

Ці зьяўляецца элемэнтам гэтага калядны аматарскі турнір? Тут у мяне менш аргумэнтаў. Ня толькі ў мяне. Беларусы ведаюць наколькі важны хакей для кіраўніка краіны і якое месца ён займае ў ягоным жыцьці. СМІ неаднойчы паведамлялі, што нават пасярод працы Аляксандар Лукашэнка робіць перапынкі, каб паехаць пагуляць у хакей. Гэта не таямніца. І таму хочаш ня хочаш, а ўзьнікае такое падазрэньне, што гэты хакейны турнір — забаўка для аднаго чалавека. На турнір не запрошаныя пераможцы 2015 году з Расеі. Таксама — паказальна. Лукашэнка — першы на роліках. Лукашэнка — першы на каньках. Лукашэнка — першы з клюшкай у руках. Нельга часам чытаць пра гэта і бачыць гэта па тэлевізары без усьмешкі.

Ільяш: Вядома, што спорт даўно ўжо выкарыстоўваецца як палітычны інструмэнт, як інструмэнт палітычнага піяру — асабліва ў краінах аўтарытарных і дыктатарскіх. Сам Лукашэнка неаднойчы казаў пра палітычная значэньне спорту, пра тое, што што спартовыя перамогі беларусаў на сусьветнай арэне — гэта лепшая рэкляма Беларусі, гэта больш каштоўна для краіны, чым праца дыпляматаў, так бы мовіць. То бок Лукашэнка добра ведае пра палітычнае значэньне спорту.

як элемэнт унутранага піяру, Лукашэнка такі турнір усё ж бачыць. Гэта падтрымка яго даўняга іміджу як моцнага і ўдалага лідэра — вось паглядзіце я здаровы, спартыўны, усіх перамагаю

Зразумела, што хакейны турнір пастарэлых аматараў — гэта вам не Алімпіяда, не чэмпіянат сьвету — і ў пляне міжнароднага піяру ён нічога Беларусі не дае (калі не наадварот, бо звонку гэта выглядае даволі сьмешна). Але я думаю, як элемэнт унутранага піяру, Лукашэнка такі турнір усё ж бачыць. Гэта падтрымка яго даўняга іміджу як моцнага і ўдалага лідэра — вось паглядзіце я здаровы, спартыўны, усіх перамагаю. Так, гэта выглядае збольшага сьмешна, але думаю, што на пэўную частку грамадзтва гэта ў тым ліку разьлічана і думаю, што водгук знаходзіць.

Плюс, безумоўна (пра гэта ўжо казалася) гэта яшчэ і асабістая забаўка Лукашэнкі. Ну вось мае ён такія схільнасьці да хакею, падабаецца яму гэта. І калі ёсьць магчымасьць, калі ты кіраўнік дзяржавы на працягу двух дзесяцігодзьдзяў, то чаму табе не праводзіць такія ня танныя турніры, якія табе прыносяць добрыя эмоцыі і пакідаюць прыемныя адчуваньні. Таму, мяркую, часткова гэта асабісты піяр, а часткова асабістая забаўка Лукашэнкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG