Грузьдзіловіч: Падставай для гэтага абмеркаваньня сталі зьвесткі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, якія днямі агучыў намесьнік міністра Аляксандар Румак. Сутнасьць ягонай інфармацыі ў тым, што ў мінулым годзе зноў, як і ў 2015-м, быў уздым нараджальнасьці, і гэта прывяло да таго, што ўпершыню за шэраг гадоў нараджальнасьць нават перавысіла сьмяротнасьць. За 9 месяцаў году нарадзілася на 518 чалавек больш, чым памерла, паведаміў намесьнік міністра. Заўважу, што цяпер у Беларусі жыве 9,5 мільёна чалавек, а ў 1994 годзе, калі да ўлады прыйшоў Аляксандар Лукашэнка, насельніцтва краіны складала 10,3 мільёна чалавек. І з гэтай розьніцы можна зразумець, чаму ўлада гэтак хваравіта ставіцца да такога паказьніка, як нараджальнасьць.
Прызнайма, што перавышэньне нараджальнасьці над сьмяротнасьцю — сапраўды добрая навіна, доўгачаканая. Калі толькі ня браць пад увагу, што гэтая навіна была агучаная на пасьлянавагодняй прэсавай канфэрэнцыі, яе адмыслова прыбераглі да сустрэчы з журналістамі, бо на такіх мерапрыемствах высокія чыноўнікі проста мусяць агалошваць пераможныя справаздачы.
Чаму ў мяне загучалі ноткі скепсісу? Па-першае, таму, што агучаныя вынікі тычацца толькі 9 месяцаў мінулага году, па 1 кастрычніка. А значыць, зусім ня факт, што да канца году добрая тэндэнцыя захаваецца.
Па-другое, — пра гэта папярэджвалі адмыслоўцы-дэмографы, — усплёск нараджальнасьці ў Беларусі можа быць вельмі кароткатэрміновы. І якраз на канец 2016 году можа прыпасьці ягонае заканчэньне. Бо эканамічная сытуацыя ў краіне пачала рэзка пагаршацца якраз з канца 2015 году. Адлічыце ад гэтага 9 месяцаў, пакуль выношваецца дзіця, — вось і выходзіць, што наперадзе пагаршэньне гэтых паказчыкаў.
усплёск нараджальнасьці ў Беларусі можа быць вельмі кароткатэрміновы. І якраз на канец 2016 году можа прыпасьці ягонае заканчэньне
Чаму я кажу найперш пра эканамічную сытуацыю як прычыну зьменаў нараджальнасьці? Бо ўздым гэтага паказьніка выразна супаў з уздымам эканомікі і прыбыткаў насельніцтва на пачатку 2010-х гадоў.
Але сацыяльна-эканамічную сытуацыю ў краіне адмыслоўцы лічаць не адзіным фактарам нараджальнасьці, а ў пэўныя пэрыяды нават не вырашальным. Тут сапраўды прысутнічае цыклічнасьць. І добрай статыстыцы апошніх гадоў цыклічнасьць спрыяла ня меней, чым уздым эканомікі ці большая дапамога з боку дзяржавы на пачатку 2010-х. Маю на ўвазе, што ў дзетародны пэрыяд уступіла пакаленьне, якое нарадзілася ў сярэдзіне і канцы 1980-х гадоў мінулага стагодзьдзя. А гэтае пакаленьне — дзеці апошняга савецкага бэбі-буму. Аднак ім на зьмену пачалі прыходзіць тыя, хто нарадзіўся ў 1990-х. Цяпер яны ў асноўным нараджаюць. А гэтыя гады на дзяцей не былі такія ўраджайныя, нават былі бедныя.
У гэтым сэнсе дзяржава дакладна разьлічыла, што асабліва спадзявацца на пакаленьне 1990-х не выпадае і трэба лепш стымуляваць тых, хто ўжо мае па адным дзіцяці, каб нараджалі другое, трэцяе і больш дзяцей. І гэтая тэндэнцыя ў апошнія гады навідавоку.
Цяпер у краіне 86 тысяч шматдзетных сем’яў, а яшчэ ў 2009-м было 62 тысячы. Прычым і ведаць статыстыку ня трэба, каб адзначыць гэтую тэндэнцыю: па колькасьці маладых мам з двума, а то і трыма дзецьмі на вуліцах гарадоў, на дзіцячых пляцоўках, у крамах. Іх сапраўды стала ня проста болей, а значна болей. Толькі ці трывалая гэтая тэндэнцыя?
Вось у мяне ёсьць знаёмая шматдзетная сям’я, якая мінулым годам павялічылася да 5 чалавек. То бок у ёй нарадзілася трэцяе дзіця якраз падчас апошняга беларускага бэбі-буму. Нарадзілася менавіта таму, што сталі моцнымі надзеі, што дзяржава дапаможа, падтрымае. У прыватнасьці, дапаможа пабудаваць жыльлё, бо гэта асноўная праблема ў маладых сем’яў. І быццам бы сапраўды надзеі не былі дарэмныя. Прагучала, што нават некалькі дзясяткаў тысяч даляраў будзе складаць дапамога. Але цяпер гэтая сям’я расчараваная. Аказалася, што тыя сапраўды немалыя грошы дзяржаўнай дапамогі выдаюцца вельмі хітра. Іх нельга атрымаць адразу. Прычым іх нельга накіраваць на жыльлё, а можна толькі на розныя іншыя патрэбы, прыкладам, на навучаньне. Але пакуль адправіць дзіця ва ўнівэрсытэт, яго спачатку трэба выгадаваць пад крылом, у сваім гнязьдзе, а дзе яго ўзяць? І іншых магчымасьцяў пабудавацца не зьявілася: кватэр у Менску сталі будаваць меней, прыдатных прапаноў наконт ільготнага крэдытаваньня няма, чарга ў выканкаме фактычна ня зрушылася. Сям’і маладога спэцыяліста разьлічваць на дапамогу не выпадае.
эміграцыя зь Беларусі зноў, як у 90-я гады, становіцца значным дэмаграфічным фактарам
Нездарма цяпер тая маладая сям’я, пра якую ідзе гаворка, моцна расчаравалася ў гэтай дзяржаўнай дапамозе. І я не выключаю, што для іх паўстане пытаньне пра ад’езд з краіны. Яны маладыя спэцыялісты з прафэсіямі, на якія ёсьць попыт за мяжой, зь веданьнем замежных моваў, у самым дынамічным узросьце. І, дарэчы, усё часьцей бачу ў мэдыях, чую сярод знаёмых расповеды пра тое, як чарговая беларуская сям’я зьехала і знайшла сабе месца для жыцьця ня толькі недзе ў Эўропе ці ЗША, да чаго мы ўжо прызвычаіліся, але значна далей — у Аўстраліі, Новай Зэляндыі, Тайляндзе. То бок эміграцыя зь Беларусі зноў, як у 90-я гады, становіцца значным дэмаграфічным фактарам.
Варта сказаць і пра пэсымістычныя прагнозы наконт эканамічнага жыцьця ў краіне: вытворчасьць падае, наперадзе ўсплёск беспрацоўя і абвастрэньне, як вынік, сацыяльна-палітычнага жыцьця. А нараджальнасьць у нас заўсёды была паказьнікам гэтых працэсаў. І цяпер, мяркую, ня варта самападманвацца, што мы выйшлі на добры ўзровень і яго захаваем.
Да таго ж сьмяротнасьць, якая пакуль саступае нараджальнасьці, у нас залежыць ад гэтак званых доўгатэрміновых фактараў, якія не выпраўляюцца. Напрыклад, сьмяротнасьць на вытворчасьці ў нас адна з самых вялікіх у Эўропе. Па самагубствах — гэта недзе 2 тысячы штогод — Беларусь таксама ў лідэрах. А да гэтага яшчэ варта дадаць высокі ўзровень сьмяротнасьці падчас дарожна-транспартных здарэньняў, а таксама ад злачыннасьці. То бок няма прычын спадзявацца, што ўзровень сьмяротнасьці істотна зьменшыцца і нараджальнасьць нават пры падзеньні застанецца вышэйшай за паказчык сьмяротнасьці.
Таму і мяркую, што наступныя рэляцыі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, на жаль, ня будуць такімі пераможнымі, як нядаўняя.
Глод: У сярэдзіне лістапада 2016 году ў Менску прэзэнтавалі дасьледаваньне «Стан і пэрспэктывы дэмаграфічнага разьвіцьця ў Беларусі», зробленае пры падтрымцы Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. Дэмографы пралічылі чатыры асноўныя прагнозы да 2030 году: аптымістычны, сярэдні, пэсымістычны і інэрцыйны без уліку міграцыі. У трох з чатырох варыянтаў прагназуецца скарачэньне насельніцтва.
Паводле інэрцыйнага прагнозу, калі ўсё будзе ісьці так, як цяпер ідзе, зь цяперашніх 9,5 мільёна насельніцтва скароціцца да 8,9 мільёна. Сярэдні прагноз — гэта 9,4 мільёна, ніжні — 9,08 мільёна. І самы высокі — цяперашнія 9,5 мільёна.
Алег Грузьдзіловіч пералічыў шэраг прычын, чаму высокая нараджальнасьць у 2016 годзе — найхутчэй, часовая зьява.
Калі адзін час нараджальнасьць у Беларусі пачала павялічвацца, гэта стала моцным чыньнікам афіцыйнай прапаганды, дэманстрацыяй посьпехаў сацыяльнай палітыкі ўладаў. Аднак час паказаў, што гэта быў кароткачасовы эфэкт, які хутка сышоў на нішто.
Калі адзін час нараджальнасьць у Беларусі пачала павялічвацца, гэта стала моцным чыньнікам афіцыйнай прапаганды, дэманстрацыяй посьпехаў сацыяльнай палітыкі ўладаў
У Беларусі дэмаграфічныя праблемы — гэта дзяржаўныя праблемы. Беларускія чыноўнікі заяўляюць, што забесьпячэньне дэмаграфічнай бясьпекі — прыярытэтны напрамак сярод сацыяльных праблем краіны. І гэта той зь нямногіх выпадкаў, калі рэчаіснасьць супадае зь іхнымі заявамі. Аднак адбываецца гэта, як той казаў, не ад добрага жыцьця.
Апошнія гады дэмаграфічныя працэсы вызначаюцца нэгатыўнымі тэндэнцыямі: адносна нізкім узроўнем нараджальнасьці, высокай сьмяротнасьцю, адмоўнымі зьявамі ў галіне міграцыі жыхароў, старэньнем насельніцтва, няспынным працэсам дэпапуляцыі. Галоўнае, што на барацьбу з усім гэтым патрабуецца шмат бюджэтных грошай. А іх не хапае. Як не хапае эканамічнай заможнасьці беларусам. Менавіта таму, я думаю, нэгатыўныя працэсы ў нараджальнасьці дагэтуль канчаткова не пераадоленыя. Хоць час ад часу, як гэта зафіксавана летась, пэўныя ўсплёскі могуць адбывацца.
Карбалевіч: У мяне трохі іншае гледзішча. Спэцыялісты ў галіне дэмаграфіі даводзяць, што нараджальнасьць мала залежыць і ад эканамічнай палітыкі, і ад дэмаграфічнай палітыкі, і нават ад эканамічнай сытуацыі. Найбольш на гэта ўплываюць цывілізацыйныя чыньнікі. Вось у Эўропе эканамічная сытуацыя, здаецца, нядрэнная, але нараджальнасьць ужо шмат гадоў нізкая. А ў Афрыцы, наадварот, эканамічная сытуацыя дрэнная — а нараджальнасьць самая высокая ў сьвеце.
на сытуацыю ў Беларусі ўплываюць дэмаграфічныя хвалі, якія зьвязаныя з Другой сусьветнай вайной. То бок цяперашні рост нараджальнасьці — гэта чарговае рэха той вайны
Калі казаць пра цяперашняе паляпшэньне сытуацыі з нараджальнасьцю, дык тут трэба заўважыць, што сапраўды на гэтую сытуацыю ў Беларусі ўплываюць дэмаграфічныя хвалі, якія зьвязаныя з Другой сусьветнай вайной. То бок цяперашні рост нараджальнасьці — гэта чарговае рэха той вайны. І пасьля хвалі росту зьяўляецца хваля спаду.
Калі глядзець на гэтае пытаньне шырэй, то сёньня галоўная дэмаграфічная праблема, галоўная пагроза Беларусі палягае нават ня ў нізкай нараджальнасьці. Яна палягае ў даволі масавай эміграцыі зь Беларусі моладзі. Таму што маладыя людзі не знаходзяць сябе ў гэтай краіне, у гэтай эканамічнай сытуацыі, і шукаюць лепшай долі за мяжой. І вось тут эканамічная сытуацыя, эканамічны крызіс сапраўды ўплывае. І таму найбольш кваліфікаваныя, адукаваныя, таленавітыя маладыя людзі зьяжджаюць. І будуць дапамагаць вырашаць дэмаграфічную праблему іншым краінам.