Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Гомелі пастанавіў прыцягнуць да адказнасьці тэлеканал «Белсат»


Кастусь Жукоўскі
Кастусь Жукоўскі

У справе аб абароне гонару й годнасьці начальніка лоеўскай міліцыі зьявіўся яшчэ адзін адказчык — «Белсат».

Суд Цэнтральнага раёну Гомеля, які разглядае пазоў начальніка Лоеўскага раённага аддзелу міліцыі Ўладзімера Бухаўцова да журналіста-фрылансэра Кастуся Жукоўскага аб абароне гонару, годнасьці й дзелавой рэпутацыі, 5 студзеня пастанавіў прыцягнуць у якасьці суадказчыка спадарожнікавы тэлеканал «Белсат».

Хадайнічаў аб гэтым юрыст ГА «БАЖ» Леанід Судаленка, якога на падставе даверанасьці грамадзкай арганізацыі дапусьцілі сёньня да разгляду справы ў якасьці прадстаўніка Жукоўскага.

Адначасова судзьдзя Ірына Званко абавязала Ўладзімера Бухаўцова канкрэтызаваць свае пазоўныя патрабаваньні. На гэта зьвярнулі ўвагу адказчык і ягоны прадстаўнік у судзе.

Бухаўцоў, у прыватнасьці, просіць суд прызнаць зьвесткі, якія ганьбяць ягоныя гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю, «выкладзеныя ў відэаматэрыялах, у сетцы Інтэрнэт, у тым ліку й на тэлеканале „Белсат“, у скаргах і публічных выступах падчас выбарчай кампаніі грамадзянінам Жукоўскім К.І. аб маіх неправамерных дзеяньнях у ходзе выкананьня службовых абавязкаў».

Пры гэтым падпалкоўнік міліцыі Бухаўцоў заўважыў у судзе, што яму хутка на пэнсію і ён не жадае, каб сваякі і знаёмыя казалі пра яго як пра начальніка міліцыі нэгатыўна. Канкрэтных інтэрнэт-рэсурсаў, выразаў і выказваньняў начальнік міліцыі не назваў.

У пазове гаворыцца пра факт відэазапісу апытаньня Жукоўскім жыхароў Лоева наконт дзейнасьці міліцыі на фоне надпісу: «МУС — гестапа», а таксама паведамляецца, што 15 ліпеня Кастусь Жукоўскі «ўчыняў спробу запалохваньня супрацоўнікаў РАУС» праз тэлефон «спэцлініі міліцыі 102». Палохаў, як высьветлілася ў судзе, люстрацыяй. Суд абавязаў пазоўніка прадставіць наконт гэтага аўдыё- і відэаматэрыялы.

У чэрвені мінулага году Кастусь Жукоўскі і Аляксей Атрошчанка прыехалі ў Лоеў здымаць сюжэт пра эканамічны стан мясцовых прадпрыемстваў, у тым ліку й камбінату будаўнічых матэрыялаў. Дзьве чыноўніцы — намесьніца старшыні і кіраўніца спраў мясцовага райвыканкаму — выклікалі міліцыянтаў. Супрацоўнікі міліцыі, у тым ліку й сам начальнік Бухаўцоў, жорстка затрымлівалі фрылансэраў, перашкаджаючы падрыхтоўцы відэасюжэту.

Неўзабаве, як сказана ў пазове, відэасюжэт на тэлеканале «Белсат» усё-ткі выйшаў і называўся гэтак: «Міліцыянты бʼюць журналістаў, каб прыхаваць вынікі эканамічнага заняпаду».

Апрача таго, Кастусь Жукоўскі падаў заяву ў Лоеўскі раённы аддзел Сьледчага камітэту на зьбіцьцё яго міліцыянтамі пры затрыманьні. Судова-мэдычная экспэртыза зафіксавала ў Жукоўскага лёгкія цялесныя пашкоджаньні, якія не паўплывалі на стан здароўя. Улічваючы гэта, раённы сьледчы аддзел не знайшоў падставаў для завядзеньня крымінальнай справы супраць траіх міліцыянтаў, якія ўчынілі гвалт.

Сам Бухаўцоў адмаўляецца камэнтаваць журналістам свой пазоў у зьвязку з чэрвеньскімі падзеямі ў Лоеве.

Прадстаўнік фрылансэра Леанід Судаленка даводзіў у судзе, што параўнаньне міліцыі з тайным карным органам трэцяга рэйху, які адносіўся да міністэрства ўнутраных спраў, — гэта асабістае меркаваньне Жукоўскага пасьля перажытага ў Лоеве.

Чарговае паседжаньне суду паводле пазову начальніка лоеўскай міліцыі да журналіста-фрылансэра Жукоўскага прызначана на 16 студзеня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG