Чацьвёрты па ліку прыем Ганна Канапацкая правяла на выбарчым участку № 97 у менскім мікрараёне Курасоўшчына.
Свайго кабінэту для прыёму грамадзянаў у дэпутаткі дагэтуль няма, на час сустрэчы з выбарцамі працоўнае месца ёй саступае начальнік жыльлёва-эксплюатацыйнага ўпраўленьня № 4 Кастрычніцкага раёну.
«Прыходзьце, і мы разам вырашым вашы праблемы», — напісана на абвестках, якія былі разьвешаныя па ўсім мікрараёне перад сустрэчай.
Да апазыцыйнай дэпутаткі едуць з усёй Беларусі
За некалькі хвілін да пачатку сустрэчы ў прыёмнай начальніка ЖЭУ ўтварылася чарга зь дзясятка чалавек. Першым да дэпутаткі трапіў мужчына сталага веку з пасёлку Старобін Салігорскага раёну. І хоць гэта не яе выбарнік, спадарыня Канапацкая прымае чалавека.
Уладзімер Рыгоравіч цягам шасьці гадоў спрабуе ўзаконіць будаўніцтва дома, якое распачаў ягоны сын на зямельным участку суседа. Сын трагічна загінуў у 2010 годзе. Сытуацыя складаная, бо чалавек, які некалі нібыта прадаў зямельны участак сыну, некуды зьнік. Бацька прапусьціў усе тэрміны ўступленьня ў спадчыну пасьля сьмерці сына, у яго не хапае дакумэнтаў, зьвяртаўся ён і ў міліцыю, і ў суд па месцы жыхарства, але яго «адфутболілі». На пытаньне, чаму Ўладзімер Рыгоравіч прыехаў да Ганны Канапацкай, а не да свайго салігорскага дэпутата, адказаў: даведаўся, што дэпутатам стала апазыцыянэрка, паехаў у сталіцу са спадзевам вырашыць свае праблемы. Ганна як прафэсійны юрыст цягам гадзіны цярпліва тлумачыла чалавеку, якія дакумэнты ён павінен аднавіць, куды зьвяртацца, як далей дзейнічаць.
Просяць дапамагчы «дайсьці да прэзыдэнта»
Другі наведнік, спадар Аляксандар, прыйшоў да Ганны Канапацкай ужо другі раз, цяпер зь сястрой, якая зьяўляецца ягонай апякункай. Мужчына лічыць, што яго незаконна звольнілі з працы яшчэ ў 1999 годзе, прызналі недзеяздольным, далі групу інваліднасьці. У яго цэлы стос дакумэнтаў, чалавек дайшоў да Вярхоўнага Суду, зьвяртаўся ў АБСЭ, ААН. На пытаньне, чаго ён чакае ад дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў, Аляксандар кажа:
«Дапамагчы дайсьці да кіраўніка дзяржавы, каб давесьці, што мяне незаконна звольнілі 17 гадоў таму». Ганна далікатна, цярпліва, дасьціпна тлумачыць, як дамагчыся незалежнай псыхіятрычнай экспэртызы, куды зьвяртацца, што ў такім складаным выпадку можа зрабіць апякунка.
Жанчына просіць утаймаваць былога мужа
Спадарыня Валянціна пражывае ў прыватызаванай кватэры з былым мужам. Хоча прадаць сваю долю ў кватэры, але былы муж, які паводле закону мае першачарговае права выкупіць гэты пакой, чыніць перашкоды, адмаўляецца прыняць пісьмовае паведамленьне аб продажы долі Валянціны. Наведніца расхвалявалася, расплакалася...
Ганна Канапацкая апэратыўна зьвязваецца з натарыюсам, які займаецца справай Валянціны, дае параду зьвярнуцца ў кадастравае агенцтва, літаральна дыктуе, што напісаць ў чарговай заяве, куды накіраваць яшчэ адзін зварот. Юрыдычная адукацыя і амаль 20-гадовы досьвед працы вельмі дапамагаюць — спадарыня Канапацкая цытуе артыкулы Грамадзянскага кодэксу, дакладныя фармулёўкі, памятае ўсе папраўкі, зьмены, якія былі прынятыя зусім нядаўна. Яна сама па пунктах запісвае, куды зьвярнуцца жанчыне, абяцае на наступны дзень патэлефанаваць.
Дэпутатку просяць адрамантаваць дах
Яшчэ адна наведніца, шматдзетная маці Людміла трапіла да дэпутаткі Канапацкай выпадкова — паўгода яна «змагаецца» з камунальнікамі, якія абяцалі адрамантаваць дах над яе кватэрай пасьля ліпеньскага ўрагану. Дах быў пашкоджаны, кватэру пастаянна залівае. Яе сям’я сваімі сіламі зрабіла рамонт у кватэры і дамагаецца кампэнсацыі. Чарговым разам Людміла прыйшла ў ЖЭС і ўбачыла абвестку, што тут вядзе прыём дэпутатка Палаты прадстаўнікоў. Адчуваецца, што Ганна Канапацкая ўжо ня раз сутыкалася з падобнымі камунальнымі праблемамі, яна добра ведае мясцовае кіраўніцтва па імёнах і прозьвішчах. Дэпутатка тлумачыць, што ў Людмілы цалкам выйгрышная справа, дае парады, як «выбіць» у падраднай арганізацыі, якую наняло ЖЭУ, грошы за рамонт, які жанчына зрабіла за ўласныя сродкі.
Шматдзетная маці, якая сама працуе ў аддзеле сацыяльнай абароны насельніцтва, пытаецца ў дэпутаткі, ці ёсьць у яе шанцы найбліжэйшым часам палепшыць жыльлёвыя ўмовы. У 2016 годзе на Кастрычніцкі раён выдзелілі толькі 4 кватэры на льготных умовах для шматдзетных. Людміла стаіць у чарзе два з паловай года, яе сям’я 84-я. Летась ёй прапаноўвалі будаваць кватэру за ўласныя грошы, але для шматдзетнай сям’і 1300 рублёў за квадратны мэтар — сума непад’ёмная.
Ганна Канапацкая ня можа абнадзеіць жанчыну і гаворыць даволі непапулярныя рэчы:
«Я асабіста — супраць льготных крэдытаў. Трэба, каб любы грамадзянін добра зарабляў і мог сам пабудаваць сабе жытло. Гэта праблема дзяржавы, што яна ня можа забясьпечыць годныя заробкі сваім жа службоўцам».
Як прыватызаваць кватэру
Яшчэ адзін наведнік, Леанід Аляксандравіч, прыносіць некалькі тэчак з дакумэнтамі і перапіскай з чыноўнікамі. Адміністрацыя Кастрычніцкага раёну не дазваляе ягонаму сыну бясплатную прыватызацыю кватэры, якую сям’я атрымала яшчэ ў 1982 годзе замест зьнесенага прыватнага дома. Мужчына зьвяртаецца ўжо да трэцяга дэпутата сваёй акругі, два папярэднія не дапамаглі. Не давярае ён і судовай уладзе. Кажа, што і ён, і сям’я сына галасавалі за Ганну Канапацкую і спадзяюцца на яе дапамогу:
«Давайце разам з вамі зьвяртацца да чыноўнікаў, аднаму мне не перамагчы. Я вельмі крануты вашай увагай. Так трымаць!» — кажа узрушаны такім па-чалавечы цёплым прыёмам і высокім прафэсіяналізмам у юрыдычнай сфэры дэпутаткі Ганны Канапацкай просьбіт.
Канапацкая: «Дэпутат парлямэнту не заканадаўца, а «і швец, і жнец, і на дудзе ігрэц»
Пасьля чацьвёртага прыёму выбарцаў Ганна Канапацкая робіць наступныя высновы:
«На жаль, у нас людзі не давяраюць судам. І гэта праблема, якую трэба вырашаць. Яны не давяраюць міліцыі, і тут таксама праблема, якую трэба тэрмінова ўздымаць і вырашаць. І нават нягледзячы на тое, што бальшыня грамадзянаў ня лічаць выбары свабоднымі і справядлівымі, для іх дэпутат як сьвятло ў акенцы. Ідуць у асноўным з праблемамі бытавога характару. Але з гэтых побытавых дробязяў вынікае цэлы пласт праблем, які існуе ў грамадзтве, у дзяржаве. Гэта безгаспадарчасьць, безадказнасьць. Вось сёньня з чым я сутыкнулася: ЖЭС наймае падрадную арганізацыю, якая зрабіла няякасную працу, як той казаў, цяп-ляп, — яе прынялі. А за тое, што праз 2 месяцы гэтую працу неабходна перарабляць, ніхто не адказвае. Дык, можа, нам ня трэба гнацца за таннасьцю, а рабіць якасна? Можа, нам трэба навучыць чыноўнікаў, камунальнікаў таму, што калі яны працяць за паслугу, павінны патрабаваць, каб яна была якасная?
Але зьдзіўляе бездапаможнасьць і ўтрыманскія настроі людзей. Многія ня могуць нават сфармуляваць, навошта яны прыйшлі да дэпутата, што яны ад яго хочуць, чаго дамагаюцца. Вось сёньня доўга тлумачыла жанчыне, як па пошце адправіць заказны ліст з паведамленьнем аб дастаўцы. Часьцяком прыходзяць з такой драбязой, якую лёгка можа вырашыць мясцовы ЖЭС.
Зьвяртаюцца і з цалкам процілеглымі просьбамі. На адным з прыёмаў прыйшла бабка, якая прадае гародніну і кветкі, што вырасьціла на лецішчы, скардзіцца, што міліцыя ганяе. І сьледам за ёй прыходзіць мужчына, які абураецца, што каля крамы бабулькі прадаюць харчы.
Мне дапамагае тое, што я юрыст з 20-гадовы стажам і магу даць параду, прапанаваць чалавеку альгарытм дзеяньня. Спрабую дапамагчы ў сілу сваіх ведаў і вопыту.
Што яшчэ карысна ад такіх прыёмаў грамадзянаў: сутыкаючыся з пэўнай праблемай, я бачу прабелы ў заканадаўстве ці ў нейкіх актах органаў выканаўчай улады, якія можна і неабходна мяняць.
Я дагэтуль не магу прывыкнуць да таго, што замест глябальных, сур’ёзных праблем даводзіцца вырашаць усялякія дробязі, якія можа вырашыць супрацоўнік ЖЭСу ці хаця б мясцовы дэпутат гарсавету. Дарэчы, у мяне ёсьць пытаньне да дэпутата гарсавету ў маёй акрузе: чаму ён не вядзе прыёму і не вырашае праблемы на сваім ўзроўні з тым жа рамонтам даху, а выбарнікі ідуць да мяне? Людзі лічаць, што дэпутат парлямэнту не заканадаўца, а, як той казаў, «і швец, і жнец, і на дудзе ігрэц». Думаю, гэта ідзе ад таго, што кіраўнік дзяржавы пастаянна паўтарае: «Я прыйду, я разьбяруся, я навяду парадак».
Людзі самі не патрабуюць ад улады справаздачы. Людзі прывыклі прасіць, а не рэалізоўваць свае правы, вось у чым наша асноўная праблема. Я кажу людзям: «Гэты вы плаціце — вы плаціце са сваіх падаткаў заробак мне, вы плаціце заробак прэзыдэнту, вы нанялі чыноўнікаў для вырашэньня вашых праблем. І вы павінны патрабаваць ад іх добрасумленнага выкананьня абавязкаў». Нават калі чалавек прыходзіць са сваёй праблемай, што тычыцца яго ўласнасьці, з гэтай праблемы выцякае безадказнасьць, безгаспадарчасьць, бесталковасьць мясцовых чыноўнікаў, прадстаўнікоў улады. Да мяне на прыём прыяжджаюць людзі з Гомелю, Віцебску, вось сёньня быў мужчына з Салігорскага раёну. З гэтага вынікае, што людзі не давяраюць мясцовай уладзе — ні судовай, ні выканаўчай.
Я заўсёды прывожу прыклад: у нас даволі невялікая краіна, у якой няма нават 10 мільёнаў насельніцтва, і ажно 24 міністэрствы і ведамствы. А ў Вялікай Брытаніі 65 мільёнаў насельніцтва і ўсяго 9 міністэрстваў. Навошта нам столькі чыноўнікаў? Ёсьць што мяняць, ёсьць над чым працаваць".