Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Астравецкая АЭС можа стаць апошнім ударам, які зломіць беларускую сацыяльную мадэль»


Ці здолее Беларусь разьлічыцца з Расеяй за пабудову АЭС у Астраўцы?

Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Дзьмітры Гурневіч, Валер Карбалевіч.

Глод: Кошт Беларускай АЭС зноў расьце. Цяпер яшчэ на 675 мільёнаў даляраў. Гэтую лічбу зьмяшчае каштарысны разьлік, што ўнесены на разгляд у «Галоўэкспэртызу Расеі». Пра гэта паведамляе бюлетэнь Разьліковай палаты Расеі.

Колькі будзе каштаваць атамная станцыя, якую будуюць у Астраўцы, дакладна сёньня сказаць мабыць немагчыма. Але тэндэнцыя павелічэньня выдаткаў фіксуецца ўвесь час. Першую лічбу яшчэ ў 2005 годзе агучыў намесьнік старшыні «Аб’яднанага інстытута ядзерных выпрабаваньняў «Сосны» Анатоль Якушаў. Тады ён казаў, што АЭС будзе каштаваць 2,5-3 мільярды даляраў. Але ўжо праз год Міхаіл Мясьніковіч заявіў пра 3,5 мільярды долараў. Яшчэ праз год тагачасны міністар фінансаў Мікалай Корбут казаў пра 4 мільярды.

Згодна з умовамі крэдытаваньня, Расея аплаціць 90 працэнтаў кошту будучай АЭС.

У 2009 годзе Беларусь папрасіла ў Расіі крэдыт на будаўніцтва АЭС — 9 мільярдаў. Праз два гады Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў, што станцыя будзе каштаваць 9 мільярдаў — 6 мільярдаў сама станцыя і яшчэ 3 мільярды — інфраструктура. А ў 2012 годзе беларускі бок падпісаў з Расеяй пагадненьне аб будаўніцтве АЭС. Там прапісаны крэдыт 10 мільярдаў на 25 гадоў. Згодна з умовамі крэдытаваньня, Расея аплаціць 90 працэнтаў кошту будучай АЭС, астатнія 10 працэнтаў будуць прафінансаваныя беларускім бокам. Крэдыт будзе выкарыстоўвацца на працягу 10 гадоў — тэрмін будаўніцтва АЭС — пасьля чаго будзе пагашацца на працягу 15 гадоў.

А два гады таму намесьнік дырэктара «Беларускай АЭС» Андрэй Баркун паведаміў, што кошт станцыі не перавысіць 11 мільярдаў. Цяпер выглядае, што будаўніцтва будзе каштаваць ужо 12 мільярдаў. І гэтыя дадатковыя мільярды зноў жа будзе даваць Расея.

Пытаньне аб разьліках з Масквой становіцца, на мой погляд, усё больш пагрозьлівым для беларускага бюджэту.

Таму пытаньне аб разьліках з Масквой становіцца, на мой погляд, усё больш пагрозьлівым для беларускага бюджэту. Спадзяваньні на тое, што можна будзе прадаваць электрычнасьць з АЭС і гэткім чынам вярнуць крэдыты, выглядаюць даволі неабгрунтаванымі. Калі Літва, якая рашуча выступае супраць Беларускай АЭС, што будуецца ўсяго ў 50 кілямэтрах ад Вільні, зможа заблякаваць закупы такой электрычнасьці краінамі Эўразьвязу, то ўзьнікае пытаньне: куды прадаваць электрычнасьць з Астравецкай АЭС? А калі ўлічыць, што Расея зьбіраецца будаваць сваю АЭС у Калінінградзкай вобласьці, то згаданае пытаньне набывае яшчэ большую актуальнасьць.

Я спэцыяльна абмінаю ў нашай перадачы пытаньне рызыкі для Беларусі самой станцыі, а хачу зафіксаваць вашу ўвагу, калегі, толькі на фінансавай частцы праекту. Калі беларусы пагаджаліся на будаўніцтва атамнай станцыі, яе кошт быў зусім іншым. Ці патрэбна краіне настолькі дарагая АЭС? І як Беларусь здолее разьлічыцца з крэдыторамі? Магчыма, замест вяртаньня крэдытаў давядзецца аддаваць Крамлю частку сувэрэнітэту і незалежнасьці. Ці дапускаеце вы такі варыянт далейшых падзеяў?

Гурневіч: У адносінах паміж Беларусьсю і Расея менавіта Менск у вечнай пазыцыі таго, хто ахвяруе ўласным сувэрэнітэтам, каб вытаргаваць чарговыя саступкі ад Масквы. Так будзе і гэтым разам.

Як толькі Расея захоча шантажаваць Беларусь закрыцьцём праекту ці павышэньнем сумы будаўніцтва, беларуская дзяржава вымушаная будзе пагаджацца.

Будаўніцтва АЭС інакш як авантурай стагодзьдзя не назавеш. І ня толькі праз траўму беларусаў пасьля выбуху на Чарнобыльскай АЭС. Астравецкая АЭС будуецца за расейскія грошы, расейскімі кампаніямі і рабочымі, паліва для АЭС будзе пастаўляцца з Расеі. То бок Беларусь тут нічога па-сутнасьці не вырашае. Бо як толькі Расея захоча зрабіць нейкі крок: шантажаваць Беларусь закрыцьцём праекту ці павышэньнем сумы будаўніцтва, беларуская дзяржава вымушаная будзе пагаджацца.

Цяпер вырасла цана. Дык і нават без гэтай сумы немагчыма ўявіць, як Лукашэнка зьбіраўся разьлічвацца з Расеяй. Можна меркаваць, што Масква пагодзіцца на адтэрміноўку ў аплаце, альбо на кампэнсацыю ў выглядзе беларускай уласнасьці альбо ўступкі палітычнага кшталту, як згода на расейскую вайсковую базу. Гэта ўсё, канешне, толькі тэорыі. Але адно пэўнае, Масква пачынала ўсю гэтую гісторыю з АЭС не дзеля дабрачыннасьці.

Калі Ўкраіну расейцам даводзілася браць сілай і не ўдалося, то ў Беларусі яны гэта робяць эканомікай, эфэктыўна прывязваючы яе да сябе. Ва ўладаў Беларусі поле для манэўру ня вельмі вялікае, бо ўсё, што яны рабілі два дзесяцігодзьдзі было наўмысным накідваньнем на шыю Расеі.

Карбалевіч: Упэўнены, што гэта не апошняе павялічэньне кошту будаўніцтва АЭС. Нагадаю, што калі будавалі Нацыянальную бібліятэку, то яе канчатковы кошт вырас удвая ў параўнаньні з першапачатковым праектам. Тое самае адбылося і з будаўніцтвам «Менск-Арэна». АЭС — гэта не бібліятэка. Не зьдзіўлюся, калі і тут канчатковы кошт павялічыцца ўдвая.

Па заканчэньні будаўніцтва гэты вялізны доўг, мяркуецца, ня мнеш як два дзесятка мільярдаў даляраў павісьне на Беларусі Для параўнаньня нагадаю, што зьнешні дзяржаўны доўг Беларусі паводле стану на 1 лістапада склаў 13,5 млрд даляраў. Гэта значыць, доўг вырасьце больш, чым удвая. Як Беларусь яго будзе выплачваць, незразумела.

Прадаваць гэтую электраэнэргію з АЭС асабліва няма куды.

Падчас перамоваў перад начаткам будаўніцтва АЭС Расея настойвала каб было створанае беларуска-расейскае СП па продажу электраэнэргіі. Такім чынам, РФ разьлічвала кампэнсаваць свае затраты. Але цяпер высьвятляецца, што прадаваць гэтую электраэнэргію з АЭС асабліва няма куды, яе экспарт пад вялікім пытаньнем.

Увогуле, усё больш высьвятляецца, што праект Беларуская АЭС — гэта вялікая авантура. Вынесем нават за дужкі тэму экалёгіі, а гаворым толькі пра эканоміку. Выглядае так, што АЭС ніколі не акупіцца. Доўга за яе павісьне дадатковым цяжарам на слабай беларускай эканоміцы.

Вось у канцы існаваньня СССР гіганцкім праектам было будаўніцтва Байкала-Амурскай магістралі (БАМ). Яе называлі «будоўляй стагодзьдзя». Яна патрабавалі вялізарных затрат. Потым, ужо пасьля краху СССР высьветлілася, што БАМ нерэнтабэльны, ён не акупляе ўласнае існаваньне, вялікага эканамічнага сэнсу ў яго будаўніцтве не было. Выказваюць нават думку, што ён стаў апошняй цаглінай, якая зламала, надарвала савецкую эканоміку.

Вось па аналёгіі можна прагназаваць, што Астравецкая АЭС можа стаць апошнім ударам, які зломіць беларускую сацыяльную мадэль, якую пабудаваў Лукашэнка. Толькі каб разам з гэтай мадэльлю не пацярпела крах Беларусь як дзяржава.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG