Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першыя гады Карымаў таксама быў «народным прэзыдэнтам», — як Узбэкістан скідвае аўтарытарныя путы


Куды завядзе свой караван новы пагоншчык? (помнік у Самаркандзе)
Куды завядзе свой караван новы пагоншчык? (помнік у Самаркандзе)

Сёлета завяршылася амаль 30-гадовая кадэнцыя аднаго з самых жорсткіх аўтарытарных лідэраў сьвету — прэзыдэнта Ўзбэкістану Іслама Карымава. Ён памёр неўзабаве пасьля таго, як быў выбраны на чарговы 5-гадовы тэрмін, Цэнтарвыбаркаму давялося абвясьціць датэрміновыя выбары на пачатку сёлетняга сьнежня.

Такім чынам, чалавечы фактар дапамог узысьці на найвышэйшую пасаду прэм’ер-міністру, дыплямаванаму мэліяратару Шаўкату Мірзіёеву — іншых шанцаў стаць на чале краіны ў апанэнтаў вечнага Карымава амаль не было. Як бы там ні было, новы год грамадзяне Ўзбэкістану сустракаюць з новым прэзыдэнтам.

Ня будзе рэформаў, пакуль на «палітычнай» дошцы слон мяняе каня і наадварот

Пасьля цырымоніі інаўгурацыі Шаўката Мірзіёева нават некаторыя апальныя праваабаронцы ўвайшлі ў стан эўфарыі, сьцьвярджаючы, што Ўзбэкістан ледзь не на парозе лібэральных пераўтварэньняў — натуральна, калі параўноўваць з ранейшым рэжымам. Дык ці сапраўды перад 30-мільённым насельніцтвам краіны адкрываюцца новыя пэрспэктывы?

Адзін з самых вядомых незалежных журналістаў Узбэкістану Саід Янышаў, які неаднаразова прыцягваўся да адказнасьці за спробы «замаху на канстытуцыйны лад», лічыць, што калі і гаварыць пра нейкія зьмены, то ў лепшым выпадку пра «касмэтычныя». З Саідам мы сустрэліся ў Менску, калі ён транзытам ехаў ва Ўкраіну:

Незалежны журналіст Саід Янышаў
Незалежны журналіст Саід Янышаў

«Я цяпер гляджу навокал — сапраўды вока фіксуе пэўныя пераўтварэньні, — прызнаецца Саід. — Скажам, ва ўрадзе, у галіновых ведамствах зьяўляюцца новыя людзі. Але справа ў тым, што я ня бачу ў іх рэфарматараў, я бачу толькі тэхнічную перастаноўку фігураў на шахматнай дошцы — слон мяняе каня ці наадварот. І пры гэтым нікога, хто мог бы пацьвердзіць жаданьне глыбокіх рэформаў — па аналёгіі з той жа Ўкраінай, дзе за два апошнія гады ключавыя пасады занялі маладыя адукаваныя сьветлыя галовы. Гэта значыць, ніводнай фігуры ў перастаноўцы, якая хоць нешта рэальна значыла б сама па сабе, каб асацыявалася з рэформамі, з карэннымі зьменамі ў грамадзтве».

На перакананьне суразмоўцы, наўрад ці выпадае чакаць радыкальных пераўтварэньняў, калі кадравая палітыка працягвае рабіцца ў закулісьсі. І прыводзіць такі прыклад:

«Так, прызначылі новага кіраўніка ўраду. Кіроўная Лібэральна-дэмакратычная партыя Ўзбэкістану, ад якой у прэзыдэнты балятаваўся Шаўкат Мірзіёеў, вылучыла на гэтую пасаду Абдулу Арыпава — нібыта „цёмнага коніка“. Дарэчы, раней ён актыўна лабіраваў інтарэсы Гульнары, дачкі Іслама Карымава, у яе афэрах са скандынаўскімі кампаніямі сотавай сувязі. А цяпер ён раптам стаў кіраўніком ураду. Атрымліваецца, махляра, якога ў разгар скандалу заткнулі некуды ў цень, цяпер, спадзеючыся, што гісторыя крыху забылася, раз — і зноў выставілі на шахматную дошку. Як быццам „цёмнага коніка“: маўляў, пачынай спачатку».

Саід Янышаў пад ялінай на Кастрычніцкай плошчы ў Менску
Саід Янышаў пад ялінай на Кастрычніцкай плошчы ў Менску

Датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары хоць і мелі статус альтэрнатыўных, але агалілі праблему ўсіх аўтарытарных рэжымаў — іншых кандыдатаў, апроч уладнага, практычна ніхто ня ведае. Як і ў выпадку зь Беларусьсю, больш чым за два дзясяткі гадоў ніхто з ідэйных апанэнтаў ня меў доступу да мэдыйнай трыбуны. Як кажа Саід Янышаў, нават Мірзіёева, які кіраваў урадам ад 2003 году, да нядаўняга часу мала хто пазнаў бы на вуліцы — увесь навінавы эфір нацыянальных каналаў займаў Карымаў (чытай «Лукашэнка»):

«На леташніх выбарах паказалі двух кандыдатаў ад пачатку як лузэраў. І нават гэтага хапіла, каб хтосьці сёлета іх запомніў: „Дык я яго ведаю, паўтара года таму бачыў у бюлетэнях, на ўлётках — знаёмы твар!“. Яны праехалі па абласьцях, выступілі перад электаратам, агучылі праграму. Усё добра, каб не адно: чалавеку з вуліцы трапіць туды было немагчыма, дэлегавалі загадзя зацьверджаных асобаў. Як у Туркмэністане, калі па сэктарах фармуюць „групы насельніцтва“: з 200 чалавек 50 — прадстаўнікі хакіміяту, 50 — махалі, 50 — аксакалы, 50 — сівавалосыя маці. Хадзілі і прызначалі: сёньня як штык каб быў! Ня толькі прамова кандыдата, а і пытаньні з залі былі ўзгоднены з партыяй, ня дай Божа, каб нехта дапусьціў свавольства. Таму звычайныя жыхары не маглі зайсьці і задаць пытаньне таму ж Кетмонаву: вы гэта ўсё сур’ёзна ці дзеля сьмеху?».

Наіўна марыць пра лібэралізацыю, пакуль усю палітыку фармуюць спэцслужбы

На думку Саіда Янышава, можна было разважаць пра магчымасьць кардынальных зьменаў для Ўзбэкістану, каб ва ўладзе апынуўся Рустам Азімаў — першы віцэ-прэм’ер у кадэнцыю Мірзіёева. Чыноўнік ня раз крытыкаваўся калегамі з кабінэту міністраў за празьмерна «празаходнюю арыентацыю»:

Саід Янышаў у Менску
Саід Янышаў у Менску

«Той жа Азімаў. Шмат хто рэформы ва Ўзбэкістане зьвязваў менавіта зь ім, менавіта яго ў ідэале бачылі прэзыдэнтам. Прынамсі верылі, што ён будзе ў сьпісе кандыдатаў. Але, зноў жа, у нас, як гэта было і раней, ня мае права балятавацца кожны, хто таго захацеў. Недзе паміж сабой дамовіліся, хто пойдзе, дык той і вылучаецца. Як я дапускаю, Азімаў у тайне можа і хацеў бы на штосьці прэтэндаваць, аднак яму выразна далі зразумець: ды ты што, заціхні! А то наогул куды-небудзь пасунем з поля — гэта калі мы ўжо ўзялі за аснову сымбалічную шахматную дошку. То бок, падтэкст такі: будзеш выступаць — абернесься ў пешку. І ўсё, замоўк. Бо разумее, што з уладай, і асабліва са спэцслужбамі, жарты не праходзяць. Каму, як не яму, гэта ведаць».

Тым ня меней нават некаторыя праваабаронцы, якія дзесяцігодзьдзямі цярпелі ад карымаўскага рэжыму, сёньня гавораць пра разварот улады да праблемаў простага чалавека. Мой суразмоўца кажа, што прыблізна гэтак жа пачынаў і Іслам Карымаў, пакуль урэшце не «закаранеў»:

«Усё нагадвае першыя гады ўлады Карымава: было шмат розных рэформаў, прымаліся новыя законы, сам ён пазыцыянаваў сябе фігурай, блізкай да народу. Зноў жа, калі ў Ташкенце яшчэ не было паўсюдна кардонаў, не было так званай прэзыдэнцкай трасы, ён мог праехаць з працы ці на яе па абсалютна малалюднай вузкай вулачцы — напрыклад, побач з выдавецтвам на колішняй Ленінградзкай, цяпер Матбуотчылар (вуліца Выдаўцоў). Прыблізна тое ж на пачатку свайго прэзыдэнцтва дэманструе і Мірзіёеў. Натуральна, хацелася б думаць, што нішто не абяцае горшага. Але ў тым і бяда, што ёсьць рэальныя прыклады, па якія далёка хадзіць ня трэба. Як будзе на самой справе, пытаньне пакуль без адказу».

Мячэт у Самаркандзе, на тэрыторыі якой пахаваны Карымаў
Мячэт у Самаркандзе, на тэрыторыі якой пахаваны Карымаў

Паводле журналіста, мільёны жыхароў краіны ў літаральным сэнсе жывуць ва ўмовах фэадалізму — прынамсі без элемэнтарных бытавых выгодаў, звыклых для чалавека ХХІ стагодзьдзя. Адзіным выключэньнем — хіба што сталіца:

«Я пастаянна нагадваю сябрам і знаёмым: не забывайцеся, што мы з вамі, сталічныя жыхары, жывём у раі. Паглядзіце, як жывуць людзі ў рэгіёнах. Абсалютна ва ўсіх абласьцях, якіх у нас усяго 12 (за выключэньнем хіба што Ташкенцкай) народ цягам дзясяткаў гадоў штодзённа сутыкаецца з рэальнымі праблемамі. Гэта адсутнасьць і газу, і электрычнасьці, і вады — дазуецца падача нават халоднай, ужо не кажу пра гарачую. У вялікіх і малых гарадах жывуць, як у эпоху фэадалізму, — вогнішчамі абаграваюцца, кізякі паляць, саксаулы на распальваньне рэжуць. Груба кажучы, як у ХІХ стагодзьдзі, калі тут, уласна кажучы, фэадалізм і быў у наяўнасьці. І так жывуць з пакаленьня ў пакаленьне, нічога зрабіць ня могуць!»

На гэтым фоне тым большай «паказухай», на перакананьне Саіда, выглядае рашэньне новых уладаў зрабіць крок да цывілізацыі — дазволіць бязьвізавы ўезд для грамадзянаў амаль што трох дзясяткаў краінаў:

Макет брамы палаца на радзіме Тамерлана ў Шахрысабсе
Макет брамы палаца на радзіме Тамерлана ў Шахрысабсе

«Няма вады, але чакаем турыстаў — з гэтай опэры... Ці паедуць? Асабіста я ў гэтых захадах сэнсу ня бачу. Хто захацеў, так ці інакш прыедзе. Ну пачуў ад некага амэрыканец ці француз, вырашыў „выпендрыцца“. Што для яго тая віза? Пайшоў у амбасаду ў Парыжы, без аніякай чаргі заплаціў колькі там эўра, што не падрывае сямейны бюджэт, — і гатова! Ад таго, што зараз будзе бязьвізавы ўезд, яно не спадзьвігне прыехаць не адзін раз, а два. Ці едзе ці не, іншых варыянтаў няма. У першыя дні праўленьня можна заяўляць што заўгодна, проста любое рашэньне трэба аналізаваць. Людзі прачыталі — вах, ні фіга сабе, гэта ж зараз паваляць турысты! Адкуль паваляць? Хто хацеў, ужо прываліў, а хто не захацеў, дык ужо і не прываліць, дай ты яму хоць 50-працэнтную зьніжку на квіток».

Як удакладняе Саід Янышаў, сапраўдная праблема ляжыць зусім у іншым — ва ўнутраных абмежаваньнях на перамяшчэньне для сваіх жа грамадзянаў. Як у 1990-х у Беларусі, сёньня бяз санкцыі ўладаў узбэкі ня могуць выехаць за мяжу, патрэбна выязная віза:

Паломнікі ў духоўным комплексе Аль-Бухары
Паломнікі ў духоўным комплексе Аль-Бухары

«Гэта застаецца, ніхто абмежаваньняў не адмяняў. Нягледзячы на тое, што цягам першых трох месяцаў, калі Мірзіёеў выконваў абавязкі прэзыдэнта, было падтрыхтавана некалькі пэтыцыяў за скасаваньне так званай выязной візы. Падпісалася вялізная колькасьць людзей — прычым не абы-якіх, а скрозь вядомыя асобы, актывісты грамадзянскай супольнасьці. Ды не, хоць бы хны, ніхто наверсе нават не заўважыў. Гэта сьведчыць пра тое, што такім пытаньнем улады якраз не заклапочаныя. Між іншым, разам з патрабаваньнем вызваліць усіх палітзьняволеных гэта было наступнай просьбай з боку праваабаронцаў, журналістаў. І яно ўсё прайшло міма вушэй. Дакладна гэтак жа, як рэакцыя на вызваленьне палітвязьняў».

Трох палітзьняволеных выпусьцілі, а дзясяткі тысяч сядзяць за чытаньне Карану

За часамі праўленьня Іслама Карымава сытуацыя з правамі чалавека ва Ўзбэкістане заставалася адной з самых праблемных ня толькі на постсавецкай прасторы, а наогул у сьвеце. Тым ня меней, яшчэ ў статусе выканаўцы абавязкаў прэзыдэнта Шаўкат Мірзіёеў падпісаў загад аб вызваленьні шэрагу палітзьняволеных. Наколькі гэта «рэвалюцыйны крок» — тлумачыць незалежны журналіст Саід Янышаў:

«Выпусьцілі трох, а 20 самых вядомых — за кратамі. Ужо не кажу пра рэлігійнікаў, якіх ад 10 да 20 тысяч. Гэта людзі, якія сядзяць не за рэлігійныя перакананьні — яны асуджаныя, бо таго патрабаваў плян. Калі ўрываюцца ў дамы і знаходзяць Каран, які прадаецца ў любой кнігарні, ужо дастаткова, каб павесіць ярлык і пару крымінальных артыкулаў: 159-ы — замах на канстытуцыйны лад Узбэкістану і 244-ы — стварэньне і распаўсюд матэрыялаў, якія зьмяшчаюць пагрозу грамадзтву. Іх „шыюць“ вернікам, каб даць 10-15 гадоў пазбаўленьня волі. А заадно і атачэньню — сваякам, сябрам, стварыўшы „сетку“, якая нібыта задумвала скінуць урад, учыніць замах на канстытуцыйны лад. Людзі проста вераць у Алаха, пяць разоў на дзень чытаюць намаз, што прадпісвае Каран. Ня больш за тое, ня думалі яны ні пра якое зьвяржэньне рэжыму».

Паўтары тысячы гадоў мусульманскай гісторыі
Паўтары тысячы гадоў мусульманскай гісторыі

Пры гэтым суразмоўца зьвяртае ўвагу на відавочныя нестыкоўкі паміж перасьледам вернікаў і рэальнай сытуацыяй у краіне. Фармальна Узбэкістан — сьвецкая дзяржава, але абодва прэзыдэнты давалі клятву, трымаючы руку на Каране.

«Колькі разоў не паўтарай пра сьвецкасьць, Узбэкістан — мусульманская краіна. Хоць фармальна яна і лічыцца па-за рэлігійным уплывам. Так, Карымаў у свой час адназначна вызначыў, што мы сьвецкая дзяржава. Але натуральна, што веравызнаньнем бальшыня насельніцтва, як ні круці, усё роўна мусульмане. Нават калі гэтым разам Мірзіёеў даваў прысягу на вернасьць народу і Айчыне, то прысягаў на Канстытуцыі і на Каране. Што немалаважна. Наколькі памятаю, і Карымаў перад усімі сваімі кадэнцыямі таксама кляўся і на Асноўным законе, і на Каране. Вось і ўявіце сабе (пакінем пакуль у баку Канстытуцыю), Карымаў прысягае адной рукой на Каране, а другой ягоныя людзі, ягоныя прысьпешнікі саджаюць тых, хто ім кіруецца. Абсурд проста з шэрагу кафкіянскіх».

Нягледзячы на эўфарыю ў грамадзтве, якое чакае ад новаабранага прэзыдэнта лібэральных крокаў, Саід Янышаў захоўвае на гэты конт стрыманы аптымізм:

Патрэба ў валютнай рэформе насьпела даўно
Патрэба ў валютнай рэформе насьпела даўно

«У мяне, скажу так, ён стрымана-вычакальны. Гэта нават не аптымізм, а проста стрыманая пазыцыя, бо трэба нейкі час ва ўсім гэтым пажыць. Як мінімум год, каб прайсьці, азірнуцца і паглядзець, скласьці своеасаблівы сьпіс, што за мінулы час адбылося. Тры месяцы, пакуль ён быў выканаўцам абавязкаў, — вельмі мала. Тым больш што цяпер ён ужо прэзыдэнт, і, пачынаючы з рэальнага тэрміну, трэба адлічыць найменей год. І тады паглядзець, што зроблена наогул. Ацаніць, пакласьці на вагу і шчыра адказаць: ці ўсё так засталося, як прагназавалася (вырашыліся дробныя праблемкі, а галоўныя засталіся), ці штосьці галоўнае (як валютная рэформа, свабода для прадпрымальнікаў, закон аб барацьбе з карупцыяй) засталося толькі на словах? 2017 год вельмі шмат у гэтым сэнсе пакажа: куды насамрэч рушыць краіна, яе кіраўніцтва і 30-мільённы народ».

Шанец для народу Ўзбэкістану
Шанец для народу Ўзбэкістану

Невядома, колькі яшчэ Ўзбэкістан заставаўся б у «замарожаным» стане, каб ня сьмерць Іслама Карымава. Цяпер жа людзі прынамсі цешацца спадзяваньнямі на станоўчыя пераўтварэньні, якіх былі пазбаўленыя апошнія два дзясяткі гадоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG