Ва Ўзбэкістане адбыліся прэзыдэнцкія выбары — упершыню з канца 1980-х без удзелу нязьменнага кіраўніка краіны Іслама Карымава. Савецкі функцыянэр, які ў 1991-м зьмяніў партыйнае крэсла на прэзыдэнцкае, памёр 2 верасьня, і праз год пасьля чарговай выбарчай кампаніі давялося ладзіць новую, датэрміновую.
Паводле папярэдніх падлікаў узбэцкага Цэнтравыбаркаму, пераканаўчую перамогу атрымаў прэм’ер-міністар, выканаўца абавязкаў прэзыдэнта, вылучэнец ад Лібэральна-дэмакратычнай партыі і мэліяратар паводле адукацыі Шаўкат Мірзіёеў. Як і ягоны папярэднік, новы «бацька ўзбэкаў» сабраў амаль што 90% галасоў выбарцаў. Астатняе падзялілі паміж сабой тры палітычныя супернікі.
Нягледзячы на тое, што чыноўнік кіруе ўрадам апошнія 13 гадоў, бальшыня выбарцаў даведаліся, як ён выглядае, толькі пасьля сьмерці Карымава — культ асобы не спрыяў таму, каб на тэлебачаньні і ў газэтах зьяўляўся нехта яшчэ, апроч прэзыдэнта. Зрэшты, прозьвішчы апанэнтаў Мірзіёева на выбарах наўрад ці каму нешта казалі ўвогуле — гэта прадстаўнікі трох кантраляваных партыяў Хатамжон Кетмонаў, Нарымон Умараў і Сарвар Атамуратаў.
Назіральнікі адзначаюць нязвыклы антураж сёлетняй прэзыдэнцкай кампаніі. Удзельнікі прэзыдэнцкай гонкі атрымалі трыбуны для перадвыбарных выступаў, на вуліцах зьявіліся бігборды з заклікамі галасаваць за таго ці іншага прэтэндэнта, курсаваў грамадзкі транспарт, абклеены цытатамі з праграмаў кандыдатаў. Такой вольніцы не было за ўсю сувэрэнную гісторыю дзяржавы.
«Яшчэ крыху, і ва Ўзбэкістане пачнуць рэальна лічыць галасы»
Бальшыня выбарчых участкаў абсталяваныя празрыстымі скрынямі для бюлетэняў, дазваляліся нават фота- і відэаздымкі. Як жартуе з гэтай нагоды незалежны журналіст Саід Янышаў, яшчэ крыху, і ва Ўзбэкістане, кіраўніцтва якога паступова вынішчыла ўсялякія грамадзянскія правы і свабоды, пачнуць рэальна лічыць галасы.
Аднак у разварот да дэмакратыі вераць далёка ня ўсе. Такую выснову можна зрабіць і зь відэароліка, які Саід зьняў у Ташкенце напярэдадні галасаваньня. Як вынікае, частка жыхароў — найперш зь ліку актывістаў грамадзянскай супольнасьці — сумняецца, што краіна ўступае ў новую эру: занадта глыбока ўелася ў сьвядомасьць аўтарытарная спадчына Карымава, каб гаварыць пра магчымасьць кардынальных зьменаў. Дый, як кажа Саід Янышаў, наўрад ці само грамадзтва гатовае да рэзкага аслабленьня путаў — проста па інэрцыі выбіраюць сабе чарговага «альфа-самца»:
«Усё вельмі адносна. Я часта бываю ва Ўкраіне, па 2–3 месяцы там праводжу. Сябры плююцца: дзе мы жывём, ніякага парадку. Я супакойваю: адносна Ўзбэкістану ва Ўкраіне росквіт, дэмакратыя і ўсё астатняе. Калі адносна Швэцыі, то, вядома, пахваліцца няма чым. Нават прыклад Узбэкістану. Да траўня 2005-га, да андыжанскіх падзеяў, тут быў офіс Брытанскага інстытуту асьвятленьня вайны і міру, я зь імі супрацоўнічаў. Афіцыйна акрэдытаваныя, залатая таблічка на дзьвярах. Праваабаронцы, нават не зарэгістраваныя, рэгулярна ладзілі пікеты. І мы, журналісты, казалі, што ў нас няма дэмакратыі, што ў нас таталітарны рэжым.
Мінула 5 гадоў, і стала відавочна: дык, аказваецца, мы жылі ў раі! Прайшлі наступныя 5 гадоў, і мы зноў разумеем: у 2010-м было нашмат лепш у параўнаньні зь сёньняшнім днём. То бок — горш і горш. Паспрабуй выйсьці — не прастаіш і хвіліны. Хоць да 2005-га пікеты былі паўсюль, дзякуючы ім рэальна вырашаліся праблемы. Пікетоўцаў ніхто не забіраў, не арыштоўваў, не саджаў, не штрафаваў, да іх выходзілі чыноўнікі, запісвалі патрабаваньні, потым іх вырашалі. А цяпер недзе станеш — у адзін момант „завінцяць“. Тут жа суд і вялізны штраф».
А вось праваабаронца, экспэрт у галіне прадухіленьня канфліктаў Шухрат Ганіеў не такі катэгарычны. Кажа, што выбары прадэманстравалі зьмену падыходу ўлады да грамадзтва. Ва ўсялякім разе, зьнятая напруга чаканьня, што з сабой прынясе посткарымаўскі пэрыяд. Напрыклад, у дзень выбараў асабіста яго зьдзівіла «дзіўная нэўтральнасьць» людзей у цывільным. Раней яны пільна назіралі, каб у выбарчым фарсе не было збояў, цяпер жа ад усяго паказальна дыстанцыяваныя.
Дый увогуле, кажа Шухрат Ганіеў, ня спраўдзілася асьцярога, што будзе далейшае «закручваньне гаек». Наадварот, часовая адміністрацыя адзначылася шэрагам рэфарматарскіх захадаў — ад размарожваньня перамоўнага працэсу з краінамі-суседзямі да вызваленьня некаторых палітвязьняў. Ня кажучы пра крокі на побытавым узроўні: адноўлены рух па некалі закрытых дарогах уздоўж трасы карымаўскага картэжу, на ўнутраны рынак дапушчаныя танныя прадукты з Казахстану і Кіргізстану, агучана абяцаньне вырашыць шматгадовую праблему чорнага рынку валюты і г.д.
Шухрат Ганіеў правёў маніторынг заяваў на праваабарончым сайце, куды паступаюць скаргі грамадзянаў. Дык вось, з 98 заяўнікаў 93 атрымалі адказы зь дзяржаўных установаў, 75 пытаньняў вырашана на карысьць людзей. «Такога на маёй памяці не было ніколі!», — кажа суразмоўца.
Пры гэтым праваабаронца згодны: за доўгія гады дыктату грамадзтва страціла адчуваньне рэальнасьці, і любыя, нават мінімальныя паслабленьні расцэньваюцца як рэвалюцыйныя зьмены.
«Гэта будзе характэрна і для беларусаў, калі пачнецца постлукашэнкаўскі пэрыяд», — прагназуе ён, дадаючы, што ў гістарычным разьвіцьці і мэнтальнасьці беларусы вельмі блізкія да ўзбэкаў.
«Адарваліся ад маскоўскага цэнтру, але нікуды не прыбіліся»
Шаўкат Мірзіёеў ужо адзначыўся шэрагам гучных заяваў пра пляны эканамічных рэформаў, зьніжэньне напружанасьці ў Цэнтральнай Азіі і г.д. Але назіральнікаў найперш цікавіць, у які бок схіляцца новыя ўлады, ці пачнецца збліжэньне Ўзбэкістану з Расеяй, з-пад апекі якой столькі гадоў намагаўся вызваліцца Іслам Карымаў.
Узбэкістан адным зь першых на постсавецкай прасторы ажыцьцявіў маштабную дэсаветызацыю: з пастамэнтаў паскідалі партыйных дзеячаў на чале зь Леніным, паселішчам і вуліцам вярнулі гістарычныя назвы. Галоўным героем нацыі стаў палкаводзец, імпэратар Амір Цемур (Тамерлан). Ягоныя выявы паўсюль, ад сувэніраў да помнікаў.
У цэнтры Ташкенту ўзьведзены мэмарыял памяці ахвяраў рэпрэсіяў, асноўная частка экспазыцыі прысьвечаная сталінскаму тэрору. Нават помнікі савецкім воінам замененыя скульптурамі «маці ў смутку». Як кажа праваабаронца Шухрат Ганіеў, пры Карымаву рабілася ўсё дзеля таго, каб дыстанцыявацца ад Масквы, каб падкрэсьліць уласную значнасьць:
«Альгарытм даволі просты: як найхутчэй адысьці ад зьвязанасьці з маскоўскім цэнтрам. З аднаго боку, гэта працавала на руку самому аўтарытарнаму рэжыму, бо давала карт-блянш на самастойныя дзеяньні, зь іншага — фармавала грамадзкую сьвядомасьць. Яшчэ ў 1993 годзе я рабіў апытаньне: зь якім пачуцьцём вы ўспрынялі распад СССР? Дык вось, 90% актыўных маладых людзей у прамежку 25–35 гадоў казалі, што лепей вярнуцца туды, чым бачыць тое, што творыцца цяпер. Савецкі рубель зьнік, фанцікі купонаў хадзілі кіляграмамі, ніхто не разумеў, што будзе заўтра, хоць абяцаньні ліліся патокам. Эканамічная сытуацыя пагаршалася. Гэта, нагадаю, па гарачых сьлядох развалу Саюзу.
І вось такое ж апытаньне мы правялі ў жніўні 2014-га. Мне самому было цікава, бо мінула 25 гадоў, вырасла новая генэрацыя — без уплыву прапаганды Крамля, без гістарычных зьвестак, вычышчаных з падручнікаў (на СССР у 10-й клясе адведзена старонак пяць, ня болей). І на гэтае ж пытаньне моладзь, якой на пачатку 1990-х было 5–10 гадоў, адразу адказвала: няма шкадаваньня па краіне, якая заліла крывёй наш народ, зьнішчыла ўвесь цьвет нацыі, адкінула нас у разьвіцьці. І гэта казалі ў тым ліку людзі, якія езьдзілі ў Расею працоўнымі мігрантамі».
У спадчыну адміністрацыі Мірзіёева пераходзіць цэлы набор праблемаў, якія абвастрыліся яшчэ за карымаўскім часам — ад працаўладкаваньня некалькіх мільёнаў чалавек, якія цяпер задавальняюцца статусам гастарбайтэраў, да патрабаваньняў міжнародных арганізацыяў спыніць прымусовую працу на баваўняных плянтацыях, найперш дзіцячую. І калі з новымі месцамі пытаньне наўрад ці вырашыцца цягам бліжэйшага часу, то, як лічыць мэнэджэр у сфэры кансалтынгу Марат Алымаў, сам факт выкарыстаньня «нявольнікаў» у ХХІ стагодзьдзі закрывае перад краінай любы рух у бок цывілізацыі:
«Не сакрэт, што бавоўна — гэта пытаньне № 1 для нацыянальнай эканомікі. Яе экспартуюць, на ёй зарабляюць валюту. Былі выпадкі, калі пастаўкі байкатавалі за тое, што выкарыстоўваецца дзіцячая праца. Некаторыя краіны, як Вялікая Брытанія, нават заклікалі не купляць узбэцкую бавоўну. Справа ў тым, што рэальна ёсьць падлеткі, якія самі хочуць ісьці зьбіраць ураджай, зарабляць грошы. Гэта адзін бок. Але зусім іншае, калі яго прымусам гоняць са школы і за гэта ня плацяць. Тым ня меней, пад зьнешнім ціскам парлямэнт быў вымушаны прыняць адпаведныя папраўкі да закону, у гэтым браў удзел дзіцячы фонд UNICEF — сумесна маніторылі, выяжджалі на баваўняныя палі.
Самы вялікі імпартэр узбэцкай бавоўны сёньня Банглядэш, дзе сытуацыя з прымусовай працай таксама далёка ня ўзорная. Але пры гэтым тэкстыль прызнаны ва ўсім сьвеце. Было шмат публікацыяў, што пад экспарт бавоўны ва Ўзбэкістане існуе закрыты рахунак, які кантралюецца ледзь не вышэйшым кіраўніцтвам. Спраўдзіць ці абвергнуць нешта складана, бо доступу да гэтых сфэраў грамадзтва ня мае».
Хоць канчатковыя вынікі прэзыдэнцкіх выбараў Цэнтарвыбаркам Узбэкістану мае агучыць празь некалькі дзён, у штабе кандыдата і галоўнага прэтэндэнта на вышэйшую пасаду перакананыя, што вылучэнец ад Лібэральна-дэмакратычнай партыі атрымае ня меней за ўжо агучаныя 88,6% галасоў выбарцаў. Гэта азначае, што на палітычным небасхіле пачалі мяняцца асобы, але пакуль ня лічбы.
Як паведамляюць узбэцкія СМІ, Шаўкат Мірзіёеў — выпускнік ташкенцкага інстытуту ірыгацыі і мэханізацыі сельскай гаспадаркі. Быў сакратаром камсамольскай арганізацыі, потым — парторгам і прарэктарам у гэтай жа навучальнай установе.
Ад сярэдзіны 1970-х да пачатку 1990-х працаваў у ірыгацыі, у асноўным інжынэрам-мэханікам. У 1990-м стаў дэпутатам Вярхоўнага Савету Ўзбэкістану, праз чатыры гады пераабраны ў новы парлямэнт — Олій Мажліс. Кіраваў Мірзо-Улугбецкім раёнам Ташкенту, а потым Джызацкай і Самаркандзкай абласьцямі. У канцы 2003-га ўзначаліў Кабінэт міністраў, але толькі празь некалькі гадоў у мэдыях упершыню зьявілася ягоная фатаграфія буйным плянам. Лічыцца, што Мірзіёеў адпачатку быў пад апекай самых уплывовых асобаў узбэцкай палітыкі — прэзыдэнта Іслама Карымава і кіраўніка Службы нацыянальнай бясьпекі Рустама Інаятава.