Згодна з дакумэнтам, з 1 красавіка 2017 году грамадзянам 15 краін наогул не спатрэбіцца віза для ўезду ў краіну, а грамадзяне яшчэ 12 краін ва ўзросьце старэйшым за 55 гадоў змогуць уехаць у краіну без аплаты візы на мяжы памерам 50 даляраў.
Права бязьвізавага ўезду на тэрмін да 30 дзён атрымалі грамадзяне Аўстраліі, Аўстрыі, Вялікабрытаніі, Нямеччыны, Даніі, Гішпаніі, Італіі, Канады, Люксэмбургу, Нідэрляндаў, Карэі, Сынгапуру, Фінляндыі, Швайцарыі і Японіі.
Пэнсіянэры старэйшыя за 55 гадоў з Бэльгіі, Інданэзіі, Кітаю, Малайзіі, ЗША, Віетнаму, Ізраілю, Польшчы, Вугоршчыны, Партугаліі і Чэхіі атрымаюць права не плаціць за візу, што патрабуецца для звычайных турыстаў з гэтых краін.
Дзяржаўны «Узбэктурызм» у 2015 годзе заявіў пра два мільёны замежных турыстаў з 70 краін сьвету, якія наведваюць краіну штогод. Пры гэтым доля турызму ў ВУП, якая раней складала крыху больш за 2%, у апошні год вырасла праз падзеньне ўзбэцкага сома. Улады разьлічваюць, што прыток замежных турыстаў у краіну можа палепшыць яе валютны балянс і прынясе ва Ўзбэкістан прыток свабодна канвэрсаванай валюты.
Пакуль жа ва Ўзбэкістане рэзка вырас толькі лік «унутраных» турыстаў. Сярод іх асаблівай папулярнасьцю карыстаюцца паездкі на магілу былога прэзыдэнта Іслама Карымава.