Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Белага дома. Абама падкрэсьліў, што Расея ня толькі ўплывала на прэзыдэнцкія выбары з дапамогай санкцыянаваных ў вышэйшых эшалёнах расейскай улады кібэратак, але і ажыцьцяўляла беспрэцэдэнтны ціск на амэрыканскіх дыпляматаў у Маскве.
«Ціск чынілі супрацоўнікі спэцслужбаў і паліцыі, і гэта не магло застацца без адказу», — заявіў прэзыдэнт ЗША.
Акрамя таго, Абама паабяцаў, што прадстаўлены грамадзкасці пакет — яшчэ ня ўвесь адказ Расеі за яе дзейнасьць: будуць яшчэ і непублічныя дзеяньні, якія ўвядуць пры неабходнасьці. Таксама ў паведамленьні гаворыцца, што ў бліжэйшыя дні ў Кангрэсе будзе прадстаўлены даклад аб уплыве Расеі на выбары ў ЗША.
Паводле распараджэньня прэзыдэнта ЗША, дзьве расейскія ўстановы ў Мэрылэндзе і Нью-Ёрку будуць зачыненыя. Улады ЗША заявілі, што яны выкарыстоўваюцца ў разьведвальных мэтах. 35 расейскіх дыпляматаў будуць высланыя з Вашынгтону і Сан-Францыска цягам 72 гадзінаў.
Акрамя таго Міністэрства фінансаў ЗША абвясьціла аб увядзеньні новых санкцый супраць Расеі з-за хакерскіх нападаў, накіраваных на ўмяшаньне ў выбары амэрыканскага прэзыдэнта.
Абмежавальныя меры закрануць Фэдэральную службы бясьпекі і Галоўнае разьведвальнае ўпраўленьне Ўзброеных сіл Расеі. Пад санкцыі трапілі кампаніі ЦОР Security, «Спэцыяльны тэхналягічны цэнтар», а таксама аўтаномная некамэрцыйная арганізацыя «Прафэсійнае абʼяднаньне канструктараў сыстэм інфарматыкі».
У сьпіс пэрсанальных санкцый увайшлі начальнік Галоўнага разьведвальнага ўпраўленьня Генэральнага штаба Узброеных сілаў Расеі Ігар Корабаў, яго намесьнікі, а таксама хакеры Аляксей Белан і Яўген Багачоў.
Прэзыдэнт ЗША Барак Абама паабяцаў у бліжэйшыя дні прадставіць Кангрэсу даклад аб расейскім ўмяшаньні ў выбарчы працэс з дапамогай кібератак.
Расейскі МЗС назваў санкцыі контрпрадуктыўнымі і заявіў, што яны нанясуць шкоду двухбаковым адносінам Масквы і Вашынгтона.