Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ўратуе новы віцэ-прэм’ер Васіль Жарко сацыяльную сфэру?


Васіль Жарко
Васіль Жарко

Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Віталь Цыганкоў, Валер Карбалевіч.

Карбалевіч: Учора, 29 сьнежня, Аляксандар Лукашэнка прызначыў новага віцэ-прэм’ера па сацыяльных пытаньнях замест Натальлі Качанавай, якая ўзначаліла Адміністрацыю прэзыдэнта. Новым віцэ-прэм’ерам зрабіўся былы міністар аховы здароўя Васіль Жарко.

Гэты чыноўнік узначальваў Міністэрства аховы здароўя беспрэцэдэнтна доўга — 10 гадоў. І за гэты час беларуская мэдыцына, як на мой погляд, толькі дэградавала. Я маю на ўвазе масавую мэдыцыну, а ня некалькі вядучых навуковых цэнтраў, дзе дасягнутыя значныя посьпехі. А вось у масавай сыстэме аховы здароўя, зь якой штодзень сутыкаецца большасьць насельніцтва, праблемы толькі нарасталі. Дэфіцыт дактароў, нестабільнасьць кадраў, нізкія заробкі, бясконцыя чэргі ў паліклініках і шпіталях, недахоп дыягнастычнай апаратуры — усё гэта стала візытоўкаю беларускай мэдыцыны.

Больш за тое, дзейнасьці Жарко на пасадзе міністра спадарожнічалі бясконцыя скандалы. То зьнікалі з аптэк звычайныя прэпараты, шпрыцы падчас эпідэміі «птушынага грыпу» ў 2009 годзе. То ўвялі новыя правілы, і шмат прэпаратаў, якія да таго прадаваліся ў аптэках свабодна, сталі прадавацца толькі на рэцэпт. У выніку ў паліклініках рэзка павялічыліся чэргі. І давялося нават умешвацца самому Лукашэнку, каб скасаваць гэтыя правілы.

Цягам усяго кіраваньня Жарко міністэрства вяло бясконцую барацьбу зь імпартнымі лекамі, каб падтрымаць беларускіх вытворцаў. У выніку і цяпер ёсьць дэфіцыт пэўных лекаў, а насельніцтва вымушанае купляць менш якасныя беларускія лекі. То бок міністэрства аховы здароўя больш клапацілася не пра здароўе людзей, а пра даходы беларускіх вытворцаў лекаў. Гэта, як правіла, дзяржаўныя прадпрыемствы, прычым манапалісты. У выніку цэны на лекі ў Беларусі вышэйшыя, чым у суседніх краінах. Нядаўна «Народная воля» нават праводзіла «круглы стол» на гэтую тэму. Яшчэ Жарко запомніўся вялікім катэджам і дарагой кватэрай.

І вось цяпер гэты чыноўнік будзе падымаць усю сацыяльную сфэру, якая дэградуе, разам з усёй эканомікай. Лукашэнка падчас прызначэньня запатрабаваў ад яго наводзіць парадак у школе. І гэта дзіўна. Навошта 22 гады трэба было чыніць там беспарадак, каб цяпер наводзіць парадак? Таксама Лукашэнка заявіў, што трэба наводзіць парадак у спорце, дзе дасягненьні падаюць.

Калі Васіль Жарко будзе наводзіць парадак у сацыяльнай сфэры гэтак, як ён рабіў у сыстэме аховы здароўя, то не зайздрошчу беларусам.

Увогуле — зьвярніце ўвагу: усе апошнія кадравыя прызначэньні Лукашэнкі выклікаюць толькі нэгатыўную рэакцыю грамадзтва. Здаецца, гэта пэўная заканамернасьць.

Цыганкоў: Апошнія кадравыя рашэньні паказваюць, што вельмі кароткая лава запасных у Аляксандра Лукашэнкі. Калі некаторыя аналітыкі кажуць, што ва ўладу прыходзяць новыя людзі, новыя пакаленьні, то ўсё гэта ілюзіі, выдаваньне жаданага за сапраўднае. Папраўдзе апошнія прызначэньні толькі сьведчаць, што тасуецца тая самая старая калода, міністры пераводзяцца зь месца на месца — хтосьці з павышэньнем, хтосьці з паніжэньнем.

Безумоўна, няма на гэты момант мэдыкаў, задаволеных дзейнасьцю міністра Жарко. За апошнія гады шмат розных пастановаў, папераў прыходзіла зь Міністэрства аховы здароўя ў канкрэтныя мэдычныя ўстановы, дзейнасьць мэдыкаў пачала вызначацца ўсё большым кантролем, дысцыплінай. Апошні дакумэнт, які мы нядаўна абмяркоўвалі ў «Трайным удары», — аб паводзінах і вонкавым выглядзе мэдыкаў. Дарэчы, гэта таксама можа стаць тэмаю асобнай перадачы, бо нядаўна кіраўнікі і Беларускай праваслаўнай царквы, і беларускага Касьцёлу выступілі з пратэстам, бо ў гэтым дакумэнце мэдыкам забараняецца насіць крыжыкі — любыя прадметы, якія сьведчаць пра прыналежнасьць да рэлігіі. Гэтая праблема дастанецца ўжо новаму міністру, ну а Жарко якраз уяўляе сабою той тып чыноўніка, якога мала любяць падначаленыя, мала любіць грамадзтва, але тым ня менш ён безупынна падымаецца па службовай лесьвіцы, таму што нейкімі сваімі якасьцямі падабаецца начальству. Гэта даволі добра кажа пра крытэры, паводле якіх падбіраюцца чыноўнікі.

Глод: Валер Карбалевіч выклаў свой погляд на прызначэньне новага віцэ-прэм’ера. Маўляў, немагчыма зайздросьціць беларусам з такім чыноўнікам. Калі казаць шчыра, цяжка зайздросьціць і новай пасадзе спадара Жарко. Яна ахоплівае сацыяльную сфэру. У зоне ягонай адказнасьці такія важныя пытаньні, як выплата заробкаў, пэнсіяў, дапамогаў, забесьпячэньне занятасьці, бясьпечных умоваў працы, сямейная палітыка, падтрымка слаба сацыяльна абароненых катэгорыяў насельніцтва. Дадамо да гэтага адукацыю, ахову здароўя, фізкультуру і спорт. Так што тут ладны кавалак працы.

Прызначаючы новага намесьніка кіраўніка ўраду, Лукашэнка нагадаў яму аб даручэньні дасягнуць у 2017 годзе сярэдняга заробку 500 даляраў. Заробак у людзей у сувязі з гэтымі эканамічнымі пэрыпэтыямі невысокі. Яго трэба падымаць, чаго б гэта нам ні каштавала, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Менавіта тут і пачнуцца, на мой погляд, галоўныя праблемы Жарко. Сродкаў у бюджэце на вырашэньне сацыяльных праблемаў мала. Улады заяўляюць, што яны шмат што робяць у сацыяльным пляне. Але людзі штодня, адчыняючы лядоўню, бачаць няздольнасьць улады вырашыць гэтыя пытаньні. Заробак не расьце, затое пашыраецца платная мэдыцына, павялічваюцца цэны на харч, на жыльлёва-камунальныя паслугі і гэтак далей.

Экспэрты кажуць: каб вырашаць праблемы сацыяльнай сфэры, трэба найперш даць вытворцам свабоду. У эканоміцы павінен панаваць рынак, а ў яго ўбудоўвацца сацыяльны мэханізм. І там толькі адна сацыяльная льгота — хто лепш працуе, атрымлівае лепшы заробак. У нас жа гэтая схема перастаўленая з ног на галаву. Паглядзіце: Канстытуцыя Рэспублікі Беларусі дэкляруе правы на бясплатную мэдыцыну і адукацыю. Але ж колькасьць студэнтаў-платнікаў ужо перавышае тых, хто вучыцца бясплатна. У цывілізаваных краінах гэта ўсё пераходзіла на платную аснову тады, калі людзям былі створаныя магчымасьці за ўсё гэта заплаціць. У нас жа, калі заплаціць за кватэру, за лекі, то амаль і грошай не застаецца на жыцьцё.

Калі падсумоўваць, то мы бачым, што цэны на камунальныя паслугі, мэдыцыну, адукацыю падвышаюцца, аднак істотных рэформаў у сацыяльнай сфэры няма. Яна па-ранейшаму застаецца пераважна дзяржаўнаю. Можна канстатаваць, што пакуль пераўтварэньні ў сацыяльнай сфэры зьвяліся пераважна да дзьвюх рэчаў. Па-першае, гэта перанос сацыяльнага цяжару, невыноснага для бюджэту, на насельніцтва. І па-другое, сваю ролю ў сацыяльнай сфэры дзяржава бачыць пераважна ў далейшым пераразьмеркаваньні сродкаў. Яна найперш думае не як зарабіць, а як падзяліць тыя невялікія сродкі, якія яшчэ ёсьць. Каб усё гэта кардынальна зьмяніць, патрэбны кіраўнік-рэфарматар. Але ж спадар Жарко, на мой погляд, такім ня ёсьць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG