Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ адзін асуджаны за ўшанаваньне паўстанцаў Каліноўскага


Эдвард Дзьмухоўскі
Эдвард Дзьмухоўскі

Гарадзенец Эдвард Дзьмухоўскі пакараны штрафам на 630 рублёў (30 базавых велічынь). Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў нібыта несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, якое адбылося ў Сьвіслачы 30 кастрычніка.

Паводле Дзьмухоўскага, суд адбываўся паводле знаёмага сцэнару: супраць яго сьведчылі тыя самыя два міліцыянты, якія казалі тое ж, што і на ранейшых 13 працэсах. Маўляў, ён быў на могілках, каля помнікаў Каліноўскага і Траўгута, а таксама ў Якушоўцы трымаў бела-чырвона-белы сьцяг.

Довады Дзьмухоўскага, што ён разам зь іншымі ўшаноўваў памяць нацыянальных герояў на Дзяды і не парушаў грамадзкага парадку, судзьдзёй да ўвагі прынятыя не былі.

Рашэньне гэтага суду было відавочным, нічога новага не адбылося. А тое, што Дзяды, ушанаваньне продкаў, — гэта годнае мерапрыемства, якое дадае гонару любой дзяржаве, і што калі продкі ўшаноўваюцца, то ў такой дзяржавы ёсьць будучыня, — такое ў нас ня ўлічваецца. І судзяць, вядома, за бела-чырвона-белы сьцяг. А тое, што пад гэтым сьцягам Беларусь стала незалежнай і пад ім цяперашні прэзыдэнт даваў прысягу — гэта таксама нікога не абыходзіць.

Паводле маніторынгу гарадзенскіх праваабаронцаў, за ўшанаваньне паўстанцаў Каліноўскага ў Сьвіслачы да сёньняшняга дня былі асуджаны ўжо 13 актывістаў з розных гарадоў Беларусі. Сьвіслацкі актывіст Юры Глебік аштрафаваны на 40 базавых велічынь, на 10 базавых — гарадзенец Мікола Лемяноўскі, а таксама слонімцы Віктар Марчык і Павал Севасьцян.

Васіль Клімовіч з Мастоў аштрафаваны на 9 базавых велічынь. Гарадзенцы Уладзімер Хільмановіч — на 40 базавых, Віктар Сазонаў — на 35, Сяргей Верамеенка — на 15. Кобрынскі суд прысудзіў Алесю Меху пакараньне на 50 базавых. Ваўкавыскі раённы суд аштрафаваў Віталя Гуляка на 25 базавых велічынь.

Валеры Мінец зь Ліды пакараны штрафам на 5 базавых, Вітольд Ашурак зь Бярозаўкі Лідзкага раёну — на 30 базавых, Вадзім Лявон з Наваградка папярэджаны. Ніхто з актывістаў сваёй віны не прызнаў. Да гэтага сьпісу дадаўся гарадзенец Эдвард Дзьмухоўскі.

Кіраўнік партыі БНФ Аляксей Янукевіч прамаўляе ў Якушоўцы
Кіраўнік партыі БНФ Аляксей Янукевіч прамаўляе ў Якушоўцы

Сёньня ж у Сьвіслачы прызначаны суды над трыма менчукамі: Аляксеем Янукевічам, Зьмітром Захарэвічам і Алесем Макаевым.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG