Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынікі году. Трыюмф папулістаў


Папулісцкія партыі мяняюць заходнюю палітыку, кідаючы выклік адкрытым межам і свабоднаму гандлю.

У заходніх краінах цяпер каціцца хваля настрояў, якія ставяць пад сумнеў створаны цяперашнім істэблішмэнтам парадак, заснаваны на ідэі, што адкрытыя межы і адкрыты гандаль зьяўляюцца ключом да росквіту.

У Вялікабрытаніі выбаршчыкі аддалі перавагу Brexit, нягледзячы на злавесныя папярэджаньні аб палітычных і эканамічных наступствах. У выніку чаго чыноўнікі Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірляндыі вымушаныя весьці не камфортныя перамовы пра выхад іх краіны з Эўрапейскага Зьвязу.



У Злучаных Штатах выбаршчыкі абралі прэзыдэнтам палітычнага аўтсайдэра мільярдэра Дональда Трампа, які абяцаў пабудаваць «вялікую-вялікую сьцяну» на мяжы з Мэксыкай, забараніць мусульманам уезд у краіну, а таксама выйсьці з асноўных пагадненьняў аб свабодным гандлі.

На эўрапейскім кантынэнце нацыяналістычны ўрад прыйшоў да ўлады ў Польшчы, праэўрапейскі ўрад Італіі пасьля рэфэрэндуму мусіў сысьці ў адстаўку. У Аўстрыі ледзьве было прадухілена абраньне першага ультра-правага кіраўніка дзяржавы ў гісторыі ЭЗ.

Усё гэта часткі фэномэну, якому палітолягі ўсё яшчэ спрабуюць даць назву. Уздым правага крыла палітычнага спэктру, рост папулізму, настроенасьці супраць істэблішмэнту — маркеры зьменаў, якія ня толькі сталі нечаканасьцю для асноўных палітычных партый, але могуць кардынальна перафарматаваць сацыяльную і эканамічную палітыку Захаду.

Уздым правага крыла палітычнага спэктру, рост папулізму, настроенасьці супраць істэблішмэнту — маркеры зьменаў

«Для мяне пакуль яшчэ ня ясна, чаму большасьць людзей падтрымліваюць адкат назад у пытаньні адкрытых межаў або свабоднага гандлю, але факт, што наша грамадзтва падзеленае. Частка людзей адчувае, што палітыка глябалізму або ўсплёск іміграцыі не працуюць на іх карысьць, і таму яны пратэстуюць на выбарчых участках», — кажа Майкл Кулінан, прафэсар амэрыканскай гісторыі ва ўнівэрсытэце Нортумбрыі ў Вялікабрытаніі.

Сэрыя выбараў у Італіі, Францыі, Нямеччыне і Нідэрляндах у 2017 годзе стане ключавым полем бою, дзе настроі супраць істэблішмэнту пройдуць новае палітычнае апрабаваньне і могуць павялічыць пагрозу распаду Эўразьвязу ўсьлед за Brexitʼам. Гэтыя настроі таксама могуць даць папулісцкім партыям новую нагоду атакаваць Брусэль, спасылаючыся на пагрозы нацыянальнай ідэнтычнасьці іх краін.

«Мы хочам вярнуць нашы каштоўнасьці, ідэнтычнасьць, культуру і грошы, і зрабіць нацыянальныя інтарэсы зноў прыярытэтам», — кажа Герт Вілдэрс, лідэр папулісцкай «Партыі Свабоды» ў Нідэрляндах. Гэты набор каштоўнасьцяў падыходзіць для многіх іншых папулісцкіх партый, ня гледзячы на тое, што яны прытрымліваюцца даволі шырокага спэктру розных ідэалёгій.



Іх погляды варʼіруюцца ад правага Нацыянальнага фронту Марын Лё Пэн ў Францыі і нацыяналістычнай Альтэрнатывы для Нямеччыны (AFD) у Нямеччыне на левага руху PODEMOS у Гішпаніі і партыі Syriza у Грэцыі. Але калі іх заклікі варʼіруюцца ад анты-іміграцыі да жорсткай эканоміі, інтарэсы і заклапочанасьці іх выбаршчыкаў часта супадаюць: гэта працоўныя месцы, даходы, страх, што глябалізацыя адымае іх працу, а таксама асьцярогі з нагоды іміграцыі, культурных зьменаў і тэрарызму.

насельніцтва старэе, усё больш пажылых людзей абапіраюцца на падтрымку маладых, прадукцыйнасьць прамысловасьці запавольваецца, адчуваецца недахоп інвэстыцый у інфраструктуру і адукацыю

Як гэтыя партыі будуць спрабаваць зьмяніць свае грамадзтвы — цяпер галоўнае пытаньне ў многіх заходніх сталіцах. Многія аналітыкі лічаць, што Эўрапейскі Зьвяз знаходзіцца пад асаблівай пагрозай, бо выбары налета пройдуць менавіта ў Італіі, Францыі, Нідэрляндах і Нямеччыне — краінах, дзе існуюць моцныя анты-брусэльскія партыі і рухі. І на вынік выбараў можа аказаць уплыў цень Brexitʼу.

У Італіі пасьля адстаўкі пра-эўрапейскага прэмʼер-міністра Рэнца ў сьнежні, папулісцкі рух «Пяць зорак» мае 30 адсоткаў падтрымкі выбаршчыкаў і зьяўляецца другой паводле велічыні партыяй у краіне. Яе ўзначальвае комік і блогер Бэпэ Грыла, які хоча правесьці рэфэрэндум з пытаньнем, ці варта Італіі пакінуць эўразону.

Іншая папулісцкая італьянская партыя — Паўночная Ліга — з 12 адсоткамі падтрымкі выбаршчыкаў, належыць да нацыяналістычнага і анты-імігранцкага спэктру і ставіць за мэту выхад Італіі з ЭЗ.

І ў Нідэрляндах, дзе ўсеагульныя выбары пройдуць у сакавіку, «Партыя свабоды» Герта Вілдэрса, як чакаецца, можа ўзяць найболей галасоў. І гэта пры тым, што большасьць іншых палітычных лідэраў краіны разглядаюць яе як занадта экстрэмісцкую, каб стаць зь ёй партнэрамі і ўтварыць кааліцыю. «Партыя свабоды» выступае супраць эўрапейскай інтэграцыі і ЭЗ, супраць іміграцыі і ісламу.

У Францыі, дзе прэзыдэнцкія выбары праводзяцца ў красавіку, Марын Лё Пэн, кіраўніца Нацыянальнага фронту, у апытаньнях усяго на некалькі пунктаў адстае ад вядучага прэтэндэнта Франсуа Фіёна — правацэнтрысцкага рэспубліканца. Лё Пэн, якая таксама мае антыэўрапейскія і антыімігранцкія погляды, паабяцала ў выпадку абраньня правесьці рэфэрэндум аб выхадзе з ЭЗ.

хуткі рост папулісцкіх партый зьяўляецца частковым прадуктам павольнага аднаўленьня эканомікі ў заходніх краінах пасьля фінансавага крызысу 2008 году

У Нямеччыне анты-эўрапейская «Альтэрнатыва для Нямеччыны» (AFD) гатовая ўвайсьці ў Бундэстаг упершыню падчас парлямэнцкіх выбараў 22 кастрычніка. Гэтая партыя з анты-імігранцкімі і анты-ісламскімі лёзунгамі, якая таксама выступае супраць адзінай эўрапейскай валюты, дэманструе хуткі рост папулярнасьці. Яны была ўтворана ў 2013 годзе і з таго часу ўвайшла ў 10 з 16 зямельных парлямэнтаў Нямеччыны. Нядаўнія апытаньні паказалі, што грамадзкая падтрымка партыі складае каля 16 адсоткаў, што ставіць яе на трэцяе месца пасьля сацыял-дэмакратаў (22%) і Хрысьціянска-дэмакратычнага саюзу канцлеркі Ангелы Мэркель (32%).

«Цяпер мы ведаем, што Эўрапейскі Зьвяз чакаюць некалькі рызыкоўных гадоў», — кажа Марка Інчарты, аналітык з Цэнтру эўрапейскіх палітычных дасьледаваньняў у Брусэлі. — «Галоўнае пытаньне: ці дрэйф некаторых краін у пэўным кірунку будзе азначаць канец Эўразьвязу, або Саюз бяз гэтых краін выжыве ў нейкай іншай форме або ў меншай колькасьці».

У Злучаных Штатах кіраваньне краінаў пяройме рэспубліканская адміністрацыя Трампа пад лёзунгам «Make America Great Again» (Зробім Амэрыку зноў вялікай).

«Вельмі цяжка прадказаць, як Трамп зьбіраецца сябе паводзіць і ці будзе ён насамрэч прасоўваць усё, што нагаварыў падчас кампаніі», — кажа Роза Балфур, аналітык фонду Маршала.

Сярод найбольш частых абяцаньняў Трампа — кантроль за нелегальнай міграцыяй і больш жорсткія гандлёвыя дамовы для абароны амэрыканскай прамысловасьці, а таксама абарона эканамічных інтарэсаў простых амэрыканцаў, якія скардзіліся, што іх ігнаравалі палітычныя эліты.

Многія аналітыкі лічаць, што хуткі рост папулісцкіх партый зьяўляецца частковым прадуктам павольнага аднаўленьня эканомікі ў заходніх краінах пасьля фінансавага крызысу 2008 году.

Але нямала назіральнікаў кажуць, што цяперашнія эканамічныя цяжкасьці зьяўляюцца сымптомамі яшчэ больш глыбокіх праблем Захаду, якія ляжаць у аснове цяперашняга палітычнага крызісу.

«Сацыяльны кантракт, які існаваў у Амэрыцы (і тое самае, магчыма. Для Эўропы) больш за 70 гадоў, больш не працуе», — кажа Ксенія Уікет, якая ўзначальвае амэрыканскія праграмы ў лёнданскім Chatham House.

Уікет адзначае, што насельніцтва старэе, усё больш пажылых людзей абапіраюцца на падтрымку маладых, прадукцыйнасьць прамысловасьці запавольваецца, адчуваецца недахоп інвэстыцый у інфраструктуру і адукацыю. На думку аналітыка, вяртаньне да пэўнай стабільнасьці, якая традыцыйна характарызуе амэрыканскую палітыку (і сучасную заходнюю палітыку агулам) можа адбыцца толькі тады, калі голас тых, хто лічыць, што яны застаюцца на ўзбочыне, будзе пачуты, і зьявіцца новая сацыяльная раўнавага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG