Цыганкоў: Па выніках рэфэрэндуму ў Італіі, які адбыўся 4 сьнежня, большасьць грамадзян краіны не падтрымала рэформы прэм’ер-міністра Матэа Рэнцы адносна зьменаў у Канстытуцыю. 60% выбарнікаў, што ўзялі ўдзел у галасаваньні, сказалі «не» рэформе і 40% — «так».
На рэфэрэндум вынесена пытаньне аб магчымасьці ўзмацненьня паўнамоцтваў праэўрапейскага прэмʼер-міністра Матэа Рэнцы, якія дазволілі б кіраўніку ўраду праводзіць эканамічныя рэформы. Ён прапануе паменшыць уплыў верхняй палаты парлямэнту (Сэнату) і перадаць паўнамоцтвы рэгіянальных уладаў у рукі ўраду. Крытыкі кажуць, што рэформа аслабіць жыцьцёва важныя дэмакратычныя мэханізмы стрымак і проціваг і дасьць занадта шмат улады ўраду.
Гэта адбывалася ў Італіі, дзе традыцыйна з пункту гледжаньня многіх адбываецца бардак — урады мяняюцца, за 70 гадоў у Італіі было 67 прэм’ераў. Краіна ўвесь час знаходзіцца ў пэрманэнтным урадавым крызісе. Новыя выбары, новыя кааліцыі і г. д. Дык вось, выглядала, што левацэнтрысцкі ўрад Матэа Рэнцы вырашыў пакласьці гэтаму канец, узмацніць ролю ўраду і зьнізіць ролю парлямэнту, паколькі ён занадта быў складаны, а таксама ўладу рэгіянальных структур, надаць больш цэнтралізацыі. Усё гэта не было падтрымана.
Перамогу праціўнікаў рэформы называюць разгромнай, нягледзячы на высокую актыўнасьць італьянскіх выбарнікаў: на ўчасткі прыйшлі амаль 70 адсоткаў з прыкладна 47 мільёнаў грамадзян, якія мелі права голасу. Сярод 20 абласьцей краіны канстытуцыйную рэформу ўраду левацэнтрыстаў падтрымалі толькі тры рэгіёны: Таскана, Эмілія-Раманья і Трэнтына Альта Адыджэ.
Прэм’ер-міністар Матэа Рэнцы, лідэр праэўрапейскай Дэмакратычнай партыі, адразу абвясьціў пра сваю адстаўку. «За гэтую паразу я бяру ўсю адказнасьць на сябе. Я хацеў скараціць колькасьць парлямэнцкіх крэслаў, але адзіны, хто застаўся бяз крэсла, гэта я», — сказаў кіраўнік ураду ўначы на прэс-канфэрэнцыі.
Папулісты абяцалі, калі прыйдуць да ўлады, правесьці рэфэрэндум па выхаду Італіі з зоны эўра.
Калі Рэнцы прайграў, то хто выйграў? Лідэры папулісцкіх эўраскептычных партыяў Італіі — партыя «Рух 5 зорак», якая абвясьціла, што ўжо працуе над фармаваньнем новага ўраду, яна зьявілася некалькі гадоў таму, уварвалася на палітычную сцэну Італіі і цяпер займае там адно з галоўных месцаў, «Паўночная Ліга» і партыя Сыльвіё Бэрлюсконі.
І вось чаму вынікі рэфэрэндуму ў Італіі ўскалыхнулі ўсю Эўропу. Бо папулісты абяцалі, калі прыйдуць да ўлады, правесьці рэфэрэндум па выхаду Італіі з зоны эўра.
Італьянцы прагаласавалі супраць далейшай цэнтралізацыі ўлады. Каб рэгіёны па-ранейшаму мелі дастаткова ўлады і хай парлямэнт, які на думку Рэнцы перашкаджаў рэформам, будзе супрацьвагай ураду.
Аглядальнікі ацэньваюць гэта як удар па апошніх дзеяньнях ураду Рэнцы, няздольнасьці яго пераадолець эканамічны крызіс, такім чынам італьянцы выказаліся ня толькі па канкрэтным пытаньні рэфэрэндуму, а таксама ў недаверы да левацэнтрысцкага ўраду.
Відавочна, гэты рэфэрэндум, чарговая перамога больш скептычных да эўраінтэграцыі сілаў можа быць яшчэ адным укладам у агульную тэндэнцыю апошніх гадоў у Эўропе.
Гурневіч: Вынікі рэфэрэндуму ў Італіі сталі яшчэ адным зьвяном у ланцугу шэрагу падзей у Эўропе. Гэта і «Brexit», рост папулярнасьці папулістаў і эўраскептыцызму. Яшчэ да рэфэрэндуму экспэрты казалі, што правал Рэнцы можа ў далейшым пагражаць нават «іт-экзітам», выхадам Італіі са складу ЭЗ. Пакуль пра гэта заўчасна сьцьвярджаць. Бо павінны адбыцца наступныя выбары, у якіх перамогу павінны атрымаць папулісты з «Руху Пяці Зорак» альбо «Лігі Поўначы» Матэа Сальвіні. Абодва яны моцна крытыкуюць ЭЗ і сымпатызуюць Уладзіміру Пуціну.
Параза Рэнцы ў любым разе ставіць Італію ў нецікавую сытуацыю. Цяпер там гарантаваны палітычны крызіс. Але ўлічваючы, што Італія — гэта чацьвёртая эканоміка ЭЗ, у нецікавай сытуацыі апынаецца ўся Эўропа. Узгадаем, што сталася з брытанскім фунтам і біржамі пасьля навіны пра «Brexit». Думаю, што нямала з тых, хто галасаваў за выхад Вялікабрытаніі з ЭЗ моцна аб гэтым пашкадавалі. Яны і самі пра гэта прызнаваліся прэсе.
Нестабільная сытуацыя ў Італіі будзе адчувальнай ва ўсім Эўразьвязе. У ХХІ стагодзьдзі ўсе краіны зьвязаныя, а ў Эўразьвязе гэтая сувязь яшчэ мацнейшая. Гэтым і тлумачыцца непакой у ЭЗ. Але ня толькі. Нават Беларусь можа адчуць на сабе вынікі.
Нестабільная сытуацыя ў Італіі будзе адчувальнай ва ўсім Эўразьвязе.
Эўразьвяз перажывае цяпер крызіс. Зь беларускай пэрспэктывы гэта выглядае дзіўнавата, бо гэтае месца — адно з самых камфортных і спакойных у сьвеце для жыцьця. Але эўрапейцы мераюць сытуацыю ўласнай шкалой. Выйграюць палітыкі, якія даюць вельмі простыя адказы на складаныя пытаньні. Калі эўрапейцы хвалююцца за рост колькасьці імігрантаў, то нехта прапануе іх усіх дэпартаваць і зарабляе пункт. Але пры ўсіх мінусах ЭЗ застаецца вельмі эфэктыўным праектам, які гарантаваў мір у Эўропе пасьля ІІ сусьветнай вайны і эканамічны рост. Сёньня Эўразьвяз перажывае невялікі крызыс. І калі ён выйдзе зь яго сухім, то гэта толькі ўзмоцніць супольнасьць.
Карбалевіч: Рэфэрэндум у Італіі адметны найперш моцнай паразай прэмʼера Рэнцы. Калі падчас рэфэрэндуму ў Вялікабрытаніі галасаваньне было 50/50, то ў Італіі — 60/40%. Гэта як жа трэба было не разьлічыць свае сілы, каб так разгромна прайграць.
Гэты рэфэрэндум у Італіі ў нечым аддалена нагадвае рэфэрэндум у Беларусі 1996 году. Сутнасьць яго ў тым, каб даць больш улады ўраду і прэмʼер-міністру. Ягоныя апанэнты абвінавацілі яго ў дыктатарстве. І насельніцтва прагаласавала супраць канцэнтрацыі ўлады ў адным месцы, за існаваньне сыстэмы стрымак і проціваг. Бо гэтая прапанова была зусім ня ў час. Гэта супярэчыць агульнаэўрапейскаму трэнду грамадзкай думкі.
Цяпер у эўрапейскіх краінах на падʼёме партыі і рухі, якія выступаюць супраць «брусэльскіх бюракратаў». То бок супраць узмацненьня ўлады не выбіранага насельніцтвам цэнтру.
Цяпер у эўрапейскіх краінах на падʼёме партыі і рухі, якія выступаюць супраць «брусэльскіх бюракратаў».
А Рэнцы сваім рэфэрэндумам якраз прапанаваў нейкі такі супрацьход грамадзкай думцы, і насельніцтва прачытала яго прапанову так: дайце мне больш улады — і прагаласавала супраць. Іншая справа, якія гэта будзе мець наступствы. Тут ужо могуць быць розныя варыянты, новыя парлямэнцкія выбары, а можа захавацца статус-кво, і тэхнічна проста зьмена прэм’ер-міністра з тым самым урадам, і можна дацягнуць да наступных парлямэнцкіх выбараў. Таму я б пакуль не сьпяшаўся рабіць нейкія алярмісцкія высновы, што антыэўрапейскія сілы перамаглі, і гэта можа азначаць выхад Італіі з Эўразьвязу. Пакуль для такіх высноў няма падстаў.