Раней прэсавая служба Крамля паведамляла, што «26 сьнежня прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін прыме ўдзел у пасяджэньні Вышэйшага Эўразійскага эканамічнага савету і сэсіі Савету калектыўнай бясьпекі АДКБ у Санкт-Пецярбургу. На саміце ЭАЭС лідэры Армэніі, Беларусі, Казахстану, Кіргізстану і Расеі падвядуць вынікі першых двух гадоў працы Саюзу і намецяць арыенціры ў далейшым разьвіцьці гэтага інтэграцыйнага аб’яднаньня».
За дзень да саміту некаторыя СМІ паведамілі, што кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка не плянуе браць удзел у самітах Эўразійскага эканамічнага савету і Арганізацыі Дамовы калектыўнай бясьпекі. У прыватнасьці, пра гэта РБК расказалі тры чалавекі, знаёмыя з арганізацыяй самітаў.
На пытаньне Радыё Свабода, ці бярэ ўдзел у самітах кіраўнік Беларусі, у прэсавай службе Аляксандра Лукашэнкі адказалі:
«Пакуль ніякай інфармацыі ў нас няма. Як толькі зьявіцца, мы паведамім на афіцыйным сайце».