Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Коля Лукашэнка ня ўпэўнены, ці гатовы да жыцьця прэзыдэнта


11-гадовы Жэня Грышын з пасёлку Арцёмаўскі пад Уладзівастокам мае мару стаць тэлежурналістам. Ён пабываў у сваёй першай міжнароднай камандзіроўцы і ўзяў інтэрвію ў малодшага сына прэзыдэнта Беларусі - Мікалая Лукашэнкі. Інтэрвію паказалі ў перадачы «Спэцыяльны рэпартаж» на тэлеканале «Беларусь-1».

Малады карэспандэнт спытаўся ў Колі, ці хоча той стаць наступнікам свайго бацькі.

«У мяне многія пра гэта пытаюцца. Калі шчыра, я, напэўна, ня вельмі б хацеў стаць прэзыдэнтам. Вельмі складанае жыцьцё тады будзе, ня ўпэўнены, што я гатовы да яго», — адказаў Лукашэнка-малодшы.

Пра тое, кім ён хоча быць у будучыні, малодшы сын кіраўніка Беларусі яшчэ ня вырашыў:

«Можа быць, лекарам, можа быць, вайсковую кар’еру паглядзець — яшчэ ня вызначыўся, яшчэ ёсьць час», — распавёў ён.

Праглядаючы з Колем альбом з фатаздымкамі, Жэня пацікавіўся, дзе таму больш за ўсё спадабалася.

«Мне і ва ўсходніх краінах вельмі спадабалася, і на Захадзе, і ў краінах Паўднёвай Амэрыкі, і ў ЗША», — дыпляматычна сышоў ад адказу хлопчык.

Мікалай Лукашэнка чатыры разы на тыдзень займаецца музыкай:

«Тата рэдка ходзіць на мае канцэрты, звычайна я для яго дома граю», — прызнаўся ён і пахваліўся, што аднойчы сыграў на фартэпіяна разам з прэзыдэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным у чатыры рукі «адну зь яго любімых кампазіцый».

Гэта першае самастойнае інтэрвію 12-гадовага Мікалая Лукашэнкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG