Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Быць сьмелай


Фрагмэнт вокладкі кнігі
Фрагмэнт вокладкі кнігі

Юля Цімафеева, Цырк; Мінск, Выдавец Зміцер Колас, 2016.

Алена Карп

Я гляджу на вокладку новай кнігі Юлі Цімафеевай і шукаю словы — пра тое, што выява цырку зь ягонай яркасьцю, зваблівасьцю і жыцьцёвай сілай падаецца фрагмэнтамі, нібы выхапленая часткова, падгледжаная, але не прыналежная табе цалкам; пра тое, як канцэптуальна гэтая вокладка пасуе аднайменнаму вершу ды і ў цэлым кнізе, дзе ладная частка прысьвечаная вызначэньню свайго месца і таго, што табе належыць. А тым часам антывірусьнік верашчыць і нагадвае, што праграмныя базы састарэлі, што я мушу яго аднавіць і яшчэ нешта мушу — задумаўшыся, я нават не пасьпяваю прачытаць гэтыя трывожныя паведамленьні. Так, антывірусьнік, я менавіта пра гэта: хочацца думаць пра паэзію, а табе нагадваюць пра бясьпеку і рэчы зусім побытавыя, хочацца цырку, але не адпускае поле.

Пра цырк і поле падрабязьней крыху пазьней. Пакуль жа нялішне вярнуцца на пару крокаў наперад — да першага зборніка Юлі Цімафеевай «Кніга памылак». У анатацыі заяўлены «выклік звыклым уяўленьням пра жанчыну, асэнсаваньне сябе як тэксту і тэксту як працягу ўласнай цялеснасьці». Усё гэта сапраўды тут ёсьць і прачытваецца праз, падаецца, цэнтральны матыў вызваленьня. Напяты, напружаны, ён множыцца і множыцца, падаецца ў розных сваіх варыянтах — сакрамэнтальнае «Каця зьбегла. / Каця змагла», тонкае, празрыстае: «зрабіцца / трапяткой / і бязважкай / нямой нотай...» Каб пачаць гаварыць ад свайго імені, даць сабе гэтае імя, вобраз, стварыць, а не пагадзіцца на гатовы, даводзіцца вызваліцца, распрануцца да самага праўдзівага свайго голасу.

Зразумела, што гэтае мэтафізычнае пераадоленьне, вызваленьне ад усяго вонкавага задае пэўную жорсткасьць і на ўзроўні мовы. Яна ляканічная і мінімалістычная, тут ня знойдзецца ілюстрацыі на кожны артыкул паэтычнага слоўніка, але нечакана знаходзяцца рэсурсы на сьпеўнасьць: «я раскажу вам / пра шэрую птушку, / пра шэрую птушку / ў чорным лесе...» — і на спакойную, глыбокую — удых-выдых — сузіральнасьць марскіх замалёвак. Гэта тое, што ёсьць па-за выклікам, празь які зручна прэзэнтаваць паэзію Юлі Цімафеевай, але якім яна не вычэрпваецца.

Кветкі і мяса — канцэпт, клапатліва прапанаваны чытачам самой аўтаркай, аказваецца па-сапраўднаму шырокім.

Кветкі і мяса — канцэпт, клапатліва прапанаваны чытачам самой аўтаркай, аказваецца па-сапраўднаму шырокім. Ён разыгрываецца амаль літаральна ў вершы «Вецер зьлізвае з вуснаў...»; раскрывае тэму цялеснасьці, на якую Юля Цімафеева вяртае сабе права — хаця б самім фактам агучваньня таго, што прынята замоўчваць; прад’яўляе погляд на сьвет, у якім сапраўды побач дзікае, брутальнае і крохкае, культурнае, але ўсё жывое. Гэты канцэпт пасуе да яе паэзіі ў цэлым, бо ейная аголенасьць і інтымнасьць (чаканае мяса) зусім не супярэчыць філязофскай заглыбленасьці, далікатнасьці і тонкасьці ўспрыманьня.

«Цырк» працягвае тую размову, што пачалася ў першай кнізе, гэтак жа як і трымаецца той жа паэтыкі. Што цалкам зразумела: сталая перакладчыцкая практыка сфармавала прыхільнасьць да традыцыі амэрыканскага вэрлібру і, адпаведна, пэўнае кола ўплываў (крыніцы натхненьня прадстаўленыя ў перакладной частцы «Кнігі памылак»). Уласны голас Юлі Цімафеевай выявіўся гучным і дзёрзкім, а фэмінісцкі дыскурс, зь якім яна працуе, у беларускай паэзіі не сказаць каб багата прадстаўлены. Дзіўна было б усё гэта перакрэсьліць і пачаць з нуля.

Такім чынам, першая кніга абазначае болевыя кропкі, пра якія Юлі Цімафеевай хочацца мысьліць і гаварыць. У другім зборніку аўтарка ў пэўнай ступені дагаворвае і канкрэтызуе. Месцамі гэта стварае праблему. Ва ўнівэрсальным паэтычным выказваньні апрыёры болей паветра. Канкрэтызаванае, яно можа стацца зусім лякальным, усяго толькі фіксацыяй уражлівай падзеі. У «Цырку» акурат ёсьць колькі тэкстаў, якія на гэтым спатыкаюцца. Зь іншага боку, канкрэтызуюцца рэчы вельмі важныя. Так, удакладняюцца лякацыі, тыя геаграфічныя кропкі, дзе пісаліся вершы. І гэта сапраўды істотна, сапраўды выстрэльвае. (Імкненьне аўтаркі ўкласьці матэрыял у кнігу заслугоўвае асобнага камплімэнту. Прынамсі, мне менавіта такое імкненьне бачыцца ў невыпадковых вокладках, спробах пэўным чынам структураваць творы, выбары загалоўнага верша — стопрацэнтнага хіта, які, акрамя ўсяго, пасьпяхова прэзэнтуе і канкрэтную кнігу, і паэзію Юлі Цімафеевай у цэлым — па ім адным многае становіцца ясна. Анатацыям таксама можна давяраць, лішняе ў іх не трапляе).

Беларуская вёска Кароткавічы — відавочная геаграфічная прывязка вобразу поля, які тут існуе ў канфлікце з цыркам.

Беларуская вёска Кароткавічы — відавочная геаграфічная прывязка вобразу поля, які тут існуе ў канфлікце з цыркам. Але цырк і поле наўрад ці варта ўспрымаць як апазыцыю паміж умоўным Парыжам і ўмоўнымі Кароткавічамі. Гэта канфлікт паміж тым, кім ты хочаш быць, і тым, кім табе быць дазволена, кім цябе хоча бачыць, да чаго змушае асяродзьдзе. Зрэшты, калі разглядаць вершы «Цырк», «Поле І» і «Поле ІІ» як трыптых (у кнізе яны так не пазначаны, і, падаецца, дарма), то канфлікт паглыбляецца да ўнутранага. А таксама выглядае арганічным працягам, крышталізацыяй прамоўленага ў вершы «Неяк пад скурай маёй...» (Наогул, вершы зь дзьвюх гэтых кніг пераміргваюцца і махаюць адно аднаму рукамі, і можна забаўляцца, зьбіраючы іх у пары па падабенстве/працягу матываў, напрыклад, «Стрыптыз» і «Я — не я, расшпільваю ў такт...»). Урэшце, дзе цырк, там і карнавал — увасабленьне вітальнасьці, для якой Юля Цімафеева знаходзіць трапныя, але непрамалінейныя антонімы:

Я хавала свой цырк
між старонак кніг,
як гербарый.
Жанглёраў, акрабатаў,
барадатых жанчын
я выпроствала
ў спадзеве высушыць
іхнія прагныя целы.

Карнавал і страх карнавалу (гербарый, высушваньне) — паміж гэтымі двума станамі гераіня намацвае глебу, наколькі яна пачуваецца жывой, наколькі наогул яна можа дазволіць сабе жыцьцё (і я цяпер ня толькі пра цытаваны верш). Вельмі блізка тут трымаецца катэгорыя слабасьці, якой традыцыйна маркіруецца жаночае, і аўтарка, зноў жа традыцыйна, ставіць пад сумнеў патрыярхальную парадыгму. І тут я сьпяшаюся з чарговым удакладненьнем. Сацыяльная праблематыка для Юлі Цімафеевай не абмяжоўваецца гендэрнай, і, напрыклад, верш «У садзе» можа прачытвацца як фэмінісцкае выказваньне, дзе зубатыя кветкі ўспрымаюцца як прыгажосьць са слабым голасам, які можна ігнараваць, але можа дачыняцца да якой заўгодна дыскрымінаванай групы. Разам з тым, ніхто не замінае ўспрымаць сілу, слабасьць, прыгажосьць у якасьці абстрактных, ні да чаго не прывязаных катэгорый, якія рэфлексуюцца аўтаркай.

Мова ў другой кнізе (не паўсюль, але ў асобных вершах) набывае пэўную ультыматыўнасьць.

Мова ў другой кнізе (не паўсюль, але ў асобных вершах) набывае пэўную ультыматыўнасьць. Гэта зьвязана і з сытуацыяй або — або: альбо ты адолееш цырк, або цырк — цябе, альбо ты — поле, альбо поле — цябе, альбо цырк — альбо поле. Яны ўрэшце прарастаюць часткай уласнага я, ставячы перад пытаньнем, культываваць іх ці выкарчоўваць. Так, тут лёгка заблытацца, але па шчырасьці, іншага і не хацелася.

Справа таксама ў тым, што як формы камунікацыі неаднойчы паўстаюць просьба і загад, што прадугледжвае мову дыктату (і што сымптаматычна, заўважым у дужках). Акрамя ўсяго, а можа, па-над усім, рэзкасьць і пэўная халоднасьць гэтых вершаў можа тлумачыцца спэцыфічным стаўленьнем да мовы, усьведамленьнем яе абмежаваньняў. Мовы не хапае («Адмоўнасьць»), таму такія істотныя мова візуальнага, музыка. Сьвет выказвае сябе невымоўна: «Гэтыя рэчы заўжды / большыя, чым рэчы. / І заўжды прыгажэйшыя, / бо хаваюць у сабе / і сам вобраз прыгажосьці»; «І голае дрэва само па сабе, / Быццам добры верш», — і насамрэч няпроста вэрбалізаваць, пакласьці гэтую графіку на паперу. На фотапаперу, магчыма, прасьцей. Ва ўсякім разе ў Юлі Цімафеевай атрымліваецца, але пра гэта ня тут, не цяпер і ня я.

Найбольш яркія вершы зборніка ўяўляюцца дэклярацыямі, маніфэстамі — і пэўнай ідэі, і пэўнага спосабу пісьма.

Найбольш яркія вершы зборніка ўяўляюцца дэклярацыямі, маніфэстамі — і пэўнай ідэі, і пэўнага спосабу пісьма. Але гэта вельмі прыватныя маніфэсты, не для транспарантаў. Агульная і важная ідэя ўспрымаецца і пражываецца, таму на выхадзе мы маем верш, асабістую рэфлексію нечага балючага і вярэдлівага, або невымоўна прыгожага, ці проста невымоўнага.

У цэлым верш бачыцца мне справай вельмі інтымнай. Ня ў тым сэнсе, што агаляе падрабязнасьці прыватнага жыцьця і рассакрэчвае ўсе сакрэты — такі погляд якраз-ткі падаецца наіўным. А ў тым, што добры верш — гэта, як правіла, пра тое, дзе табе баліць. Трэба мець мужнасьць, каб гаварыць і не хавацца. У новым зборніку ня ўсё роўна, ня ўсё ладна скроена. Але адназначна, Юля Цімафеева піша сьмелыя вершы. І пакуль так, сьвята існуе і цырку быць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG