Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калегія электараў абрала Трампа прэзыдэнтам


У чым асаблівасьці амэрыканскай сыстэмы абраньня прэзыдэнта? Якое значэньне мае галасаваньне некаторых электараў насуперак большасьці іх штату? Удзельнічаюць: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: Учора калегія электараў пацьвердзіла вынікі выбараў 8 лістапада, прагаласаваўшы за Трампа ва ўсіх штатах, дзе ён атрымаў большасьць галасоў.

Усяго за Трампа было аддадзена 304 галасы, толькі двое электараў-рэспубліканцаў са штату Тэхас не падтрымалі яго. У штаце Вашынгтон 4 электары-дэмакраты прагаласавалі не за Гілары Клінтан, якая там перамагла, а за іншых асобаў. Колькасьць чальцоў калегіі электараў ад штату роўная колькасьці чальцоў ад штату у Сэнаце і палаце прадстаўнікоў. Разам іх 538. Для абраньня прэзыдэнта неабходныя былі 270 галасоў.

Абраньне ў калегіі электараў традыцыйна лічылася ўмоўнасьцю, якая тлумачыцца гістарычнымі асаблівасьцямі амэрыканскай выбарчай сыстэмы. Ніколі гэта не выклікала столькі дыскусій, як гэтым разам. За некалькі дзён да ўчорашняга галасаваньня адбывалася шмат абмеркаваньняў, а ці можа што-небудзь здарыцца 19 сьнежня, ці электары могуць зьмяніць вынікі галасаваньня, паколькі Трамп не падыходзіць высокаму званьню прэзыдэнту ЗША.

Па выніках галасаваньня насельніцтва Гілары Клінтан атрымала на некалькі мільёнаў галасоў больш. Але гэта ня першы раз у амэрыканскай гісторыі. Вынікі галасаваньня электараў ніякіх нечаканасьцяў не паказалі, усяго некалькі чалавек прагаласавалі па-іншаму, чым меліся.

Гэта кажа пра два аспэкты. Перш за ўсё пра магутнасьць традыцыі ў амэрыканскай палітычнай сыстэме. Ледзь ня кожны раз узьнікае пытаньне пра існаваньне гэтай двухпрыступкавай сыстэмы. Але яна замацаваная ў амэрыканскай Канстытуцыі. І каб зьмяніць яе, патрэбная вельмі складаная працэдура, канстытуцыйная большасьць у Палаце прадстаўнікоў і Сэнаце.

І кожны раз, калі амэрыканцы задумляюцца пра неабходнасьць зьменаў, высьвятляецца, што ўсё складана, і яны гэтае пытаньне адкладаюць. Калі нехта прапануе гэтую сыстэму электараў зьмяніць, кожны малы штат адчувае сябе пакрыўджаным, асьцерагаецца, што яго правы як штата прымяншаюцца, калі перайсьці да прамога абраньня прэзыдэнта.

Гэта сыстэма падкрэсьлівае фэдэратыўнасьць ЗША як добраахвотнага аб’яднаньня. Нагадаю, што states па-ангельску ў тым ліку і «дзяржавы». ЗША — Злучаныя Дзяржавы Амэрыкі.

Kожны раз, калі амэрыканцы задумляюцца пра неабходнасьць зьменаў, высьвятляецца, што ўсё складана.

Важная рэч — гэта адказнасьць амэрыканскіх палітыкаў. У мяне прадстаўнікі Белсату бралі камэнтар, ці можа быць, што некаторыя электары прагаласуюць па-іншаму, якія варыянты, хто тады стане прэзыдэнтам? Я казаў, што гэта проста немагчыма, паколькі амэрыканскія палітыкі разумеюць, што калі б электары прагаласавалі ня так, як выбралі іхнія штаты, то гэта было б катастрофай для амэрыканскага палітычнага жыцьця, ледзь не да грамадзянскага супрацьстаяньня.

Галасаваньне паказала гэтую палітычную адказнасьць, якая вышэйшая за ўсе пажаданьні і незадавальненьні. Менавіта стабільнасьць грамадзтва для іх найбольш важная.

Дракахруст: Сапраўды ёсьць рэчы, якія не прапісаныя ў законах. Фармальна кажучы, калі б 40 электараў прагаласавалі па-свойму, а дакладней з тых, хто быў абавязаны галасаваць за Трампа, як прагаласаваў іх штат, прагаласавалі б за Клінтан, прэзыдэнтам была б Клінтан. Бо прэзыдэнта ЗША абірае калегія электараў — гэта кажа Канстытуцыя.

І пры гэтым нават там, дзе ёсьць адказнасьць за няправільнае галасаваньне электара насуперак большасьці свайго штату, уся адказнасьць — гэта 1000 даляраў штрафу. І таму гэта абавязвае, забясьпечвае не закон. Гэта забясьпечвае традыцыя: так не прынята. Хоць варта сказаць, што сёлета электараў, якія прагаласавалі ня так, як яны меліся паводле традыцыі, было 7 чалавек. Гэта вельмі шмат. Мне здаецца, так шмат ніколі не было. Але 7 з 538, зразумела, не паўплывалі на надвор’е, не зьмянілі агульны вэрдыкт.

Роля традыцыі палягае ў тым, што на ёй грунтуецца легітымнасьць.

Роля традыцыі палягае ў тым, што на ёй грунтуецца легітымнасьць. Народ прызвычаіўся, ён ведае, што прэзыдэнта выбірае калегія электараў. Так, камусьці здаецца гэта не зусім справядліва, не зусім правільна. Я зрабіў арытмэтычныя падлікі пэўны час таму: тэарэтычна можа скласьціся так, што з народу толькі чвэрць прагаласуе за аднаго кандыдата, 75% — за іншага, а калегія электараў абярэ таго, за каго аддадзена ўсяго толькі 25%. Так тэарэтычна можа быць.

Але легітымнасьць грунтуецца на інстытутах. Людзі вераць, што ў іх справядлівыя інстытуты. І ўрэшце сёлетняе галасаваньне ў калегіі электараў гэта і паказала.

Карбалевіч: Важна зьвярнуць ўвагу, дзеля чаго ўвогуле быў уведзены такі інстытут, як калегія электараў. Ён быў уведзены ў 1787 годзе. Адзін з бацькоў- заснавальнікаў ЗША Аляксандр Гамільтан тлумачыў яго неабходнасьць, каб быў дадатковы кантроль, фільтар ад усенароднага галасаваньня. Бо тады ў кожным штаце сыстэма выбараў моцна адрозьніваліся. Гамільтан тлумачыў, што электары павінны былі прадухіліць выбраньне прэзыдэнта ад уплыву замежных дзяржаваў і папулістаў ды экстрэмістаў. Гэта такі страховачны мэханізм ад нечаканасьцяў, якія б паставілі пад сумнеў амэрыканскія каштоўнасьці.

З тых часоў прайшло шмат гадоў. Здавалася б, калегія электараў стала рудымэнтам, данінай традыцыі, гістарычным сымбалем і больш нічога. Ну, як ангельская каралева.

Але нечакана выбраньне Дональда Трампа, якое раскалола ЗША, аднавіла да жыцьця гэты інстытут. Бо зьявіліся адразу два чыньнікі, з-за якіх Гамільтан прапаноўваў увядзеньне калегіі электараў: умяшаньне іншай дзяржавы — Расеі — і зьяўленьне кандыдата-папуліста, які разбурыў традыцыйныя правілы вядзеньня палітычнай барацьбы ў ЗША. Стрэльба, якая доўга вісела на сьцяне і, здавалася даўно заржавела, гатовая была выстраліць.

Стрэльба, якая доўга вісела на сьцяне і, здавалася даўно заржавела, гатовая была выстраліць.

Варта заўважыць, што падчас нядаўняй прэсавай канфэрэнцыі Барака Абамы, якую лічаць ягонай апошняй вялікай сустрэчай з журналістамі, ён фактычна, можа не заклікаў, але намякнуў, што электары могуць не галасаваць за Трампа. Гэта беспрэцэдэнтны выпадак.

Аднак усё прайшло спакойна. ЗША ўдалося пазьбегнуць вялікага палітычнага і канстытуцыйнага крызысу.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG