Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Ізраілю просіць не экстрадаваць у Азэрбайджан затрыманага ў Менску блогера Лапшына


Расейска-ізраільскі блогер Аляксандр Лапшын
Расейска-ізраільскі блогер Аляксандр Лапшын

Міністэрства замежных спраў Ізраілю просіць улады Беларусі не экстрадаваць у Азэрбайджан затрыманага ў Менску ізраільскага блогера Аляксандра Лапшына, паведамляе Time of Israel.

Лапшын быў затрыманы ў беларускай сталіцы на мінулым тыдні на запыт Азэрбайджану, які абвінавачвае блогера ў незаконным наведваньні Нагорнага Карабаху. На сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» позна ўвечары 14 сьнежня Лапшын напісаў:

«Мяне толькі што арыштавала міліцыя ў Мінску на запыт Азэрбайджану. Я ў Першамайскім РУУС Менску».

Па зьвестках ізраільскага выданьня Haaretz, Ізраіль па дыпляматычных каналах дамагаецца ад Баку спыненьня крымінальнага перасьледу Лапшына. МЗС Ізраілю «наладзіў асьцярожныя дыпляматычныя кантакты з урадам Азэрбайджану, каб замяць справу ціха».

Са спасылкай на прадстаўніка ізраільскага МЗС выданьне паведамляе, што пасольства Ізраілю ў Мінску афіцыйна зьвярнулася ў беларускае замежнапалітычнае ведамства з просьбай дазволіць сваім дыпляматам сустрэцца з Лапшыным. Ізраільскі МЗС занепакоены тым, што арышт блогера створыць напружанасьць у стасунках паміж Ізраілем і Азэрбайджанам, адзначаецца ў артыкуле.

Haaretz зьвяртае ўвагу на тое, што Лапшын быў затрыманы ў Менску празь дзень пасьля візыту прэм'ер-міністра Ізраілю Біньяміна Нетаньяху ў Баку. «Пакуль няясна, ці ведалі ў Баку, што Лапшын — грамадзянін Ізраілю, калі выдалі ордэр на ягоны арышт. Ва ўсіх афіцыйных заявах Баку ён згадваецца як расейскі або ўкраінскі грамадзянін», — піша выданьне.

У пасольстве Ізраілю ў Мінску БелаПАН пацьвердзілі, што займаюцца справай Лапшына, але ад камэнтароў адмовіліся. Не камэнтуюць сытуацыю і праваахоўныя органы Беларусі.

У расейскай мэдыясфэры Аляксандр Лапшын вядомы як аўтар блогу на сайце радыёстанцыі «Эхо Москвы» і ў іншых выданьнях. Ён таксама вядзе блог вандроўніка на ўкраінскім рэсурсе «Обозреватель».

Адразу пасьля затрыманьня Лапшына ў Менску азэрбайджанскі рэсурс навінаў azeri.today паведамляў, што Лапшын некалькі разоў рабіў ня ўзгодненыя з афіцыйным Баку візыты на тэрыторыю Нагорнага Карабаху, за што і быў уключаны ў чорны сьпіс МЗС Азэрбайджану ў 2011 годзе. Паведамлялася таксама, што ў чэрвені 2015 году Лапшын заехаў у Азэрбайджан праз тэрыторыю Грузіі па ўкраінскім пашпарце. Паводле інфармацыі крыніц выданьня, Лапшын абвешчаны Азэрбайджанам у міжнародны вышук.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG