Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад Чарнобыля да незалежнасьці. Навукоўцы абмяркоўваюць гістарычныя і сучасныя аспэкты катастрофы на ЧАЭС


Апошнія гады пра чарнобыльскую катастрофу ўсё часьцей узгадваюць толькі ў кантэксьце часу, што мінуў ад моманту аварыі на чацьвёртым энэргаблёку атамнай электрастанцыі ва ўкраінскім горадзе Чарнобыль.

Але ёсьць людзі, якія жывуць з гэтаю гісторыяю кожны дзень — тыя, хто пацярпеў ад наступстваў катастрофы, і тыя, хто яе вывучае ў розных аспэктах — ад уплыву на здароўе людзей і навакольле да геапалітычнай сытуацыі.

Чарнобыльская аварыя як каталізатар распаду «чырвонай імпэрыі»

Трыццаць гадоў пасьля чарнобыльскай катастрофы — гэта яшчэ і 25 гадоў ад распаду Савецкага Саюза. Гісторыкі перакананыя, што менавіта гэтая трагедыя стала каталізатарам, мэханізмам крушэньня савецкай імпэрыі. Сваімі меркаваньнямі на гэты конт у Кіеве на міжнароднай навуковай канфэрэнцыі падзяліліся навукоўцы Польшчы, Украіны ды Беларусі.

Міжнародная канферэнцыя ў Кіеве «Чарнобыльская катастрофа ды распад Савецкага Саюзу»
Міжнародная канферэнцыя ў Кіеве «Чарнобыльская катастрофа ды распад Савецкага Саюзу»



Амбасадар Польшчы ва Ўкраіне Ян Пекла кажа, што і па сёньня ня можа забыць дзень аварыі. «Я бачыў, як адзін селянін, калі выганяў карову ў поле, прыкрыў яе коўдрай. Ён думаў, што такім чынам ён уратуе жывёліну ад радыяцыйнага ўплыву, і я гэтага ніколі не забуду. Я мяркую, што чарнобыльская катастрофа была прэлюдыяю, пачаткам падзей, якія завяршыліся распадам Савецкага Саюзу, які Ўладзімер Пуцін зараз спрабуе аднавіць», — сказаў амбасадар Польшчы ва Ўкраіне Ян Пекла.

На думку супрацоўніка Інстытуту палітычных навук Польскай акадэміі навук Конрада Сьвідэра, чарнобыльская катастрофа агаліла няздольнасьць апарату КПСС рэагаваць на праблемы ў маштабах усёй краіны. «Існавала сьцяна паміж партыяю, як карпарацыяю, і краінай. Партыя спрабавала адрэагаваць праз 6 дзён пасьля катастрофы — была створаная камісія, кіраўніцтва шмат часу праводзіла на месцы катастрофы, але нават Гарбачоў казаў, што ва ўладзе было шмат такіх, хто ўцякаў з забруджаных тэрыторый, а дактарам забаранялася расказваць пра наступствы чарнобыльскай катастрофы», — распавядае навуковец.

Конрад Сьвідэр мяркуе, што менавіта чарнобыльская аварыя стварыла сукупнасьць палітычных, эканамічных ды сацыяльных перадумоў, у якіх Савецкі Саюз ужо ня мог існаваць. Усё гэта ўрэшце спрыяла і зьмяншэньню палітычнага ціску СССР на краіны гэтак званага Варшаўскага пагадненьня, у тым ліку на Польшчу. «Чарнобыльская катастрофа стала сымбалем тэхналягічнага заняпаду Савецкага Саюзу, які на той час быў лідэрам у ядзерных тэхналёгіях, а прычынаю аварыі было парушэньне тэхналягічных працэдур. Мы можам таксама казаць і пра пэўныя тэндэнцыі ў мадэрнізацыі, на якую проста ўжо не хапала грошай», — падкрэсьліў ён.

Конрад Сьвідэр, супрацоўнік Інстытуту палітычных навук Польскай акадэміі навук
Конрад Сьвідэр, супрацоўнік Інстытуту палітычных навук Польскай акадэміі навук

Паводле навукоўца, у гэты пэрыяд адбыўся крах галоўных савецкіх праектаў, у тым ліку галоснасьці і антыалькагольнай кампаніі. «У Кіеве, напрыклад, пасьля чарнобыльскай аварыі пачалі казаць, што алькаголь — віно і гарэлка — могуць нэўтралізаваць наступствы радыяцыі. Апроч таго, мы бачым паслабленьне сувязяў паміж рэспублікамі. Што датычыць эканамічнай сфэры, то Гарбачоў празь некалькі гадоў сам казаў, што чарнобыльская катастрофа перашкодзіла ягоным плянам наконт гонкі ўзбраеньняў, бо ліквідацыя наступстваў катастрофы патрабавала вельмі шмат», — канстатуе Конрад Сьвідэр.

«Мы ведаем, што навукоўцы выдзяляюць чарнобыльскую катастрофу, як адну з асноўных прычын развалу Савецкага Саюза, але, я думаю, гэта сацыяльная важнасьць для ўсіх трох славянскіх народаў, як жыць і выжываць далей, і наагул — што з гэтым рабіць, бо на той час уплыў радыяцыі быў не надта вывучаны ў навуковых крыніцах», — дадае супрацоўнік Кіеўскага нацыянальнага ўнівэрсытэту імя Тараса Шаўчэнкі Максім Сытныцкі.

Як і Беларусь, Украіна сутыкнулася з праблемаю кадравай дэградацыі савецкай палітычнай эліты. «Інфармацыйная ізаляванасьць, высокі ўзровень бюракратызму, палітычная цэнзура КДБ, пасьпешнасьць у прыняцьці рашэньняў, эканамічныя абмежаваньні, нізкая якасьць прадукцыі, закрыцьцё крыніц атрыманьня тэхналёгій, неінфармаванасьць грамадзтва, вар’яцкая эксплёатацыя працы, непрапарцыйнае спажываньне ўнутранага прадукту невытворчымі сфэрамі — цэнтральны апарат, армія, КДБ», — канстатуе ўкраінскі навуковец.

Ці не паўтарае Беларусь памылкі савецкай улады

Прадстаўніца Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Кацярына Крывічаніна кажа, што беларускія ўлады зьмянілі канцэпцыю па пераадоленьні наступстваў чарнобыльскай катастрофы пад уплывам замежнай дапамогі.

Выступае прадстаўніца Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Кацярына Крывічаніна
Выступае прадстаўніца Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Кацярына Крывічаніна

«Напрыклад, вяртаньне зямель у сельскагаспадарчы ўжытак пачалося яшчэ ў 1996 годзе. Нямеччына правяла вымяральную праграму, пра якую дамаўляліся яшчэ ў савецкі час, а пасьля Рэспубліка Беларусь запрасіла і прадставіла магчымасьці для яе правядзеньня. І на аснове гэтай вымяральнай праграмы рэалізуецца новая канцэпцыя. Чарнобыльская катастрофа ў многім падзяліла навуковую грамадзкасьць. Адны дасьледчыкі гавораць пра калясальныя маштабы катастрофы, а іншыя — што гэта раздутая зьява і насамрэч яе маштабы значна меншыя. Зразумела, што ў такой сытуацыі дзяржава прымае меры, якія зьніжаюць ціск на яе бюджэт. Беларусь на пачатку 90-х выдаткоўвала вялікія сродкі на ліквідацыю, на перасяленьне, на не заўсёды эфэктыўныя меры, і таму трэба было шукаць выйсьце, як гэтыя выдаткі скараціць. Такім чынам была прынятая новая праграма і вымяральная праграма Нямеччыны гэтаму дапамагла», — распавядае беларускі гісторык.

Кацярына Крывічаніна адзначае, што чалавецтва не заўсёды ўлічвае ўрокі мінулага. «Мы зараз будуем АЭС, і запрашаем тых жа экспэртаў Міжнароднага агенцтва па атамнай энэргетыцы, якія прыяжджаюць да нас, праводзяць экспэртызы і часта гэтыя экспэрты прадстаўляюць расейскія энэргетычныя структуры, якія калісьці — у 1989, 1990 і пазьней абвяргалі наступствы аварыі для здароўя людзей. Толькі на пачатку 2000 гадоў на вядомым чарнобыльскім форуме яны вымушаныя былі прызнаць сувязь радыяцыі з павелічэньнем анкалягічных захворваньняў шчытападобнай залозы ў дзяцей», — распавядае навуковец.

Інфармацыя пра Чарнобыль паступова зьнікае

Вольга Іванова, дацэнт кафэдры крыніцазнаўства гістарычнага факультэту БДУ, займаецца аналізам сьведчаньняў перасяленцаў і ліквідатараў аварыі. «Чарнобыльская катастрофа яшчэ не да канца перажытая і вельмі балючая траўма, што часам перашкаджае сьведкам апавядаць і выклікае сьлёзы. Інфармацыя пра Чарнобыль паступова зьнікае, а для значнай часткі сучасных школьнікаў словазлучэньне „чарнобыльская катастрофа“ не напоўненая зьместам», — кажа яна.

Вольга Іванова, дацэнт кафэдры крыніцазнаўства гістарычнага факультэту БДУ
Вольга Іванова, дацэнт кафэдры крыніцазнаўства гістарычнага факультэту БДУ

Ці ёсьць замоўчваньне інфармацыі мэтанакіраванаю дзяржаўнаю палітыкаю? Або гэтая тэма стала проста нецікавай для грамадзтва?

«Я думаю, што ўсё ж такі тут дзеюць найперш эканамічныя чыньнікі. Таму што, калі гэтая праблема актуалізуецца і пра яе кажуць, то яна адразу перамяшчаецца ў катэгорыю сацыяльнай дапамогі — патрэбныя кампэнсацыя, падтрымка на здароўе і гэтак далей. Шмат хто распавядае, што іх захворваньні дагэтуль не зьвязваюць з Чарнобылем, то бок гэта афіцыйная пазыцыя, бо гэта цягне за сабой нейкую падтрымку дзяржавы. Гэта такое скарачэньне сацыяльных выдаткаў. Але як для гісторыка для мяне вельмі важная праблема памяці. Калі мы зараз не захаваем крыніцы, аповеды сьведак чарнобыльскай катастрофы, то як мы будзем увогуле гэтую гісторыю вывучаць, тым больш, што яна вельмі супярэчлівая», — рэзюмуе Вольга Іванова.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG