У Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі пачала дзейнічаць выстава жывапісу і графікі беларускіх мастакоў віленскай школы — Міхася Сеўрука і Пётры Сергіевіча. Экспазыцыя з прыватных збораў 17 айчынных калекцыянэраў налічвае 150 твораў.
Можна ўбачыць невядомыя і малавядомыя работы мастакоў, прадстаўнікоў плеяды, выхадцаў зь віленскай школы.
«Вялікі ўплыў на беларускае мастацтва зрабілі Маскоўская і Пецярбурская школы. Таму Сеўрук і Сергіевіч, якія навучаліся ў Вільні, маюць свой адметны і непаўторны стыль. Пётра Сергіевіч пачаў пісаць нашу гісторыю. У прыватнасьці, Кастуся Каліноўскага, які і стаў героем яго шматлікіх этудаў. Таксама мастак стварыў свой тып беларуса, намаляваў усіх сялян сваёй роднай вёскі. Для Сергіевіча было важна, што ён беларус, а не расеец ці яшчэ хтосьці. Міхась Сеўрук імкнуўся да адраджэньня, ён тыповы прадстаўнік прыгажосьці і духоўнасьці. Да таго ж у яго быў талент, які зрабіў Сеўрука адным з самых лепшых мастакоў Эўропы. Міхась вельмі тонка адчувае Беларусь, свой родны Нясьвіж. Любоў да роднага краю відаць у ягоных работах», — расказаў жывапісец і калекцыянэр Ігар Бархаткоў.
Міхась Сеўрук вучыўся ў Нясьвіскай гімназіі і Віленскім унівэрсытэце імя Стэфана Баторыя. Пасьля вяртаньня на радзіму выкладаў маляваньне і чарчэньне ў школах і быў мастацкім кіраўніком студыі пры гарадзкім клюбе ў Нясьвіжы. Адзін зь яго вучняў, Леў Гумілеўскі, расказаў, што славутага выкладчыка памятае як цудоўнага і культурнага чалавека, які трымаў дысцыпліну на сваіх занятках.
Творы Міхася Сеўрука і Пётры Сергіевіча адкрылі беларусам мастакі-актывісты Кулік, Марачкін, Купава, Крукоўскі, Маркавец ды Гаранская. Менавіта гэтая суполка, па аповедах жывапісца Ігара Бархаткова, езьдзіла ў 70-я гады ў Вільню, каб пазнаёміцца зь Сергіевічам ды прапанаваць яму выставу ў Менску.
«Сергіевіч вельмі бедна жыў у Вільні. Мастакі, што прыехалі да яго з Беларусі, забралі з сабой шмат яго этудаў на палатне ды кардоне, каб прадаць іх пісьменьнікам у Беларусі. У нас работамі мастака сапраўды зацікавіліся», — апавёў Ігар Бархаткоў.
На карцінах Сергіевіча з адваротнага боку можна пабачыць і почырк мастака. Пётра занатоўваў кароткія гісторыі са свайго жыцьця, якія маляваў. Так, да этуду «На панскім полі» прыкладаецца апісаньне: «Давялося аўтару гэтага этуду ў дзіцячыя гады сабіраць каласкі пасьля жніва на панскім полі, адкуль наляцеў эканом з маёнтку і, дагнаўшы, зьбіў бізуном аўтара гэтага этуду».
Папярэдняя выстава, прысьвечаная мастацтву Заходняй Беларусі, адбылася ў 2008 годзе ў Музэі старажытнай беларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук у Менску. Тады выставілі 178 работ.