Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму абарваўся раман беларускіх мастакоў з уладай?


Мікалай Апіёк. Шчыт Айчыны — 2004
Мікалай Апіёк. Шчыт Айчыны — 2004

Кажуць, што той, хто мае грошы, той і замаўляе музыку. А яшчэ і той, хто мае ўладу. Паводле гэтай праверанай часам мудрасьці і складваліся стасункі мастака і ўлады. Але за часы Аляксандра Лукашэнкі раман беларускіх мастакоў з уладамі нечакана абарваўся. Працяг гутаркі з мастацтвазнаўцам, выкладчыкам Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Сяргеем Харэўскім.

Сяргей Харэўскі ў студыі Радыё Свабода
Сяргей Харэўскі ў студыі Радыё Свабода

— У канцы ХVIII стагодзьдзя беларускія землі ўвайшлі ў склад Расейскай імпэрыі. Ці часта беларускія мастакі шукалі ласкі ў расейскіх цароў?

— Часта. У ХІХ стагодзьдзі, калі былі закрытыя нашы вышэйшыя мастацкія школы ў Полацку і Вільні, Пецярбург стаў на доўгія гады адзіным магчымым месцам, дзе можна было зрабіць прафэсійную карʼеру. І некаторыя вельмі высока забіраліся. Паказальны тут лёс Нікадзіма Сілівановіча — мастака, які нарадзіўся ў вёсцы Цынцавічы, пад Вілейкаю, у шматдзетнай каталіцкай сямʼі. Скончыўшы вучылішча ў Маладэчне, дзякуючы дабрачыннасьці тамтэйшага абшарніка здолеў паехаць на вучобу ў Пецярбург, дзе скончыў Акадэмію мастацтваў. Стаў выдатным майстрам мазаічнага мастацтва, чые творы экспанаваліся і за межамі Расеі. У 1870-х гадох Сілівановіч прымаў удзел у аздабленьні Ісакіеўскага сабору, царквы Спаса на Крыві ў Пецярбургу, маўзалею князя Пажарскага ў Суздалі, пахавальні Шувалавых у Вісбадэне. За стварэньне сапраўды шэдэўральных мазаік Іскаіеўскага сабору ў 1876 годзе Сілівановіч атрымаў званьне акадэміка. А затым далі і ордэн Сьвятога Станіслава (цывільны ордэн у Рэчы Паспалітай, уведзены Станіславам Аўгустам у 1765 годзе. У 1815 годзе расейскі цар Аляксандар І захаваў ордэн у якасьці ўзнагароды для ўраджэнцаў былой Рэчы Паспалітай. Нарэшце, ён атрымаў ад імпэратарскага двара самую высокую ў Акадэміі мастацтваў пэнсію: 1468 рублёў 20 капеек за год! Улады годна ацанілі ягоны талент! Жыцьцё склалася як найлепей дзякуючы набліжанасьці і ляяльнасьці да ўладаў.

Нікадзім Сілівановіч. Аўтапартрэт
Нікадзім Сілівановіч. Аўтапартрэт

— А на радзіме, у Беларусі, яго мала хто сёньня ведае...

— На жаль, так. Гэта адваротны бок мэдалю. Паколькі ён быў адданым служкам царызму, а ягоныя шэдэўры — спрэс рэлігійныя, таму пра іх у БССР не гаварылі. Рэшту жыцьця ён шчасьліва правёў у Літве, у коле сямʼі, аздабляючы тамтэйшыя касьцёлы, напісаўшы дзясяткі каталіцкіх абразоў. Там, у Літве, засталася і большая частка ягонай спадчыны, там Сілівановіча лічаць літоўскім мастаком-дэмакратам. Што праўда, на роднай Вілейшчыне яго цяпер таксама шануюць, згадваюць усё часьцей. А вось у Расеі ягонае імя, бадай, ужо нікому нічога ня скажа. Відавочна, што раман з чужой расейскай уладаю меў для яго калясальны плён пры жыцьці, але скончыўся амаль поўным забыцьцём сёньня.

— Цяжка дакараць таленавітага мастака за тое, што ён хацеў быць шчасьлівым, прызнаным і багатым пры жыцьці. Хіба маглі быць іншыя варыянты?

Генрых Дмахоўскі
Генрых Дмахоўскі

— Для дзясяткаў землякоў, аднагодкаў Сілівановіча варыянтам было нацыянальна-вызвольнае паўстаньне. У баі з карнікамі загінуў Генрых Дмахоўскі, які знарок вярнуўся з Амэрыкі, дзе быў вядомым скульптарам і ў пэўным сэнсе таксама працаваў на ўладу — стварыў для будынка Кангрэсу ЗША бюсты Вашынгтона, Джэфэрсана, Франкліна і Касьцюшкі. І мог бы там таксама грэцца ў зьзяньні славы, але ён ачоліў партызанскі атрад, каб біцца за свабоду і загінуць у баі пад Докшыцамі. Выдатны мастак Казімер Альхімовіч за ўдзел у паўстаньні адбываў выгнаньне на Ўрале. А дзясяткі іншых вымушаныя былі эміграваць.

Партрэт Казіміра Альхімовіча. Мастак — Тадэвуш Айдукевіч
Партрэт Казіміра Альхімовіча. Мастак — Тадэвуш Айдукевіч

— Значыць, заставацца прыстойным чалавекам, падтрымліваючы сувязі з уладаю, нерэальна? А ўвогуле ў тым самым ХІХ стагодзьдзі ў некага так атрымлівалася?

— Напрыклад, Фэрдынанд Рушчыц, палымяны патрыёт нашага краю, ніколі не цураўся стасункаў з уладамі. Ён быў ляяльны і да царскіх чыноўнікаў, што дапамагала яму ў вырашэньні розных спраў. Так, напрыклад, ён скарыстаўся сваімі сувязямі, каб дапамагчы сябру, фотамастаку Яну Булгаку, перабрацца зь вёскі ў Вільню. У віленскай кватэры Рушчыца зьбiраўся незвычайны салён — квецень вiленскай культуры, прыдзірліва адабраная самiм гаспадаром. Падчас адной з тых вечарын Ян Булгак атрымаў замову ад гарадзкога галавы Вiльнi Мiхала Вэнслаўскага стварыць поўны «гарадзкi фотаархiў». Рушчыц на ранiцу ня толькi нагадаў Вэнслаўскаму аб прапазыцыi, але й здолеў упэўнiць урад Вiльнi ў пiльнай неабходнасьцi добра фундаваць унiкальны праект. Булгак напiсаў пра гэта:

«... Гарадзкая ўправа, нягледзячы на расейскiя строi, была наогул чыста тутэйшаю... Той самы задуманы ёю „Городской фотографический архив“ быў складзены ўручную. Я мусiў для іх, з кансультацыямi Рушчыца, iнвэнтарызаваць усе помнiкi вiленскае архiтэктуры пры дапамозе шэрагаў здымкаў агульных i фрагмэнтарных i ствараць зь iх альбомы..».

Дарэчы сказаць, Рушчыц у 1919 годзе заняў выразна польскі патрыятычны бок, і ягоныя стасункі з уладамі ў міжваенны час таксама складаліся найлепшым чынам. Ягоная біяграфія нам вядомая да дробязяў.

Фэрдынанд Рушчыц
Фэрдынанд Рушчыц

— А біяграфіі мастакоў у БССР нам добра вядомыя?

— Беларускія ж біяграфіі ХХ стагодзьдзя заблытаныя й захутаныя смугою недагаворак, намёкаў, інтэрпрэтацыяў. Мастакі імкнуліся ў суплёце палітычных рэаліяў як мага глыбей зашыфраваць свой сьветагляд. А то й папросту ўтаіць акалічнасьці сваіх біяграфіяў. Няма ў беларускіх энцыкляпэдыях зьвестак і пра багата якіх іншых мастакоў, што палеглі ахвярамі тэрору яшчэ перад вайною. На пачатку 1930-х гадоў былі арыштаваныя Ібрагім Гембіцкі, Міхась Філіповіч, Міхал Станюта. Былі расстраляныя Раман Семашкевіч, Яўхім Мінін, Хрыстафор Даркевіч...

— Вядома, што адбывалася ў гады сталінізму. А пасьля Сталіна як складваліся стасункі беларускіх мастакоў з уладаю?

— Існавалі жорсткія ідэалягічныя правілы, але не было адкрытага прымусу. За мастакамі пакідалі выбар тэм: можна было, напрыклад, маляваць адно краявіды. Гэтым шляхам пайшлі пасьля вайны Вітольд Бялыніцкі-Біруля, Павал Масьленікаў, Віталь Цьвірка. Сышла ў нябыт сыстэма фізычных распраў над творцамі і была заменена сыстэмаю ізаляцыі «нядобранадзейных» твораў. За эрзацам масавай прапаганды праз прэсу, выставы й дзяржзакупы добра прыхоўвалася тое, што не адпавядала канонам сацрэалізму. Творцаў тае эпохі, да 1990-х гадоў, можна ўмоўна падзяліць на тры катэгорыі. Найперш гэта канфармісты, якія шчыра абслугоўвалі савецкую ідэалёгію, ствараючы «сацыялістычныя паводле зьместу» творы. Сьпіс іхных імёнаў амаль бясконцы. Дапусьцім, што да канфармістаў належала блізу паловы мастакоў БССР. Яскравым прыкладам ёсьць тут постаць Міхала Савіцкага, аўтара соцень твораў, што апявалі савецкую рэчаіснасьць ды ейных стваральнікаў. Ніводзін зь беларускіх мастакоў не дасягнуў гэткіх вышыняў і зіхоткага зьзяньня дзяржаўных рэгаліяў. Адно званьне народнага мастака СССР чаго вартае...

Міхаіл Савіцкі
Міхаіл Савіцкі

— Але ж былі і гэтак званыя нацыянальныя рамантыкі...

— Гэта, паводле маёй клясыфікацыі, і ёсьць другая плынь у беларускім паваенным мастацтве. Іх яшчэ беспадстаўна называюць «этнаграфістамі». Гэта кола мастакоў, якія літаральна разумелі сваю задачу стварэньня мастацтва «нацыянальнага паводле формы». У першую чаргу тут варта назваць Яўгена Куліка. Калегі, паплечнікі й сябры з кола Куліка прыцягнулі ў культурны ўжытак багата новых сюжэтаў і вярнулі зь нябыту старыя. І ў гэтых экспэрымэнтах бралі чынны ўдзел Аляксей Марачкін, Віктар Маркавец, Уладзімер і Міхась Басалыгі, Мікола Купава, Уладзімер Крукоўскі ды іншыя. Гэтак вынаходзілася арыгінальная плястычная мова, якой прамаўляла жывая беларушчына. За Куліком і мастакамі з кола ягоных паплечнікаў замацаваўся вобраз «нацыяналістаў».

Партрэт Яўгена Куліка. Аўтар — Леанід Шчамялёў
Партрэт Яўгена Куліка. Аўтар — Леанід Шчамялёў

— І трэцяя плынь, як я разумею, гэта творцы, якія былі ў апазыцыі да ўлады.

— Гэта ўласна андэрграўнд: цалкам нонканфармісцкая плынь, у віры якой вырашалі адно мастацкія задачы, не зважаючы на іхнае гучаньне ў сацыялістычным грамадзтве. Гэтая плынь несупынна нарастала да канца ХХ стагодзьдзя. У ёй сфармаваліся такія групоўкі, як «Няміга 17», віцебскі «Квадрат». На сумежжы ХХ і ХХІ стагодзьдзяў мастакоў, што выйшлі з паўценю андэрграўнду, можна было палічыць дзясяткамі. Перадусім тут варта згадаць патрыярха беларускага андэрграўнду Ізраіля Басава, чыё жыцьцё й творчасьць адначасна ёсьць і выключэньнем, і красамоўным прыкладам. З часам мастакі шляхам канвэргенцыі, нацяжак «канфармізм-нонканфармізм» адстаялі для сябе пэўную прастору, у якой пакінулі за сабою свабоду выяўленьня. Такія творы, як «Купалінкі» Анатоля Анікейчыка, «Сьвята ў Докшыцах» Віктара Маркаўца ці «Казачны калейдаскоп» Міколы Селешчука, выразна сьведчаць, што таталітарызм ня ў стане доўга трымаць у межах сваіх правілаў жывы творчы працэс.

Новая Атлянтыда

Новая Атлянтыда

Легендарная "Беларуская Атлянтыда" вяртаецца. Актуальныя гутаркі пра беларускую эўрапейскасьць учора і заўтра. Вядучы Вячаслаў Ракіцкі.

— І ўсё ж сыстэма дзяржаўных замоваў у сучаснай Беларусі існуе. Што сёньня замаўляе мастакам дзяржава?

— Дзяржава ўжо даўно нічога не замаўляе! Мой сябра, вядомы вітражыст і жывапісец Васіль Матусевіч зьвярнуў увагу, што гэта проста не па-гаспадарску. Дяржава ўклала ў нашу адукацыю велізарныя сродкі. У Беларусі жывуць тысячы людзей з прафэсійнай мастацкай адукацыяй, але ўлады ніякім чынам іх не прыцягваюць нават для сваіх патрэбаў, не даюць дзяржаўных афіцыйных замоваў.

— Ці часта беларускія мастакі малююць сёньня кіраўніка дзяржавы? Мо ўжо нават існуе, так бы мовіць, лукашэнканіяна?

— Нам жа цікава вось што: калі не лічыць незьлічоных карыкатур, на палотны сучасьнікаў Лукашэнка трапляе на дзіва ня часта. Адну з самых вядомых карцін з «удзелам» Аляксандра Рыгоравіча як галоўнакамандуючага — трыптых «Шчыт Айчыны — 2004» — напісаў беларускі мастак Мікалай Апіёк, які кіраваў студыяй вайсковых мастакоў у Менску. Ня менш вядомы і «Габэлен стагодзьдзя» Аляксандра Кішчанкі, прызнаны ў Беларусі гісторыка-культурнай каштоўнасьцю і нават занесены ў кнігу рэкордаў Гінэса, дзе Лукашэнка намаляваны зь німбам сьвятога. Вось толькі цяжка сказаць, дзе гэты габэлен захоўваецца і чаму не выстаўляецца? Манумэнтальны габэлен — не адзіны выпадак у гісторыі мастацтва, калі вобраз Аляксандра Рыгоравіча выкарыстоўваўся пры стварэньні твораў сакральнага характару. Так, хэдлайнер беларускага авангарду Алесь Пушкін, расьпісваючы царкву ў Бабры Крупскага раёну, таксама адлюстраваў знаёмыя рысы, але зьмясьціў іх чамусьці ў тым месцы, дзе ў царкве звычайна малююцца жахі пекла і ягоныя нядобрыя насельнікі. Пасьля гэтага царква дзіўным чынам згарэла разам з тым росьпісам. Ураджэнец Менску Дзяніс Лапацін, які пражывае сёньня ў Расеі, убачыў Аляксандра Рыгоравіча ў гераічным разрэзе — гэткім звышчалавекам. Не зусім ясна, ці гэта сатыра, ці такая дзіўнаватая камплімэнтарнасьць... Рэзананс выклікаў партрэт, зроблены расейскім майстрам Нікасам Сафронавым у выглядзе зухаватага пэрсанажу эпохі Рэнэсансу, гэткага Скарыны Піцерскага. Дарэчы, сьлед таго партрэта, што былі выставілі ў Берасьці, недзе згубіўся... Не прыдаўся той партрэцік! Гламурны саматужнік Сафронаў схібіў, спадзеючыся зарабіць у краіне бяз гумару. Ёсьць, вядома ж, і тыя, хто праяўляе шчырае захапленьне ўладамі, ад душы! Напрыклад, яшчэ адзін гадаванец Менскай мастацкай вучэльні Кірыла Мельнік піша для душы патрэт Лукашэнкі! Але твор нікому не спатрэбіўся.

Партрэт Аляксандра Лукашэнкі. Кірыла Мельнік
Партрэт Аляксандра Лукашэнкі. Кірыла Мельнік

Таксама Аляксей Панцюк-Жукоўскі, шаноўны выкладчык славутага каледжу імя Ахрэмчыка, моцна зьдзівіў сваім трыптыхам «На скрыжаваньні стагодзьдзяў», дзе намаляваў Міндоўга, Машэрава, бацьку і сына Лукашэнкаў... Таксама працу зьнялі проста з выставы і дзесьці схавалі.

— Чаму за два дзесяцігодзьдзі кіраваньня краінай Аляксандрам Лукашэнкам беларускія мастакі так мала яго малявалі? Чаму, па вялікім рахунку, не атрымаўся іхны раман зь цяперашняй уладаю? І больш за тое, чаму абарваўся ўвогуле раман мастакоў і ўлады, які доўжыўся стагодзьдзямі?

— Сапраўды, за гэты час, як той казаў, кот наплакаў тых партрэтаў Лукашэнкі, а пра драбнейшае чынавенства і гаварыць не выпадае. Думаю, улада, упершыню за ўсю гісторыю адмовіўшыся ад супрацы з мастакамі, зрабіла вялікую памылку, нічым не расквеціўшы сябе, не надаўшы сваёй эпосе хоць трохі мастацкасьці. Затое творцы ў нас сталі ў гэтым сэнсе вольнымі. Яны не зьвязаныя аніякімі абавязацельствамі. Ня маючы нават лапіка для сэрвільнага мастацтва, мастакі разышліся хто куды, ідуць сваімі сьцежкамі. А адным з самых яскравых сымбаляў нашага часу так і застанецца партрэт-шарж, адзін зь першых мастацкіх вобразаў Лукашэнкі — «Піцьцё гарбаты», што стварыў і растыражаваў Артур Клінаў.

Артур Клінаў. Піцьцё гарбаты
Артур Клінаў. Піцьцё гарбаты

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG