Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму скарачаюцца валютныя паступленьні ў Беларусь


Удзельнічаюць: Дзьмітры Гурневіч, Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч.

Карбалевіч: Паводле дадзеных Нацыянальнага банку, валютныя паступленьні Беларусі ў студзені-кастрычніку 2016 года зьнізіліся на 13,2% у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага года. У фізычным выражэньні зьніжэньне склала 3,6 млрд даляраў.

Галоўная прычына зьмяншэньня паступленьня валюты тлумачыцца скарачэньнем экспарту. Асноўны адмоўны ўплыў на дынаміку валютнай выручкі Беларусі аказала зьніжэньне (у грашовым выразе) экспарту беларускіх нафтапрадуктаў, нафты і калійных угнаеньняў. Экспарт тавараў і паслуг, і як вынік валютная выручка Беларусі, зьніжаюцца ўжо чацьвёрты год запар.

Дзейнічаюць і іншыя нэгатыўныя для фінансавай сыстэмы краіны чыньнікі. У лістападзе адток валюты з банкаўскіх дэпазытаў фізычных асобаў склаў 68 млн даляраў ці 1%.

Таксама, паводле інфармацыі Нацбанку, ужо чацьвёрты месяц запар зьніжаецца чысты продаж валюты з боку насельніцтва. Напрыклад, калі ў жніўні розьніца паміж купляй і продажам валюты склала 282 мільёнаў даляраў, то ў верасьні — 262 млн, у кастрычніку — 205 млн. У лістападзе, паводле апошніх зьвестак, беларусы прадалі больш чым купілі толькі на 159 млн даляраў.

Зь 2015 году ў Беларусі стала больш закрывацца, чым адчыняцца, арганізацый з замежным капіталам.

Але бяда не прыходзіць адна. Усе гэтыя чыньнікі ня мелі б такіх наступстваў, калі б у краіну ішлі замежныя інвэстыцыі. Але ўсё як раз наадварот. Вось аўтар апошніх гучных заяваў былы памочнік прэзыдэнта, а цяпер амбасадар Беларусі ў Кітаі, доктар эканамічных навук Кірыл Руды ў артыкуле ў «Банкаўскім весьніку» прыйшоў да высновы, што з 2015 году адбываецца адток замежных інвэстыцыяй зь Беларусі. Руды адзначае, што зь 2015 году ў Беларусі стала больш закрывацца, чым адчыняцца, арганізацый з замежным капіталам. Пры гэтым колькасьць арганізацый з замежнымі інвэстыцыямі ў першым квартале 2016 года ў параўнаньні з 2015 годам скарацілася ва ўсіх рэгіёнах Беларусі, што кажа аб наяўнасьці сыстэмных прычын, адзначае ён. Бо дрэнны інвэстыцыйны клімат, плюс крызыс, скарачэньне плацежаздольнага попыту насельніцтва.

І гэта яшчэ ня ўсё. У сытуацыі дэфіцыту валюты краіну маглі б выратаваць замежныя крэдыты. Але Эўразійскі банк стабілізацыі і разьвіцьця ня выдаў чарговы транш Беларусі, які чакаўся яшчэ восеньню. Вось дырэктар праектнай групы па фінансавых крэдытах гэтага фонду Алішэр Мірзоеў у інтэрвію БелаПАН распавёў, што рашэньне аб трэцім траншы крэдыту для Беларусі можа быць прынятае не раней за пачатак наступнага года. І то, пры пэўных умовах. Напрыклад, фонд нэгатыўна ацэньвае заданьне Лукашэнкі давесьці сярэдні заробак наступным годам да 500 даляраў.

Расея не гатова аднавіць ранейшыя абʼёмы паставак нафты ў Беларусь.

І ўсё гэта на тле канфлікту з Расеяй, які працягваецца, канца яму ня бачна. А гэта азначае, што пакуль Расея не гатова аднавіць ранейшыя абʼёмы паставак нафты ў Беларусь. З усімі нэгатыўнымі наступствамі ад гэтага.

Дэфіцыт валюты можа выклікаць шмат нэгатыўных наступстваў для краіны. Адно зь іх — гэта магчымая дэвальвацыя. То бок, Беларусь уступае ў новы год з шэрагам вялізных праблем у эканоміцы.

Гурневіч: 2016 год стаў драматычным для беларускай эканомікі. Падзеньне цэнаў на нафту моцна адбілася на яе кандыцыі. Беларускі экспарт нафтапрадуктаў ужо ў першым квартале 2016 года ў колькасным выражэньні быў на ўзроўні аналягічнага пэрыяду мінулага года, аднак у вартасным выражэньні зьменшыўся на 35,8% у сувязі з падзеньнем цэн на нафту. Тое самае і з экспартным беларускім гітом — калійнымі ўгнаеньнямі. І гэта можа стаць тэндэнцыяй, бо напрыклад кітайцы, якія традыцыйна куплялі нашыя ўгнаеньні, знайшлі велізарныя радовішчы ва ўласнай краіне.

Дадам яшчэ адну лічбу. Паводле дадзеных Белстату, таваразварот Беларусі з краінамі Эўразьвязу ў студзені—верасьні 2016 года скараціўся ў параўнаньні з аналягічным леташнім пэрыядам на 23,5% і склаў 8 млрд 380,9 млн даляраў.

Пасьля скарачэньня расейскага рынку Беларусь тэрмінова шукае новыя рынкі.

Пасьля скарачэньня расейскага рынку Беларусь тэрмінова шукае новыя рынкі. У краінах СНД зрабіць гэта ня вельмі атрымліваецца. У студзені-верасьні гэтага году экспарт туды вырас нязначна — усяго на 2% і дасягнуў 15, 4%. З Расеяй гэты рост таксама нязначны.

Сёлета ў лістападзе па рашэньні ўраду быў створаны праектны офіс па разьвіцьці экспарту. Паводле распараджэньня ўрада, праектнаму офісу «даручана выпрацоўваць прапановы па павелічэньні ўзаемнага тавараабароту Беларусі і Расеі, а таксама стымуляваньні экспарту ў трэція краіны». Пра вынікі казаць яшчэ заўчасна. Я ўчора паглядзеў інтэрвію віцэ-міністра сельскай гаспадаркі Ігара Брыло аднаму зь дзяржаўных тэлеканалаў. Чыноўнік распавядаў, як прадузята ставяцца расейцы да беларускай прадукцыі, робяць з памылкамі тэсты і прызнаюць беларускія тавары неадпаведнымі з расейскімі нормамі. Брыло нават заявіў, што Расея гэта адзіная краіна, якая мае прэтэнзіі да беларускіх тавараў. Я не ўяўляю, як у такой атмасфэры паміж краінамі можна павялічыць таваразварот. Ігар Брыло казаў, што беларускія тавары пачалі пастаўляцца на рынкі Заходняй Эўропы і Блізкага Ўсходу. Але гэта, як кажуць, яшчэ доўгая песьня, каб бюджэт адчуў сурʼёзны валютны прыплыў ад гэтага продажу.

Дракахруст: Да гэтых чыньнікаў я дадаў бы яшчэ некалькі. Па-першае тое, што экспарт на Захад не расьце істотна. Уся гэтая палітыка нармалізацыі стасункаў з Захадам, збліжэньня, прынамсі ў эканамічнай сфэры не дае вынікаў і нейкага плёну. На гэта тэарэтычна можна было б спадзявацца ў такім сэнсе, што маўляў для беларускіх уладаў стаўленьне заходніх урадаў стала больш спрыяльным, адпаведна і заходні бізнэс атрымлівае нейкія імпульсы і гэта магло б крыху пашырыць прысутнасьць заходняга бізнэсу, інвэстыцый, пра якія пісаў спадар Руды, але, як бачым, гэтага не адбылося. Таксама бачым, што не адбываецца структурных зьменаў. Той жа крэдыт МВФ, доўгачаканы, але яго дагэтуль няма.

Як дамоклаў меч вісеў доўг перад Газпромам, які Беларусь урэшце прызнала.

Вы ўжо сказалі, але Расея істотна з гэтага лета скараціла пастаўкі нафты. Прамы вынік гэтага — зьніжэньне продажу нафтапрадуктаў. З газавымі цэнамі ўвесь час была такая парадаксальная сытуацыя: з аднаго боку Беларусь плаціла па нейкіх сваіх цэнах, з другога як дамоклаў меч вісеў доўг перад Газпромам, які Беларусь урэшце прызнала і грошы за гэта, здаецца, заплаціла.

У міжнароднай каньюнктуры, у тым ліку і на расейскім рынку, вось такая няпэўная сытуацыя ніяк не спрыяла. На газавых цэнах насамрэч збудавана ўся сыстэма цэнаў на беларускія тавары. Таму што цана на газ уключана ў цану тавару. Вось гэтая няпэўнасьць гнала цану на беларускія тавары ўверх. Гэта адбывалася і на збыце, які быў усё меншым і меншым. І вось гэты нафта-газавы крызыс, які цягнуўся фактычна ўвесь год, быў адным з чыньнікаў таго, што валютныя паступленьні ў Беларусь увесь час зьніжаліся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG